Общество

Стэфановіч з-за кратаў: «Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс»

Пра што распавядае ў лістах жонцы Валянцін Стэфановіч, піша Вясна.

Праваабаронцу ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1 ужо два з паловай месяцы. Яго, як і старшыню ПЦ «Вясна» Алеся Бяляцкага і юрыста Уладзя Лабковіча, абвінавачваюць ва ўхіленне ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса) і арганізацыі і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).

У траіх затрыманых 14 ліпеня вясноўцаў назіраюцца праблемы з ліставаннем, але некаторыя весткі ўсё ж такі даходзяць да блізкіх. Жонка Валянціна Стэфановіча Аліна атрымала ўчора адразу два лісты ад 18 і 23 верасня.

Праваабаронца распавёў, як удасканальвае навыкі выкладчыка, распавядаючы 11-12 сукамернікам пра войны і малюючы мапы, пра адчуванне падтрымкі з волі і чаму цэнзар не прапусціў з «Валадаркі» малюнкі-прыгоды кісуна ў турме.

Валянцін Стэфановіч піша, што адчувае вялікую падтрымку ад блізкіх, калегаў і неабыякавых людзей, але ўсё роўна сумуе па сям'і:

«Нават седзячы тут і не маючы поўнай інфармацыі, адчуваю вялікую падтрымку на волі. То невядомыя людзі грошай на рахунак закінуць, то ў пасылцы яблыкаў дашлюць. Ведаю, што і калегі мае пра мяне не забыліся. Ад гэтага сядзець мне тут значна лягчэй. Хаця, канешне, усё адно сумую па табе і па дзетачках».

Праваабаронца падзяліўся, што ўспрымае сваё зняволенне як творчую камандзіроўку:

«Паколькі большасць часу я вымушана праводжу ў замкнёнай прасторы з яшчэ 11-12 чалавекамі, то я шмат размаўляю і слухаю розныя гісторыі. Канешне, шмат вельмі смешных назіранняў і гісторый тут пабачыў і пачуў. Гумар — вельмі моцная рэч, я гэта заўсёды ведаў і гэта тое, што я моцна цаню і люблю. Калі мы зноўку будзем разам, я абавязкова буду распавядаць іх табе. Асэнсаванне гэтага ўбачанага, пачутага і перажытага трэба будзе выкласці на паперы. Верагодна, у выглядзе кароткіх апавяданняў ці навэл. Так што, можна сказаць, што я тут у нейкім сэнсе ў творчай камандзіроўцы».

Вясновец у лісце распавёў, як яго публічныя лекцыі маюць вялікі попыт у камеры:

«Таксама я і тут удасканальваю свае навыкі выкладчыка. Малюю мапы Еўропы часоў Першай сусветнай і распавядаю пра гісторыю гэтай вайны. Учора, напрыклад, пра Ціхаакеанскі тэатр баявых дзеянняў у часы Другой сусветнай вайны [распавядаў]. Таксама намаляваў для лепшай нагляднасці мапу. Іншым разам распавядаў пра войны ў Індакітаі. Мае публічныя лекцыі маюць вялікі попыт і інтарэс. Просяць [сукамернікі] распавядаць яшчэ. Так што, я тут ліквідую прабелы ў адукацыі».

Валянцін напісаў жонцы Аліне, што марыць з ёй адправіцца ў вандроўку:

«Калі будзем разам, то я распавяду табе розныя цікавосткі і мае назіранні. Ты ж ведаеш, што я паўсюль знайду нешта цікавае і цікавых людзей. У маіх марах мы ізноўку едзем з табой кудысьці, слухаем нашую любімую музыку і шмат гаворым. Я вельмі люблю так вандраваць з табой, магу ўсю планету так аб’ехаць. Усё яшчэ будзе, мы ізноўку будзем разам і ўжо больш ніколі не будзем раставацца на ўсё доўгае-доўгае жыццё».

 Праваабаронца распавёў пра малюнкі-прыгоды кісуна, якія не прапусціў цэнзар на волю:

«Тут ужо ўключылі ацяпленне і ў нас вельмі цёпла цяпер. Да нас пад вакно прыходзіць коцік, а нядаўна котка з кацянятамі прыходзіла. Іх тут на кухні, відаць, падкармліваюць. Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе кісуна. На адной з карцінак ён быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай — у душы мыўся, а на трэцяй — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з паметкай «Не прайшоў цэнзуры». Не любяць тут жартаў, карацей».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)