Старшынёй Партыі БНФ абраны Аляксей Янукевіч
Былы намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч набраў у сваю падтрымку 174 галасы. Лявон Баршчэўскі, які вылучыў сваю кандыдатуру літаральна на з’ездзе, атрымаў 144 галасы. Якія жарсці кіпелі сярод дэлегатаў, каму «да фені партыя», а хто зрабіўся «бандытам» — у рэпартажы «Салідарнасці».
З’езд пачаўся з традыцыйных прывітальных словаў гасцей. Свае віншаванні і пажаданні плённай працы выказалі народны паэт Рыгор Барадулін (у аўдыёзвароце), былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, Павел Севярынец, прадстаўнікі партый і арганізацый, у тым ліку і кіраўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
— Я ніколькі б не адбыўся не толькі як палітык, але і як грамадскі лідэр, калі б не вы, — адзначыў палітык. — Хачу выказаць вам падзяку за 2006 год. Улада мае адну хібу — яна не мае ідэалогіі. Мы ж мусім ісці за ідэю. Я ўпэўнены, што толькі на аснове ідэі можна рэальна аб’яднацца і мець рэальнага кандыдата, які не раз’ядноўвае, а аб’ядноўвае. Рух — не канкурэнт, а партнёр. Чаму ў мяне ўзнікае скепсіс наконт выбару адзінага кандыдата ад АДС? Адкажыце сабе на адно пытанне: ці можам мы ўпэўнена сказаць, што падтрымаем таго кандыдата, які будзе заклікаць прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі?
Робячы справаздачу аб сваёй працы, Лявон Баршчэўскі зазначыў, наколькі цяжка яму было працаваць у сітуацыі «калі ледзьве не зазіраюць пад коўдру», патаемна здымаючы на аўдыё-відэа яго размовы ды «перакупаюць паплечнікаў».
Увогуле, лейтматывам з’езду сталі дачыненні з Аляксандрам Мілінкевічам. Адны сыпалі ў яго бок праклёны, абвінавачваючы ва ўсіх грахах, іншыя спявалі хвалебныя оды, прапаноўваючы падтрымаць у якасці адзінага кандыдата. Хапала і тых, хто заклікаў не звальваць усе хібы ў БНФ на лідэра руху «За свабоду», каб не выглядаць, як ў прыказцы пра кепскага танцора, «якому штосьці перашкаджае».
Не ўстрымаліся дэлегаты і ад ўзаемных папрокаў. Адны абвінавачвалі маладое пакаленне партыйцаў у «паддывановай барацьбе» і ў тым, што ім «да фені партыя». Іншыя заклікалі абраць новае кіраўніцтва, каб не застацца ў БНФ «членамі ва ўсіх сэнсах гэтага слова».
— Фронт захварэў масавай шызафрэніяй, — падсумаваў Юрый Хадыка, маючы на ўвазе раздваенне думак у сяброў Партыі.
Выступіў перад дэлегатамі з’езду і былы намеснік старшыні Алесь Міхалевіч, якога выключылі з партыі за некарэктныя выказванні ў адрас кіраўніцтва.
— Паўтары гады таму, калі я падтрымаў Баршчэўскага як кампраміснага кандыдата, я ведаў яго як добрага выкладчыка. Але быць добрым выкладчыкам яшчэ не значыць быць сумленным паліткам, — падкрэсліў Міхалевіч, але далей думку развіваць не стаў, затое чарговы раз пацвердзіў свой намер вылучацца ў якасці кандыдата на пост прэзідэнта і папярэдзіў: — Ні пад каго здымацца не буду!
Першым галоўным пунктам з’езду стаў менавіта парадак дня. Дэлегаты павінны былі вызначыцца, калі разглядаць пытанне па партыйным кандыдаце на прэзідэнцкія выбары. Нагадаем, што яшчэ ў чэрвені сход партыі вылучыў у якасці кандыдата Лявона Баршчэўскага, аднак зацвердзіць яго павінен быў з’езд. 164 дэлегаты (супраць 125-ці) выказаліся за тое, каб разгледзець пытанне ўжо пасля выбараў старшыні партыі. Фактычна гэтае рашэнне паказвала расклад сілаў на з’ездзе, паколькі прыхільнікі двух лагераў прытрымліваліся розных думак.
Аднак унесці інтрыгу ў працу з’езду вырашыў сам Баршчэўскі. Нягледзячы на тое, што яшчэ раней назваў сваім пераемнікам Віктара Івашкевіча, кіраўнік раптам заявіў, што будзе зноў балатавацца старшынёй.
— Я буду і кандыдатам і старшынёй, — адзначыў ён.
Сваімі намеснікамі Баршчэўскі прапанаваў Вінцука Вячорку, Аляксандра Меха і Віктара Івашкевіча, на якога планаваў ускласці шэраг абавязкаў старшыні, пакуль сам будзе заняты прэзідэнцкай кампаніяй.
Між тым у некаторых дэлегатаў узніклі сумненні, што выходзячы на працэдуру адзінага кандыдата ад АДС, Баршчэўскі зможа перамагчы астатніх прэтэндэнтаў.
— Я ніколі не прайгравай выбараў. Пачынаючы выбараў у старасты класа, — запэўніў кіраўнік.
Са свайго боку Аляксей Янукевіч заўважыў, што, у адрозненні ад Баршчэўскага, будзе рэальным старшынёй:
— Я не буду абмяжоўвацца рэпрэзентатыўнай функцыяй ці станавіцца тэхнічным кіраўніком.
У якасці сваіх намеснікаў ён назваў Рыгора Кастусёва і Ігара Лялькова. Аднак наконт апошняй кандыдатуры сярод фронтаўцаў разгарэліся гарачыя спрэчкі.
— Чаму бяруць Лялькова, які на сойме агітаваў ісці да Мілінкевіча? — абураўся Пётр Садоўскі. — Гэта толькі палітычная прэтэнзія. А ёсць яшчэ і этычныя, якія я не хачу агучваць.
Дэлегаты ўжо збіраліся адправіцца галасаваць, як Пётр Садоўскі зноў падскочыў да мікрафона:
— Да мяне толькі што падышоў Алесь Міхалевіч і заявіў, што нам трэба з ім выйсці пагаварыць. Бандыт!
Да вялікага жалю журналістаў, бойкі не адбылося. Дэлегаты накіраваліся ў фае, дзе дастаткова спакойна выказвалі сваю волю, кідаючы бюлетэні ў скрыню. У выніку прагаласавала 326 дэлегатаў, 144 з якіх аддалі свае галасы за Лявона Баршчэўскага, 174 — за Аляксея Янукевіча.
— Я б вельмі заклікаў не рабіць гарачых крокаў, — звярнуўся ужо былы старшыня да дэлегатаў. — Што ж, ацэнку яго дзейнасці можна будзе даць у бліжэйшыя паўгода.
Дэлегаты таксама прынялі рашэнне склікаць не пазней за наступны красавік з’езд, каб вырашыць, як Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.
Читайте еще
Избранное