Политика
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Старшыня ПАРЭ: “Я шчыра веру, што пабачу прагрэс у будучыні”

У суботу прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн завяршыў трохдзённы візыт у Беларусь, пад час якога ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў, пайсьці на дэмакратызацыю выбарчага працэсу, аднавіць вяршэнства закону, адмовіцца ад уціску незалежных СМІ. Свае менскія сустрэчы спадар ван дэр Ліндэн назваў “уражальнымі”.

Аб падрабязнасьцях апошняга дня візыту прэзыдэнта ПАРЭ ў Беларусь і агульных выніках сваіх перамоў спадар ван дэр Ліндэн распавёў у інтэрвію “Свабодзе” перад адлётам Страсбур.

У апошні дзень візыту ніякіх афіцыйных сустрэч спадар ван дэр Ліндэн ня меў, на запрашэньне сьпікера палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва ён наведаў Мірскі замак, пасьля чаго падзяліўся сваімі ўражаньнямі са “Свабодай”:

Ван дэр Ліндэн: “Гэта помнік, які знаходзіцца пад аховай ЮНЭСКО, а гэтая арганізацыя бярэ пад сваю апеку толькі надзвычай важныя гістарычныя будынкі і помнікі. І гэта сапраўды вельмі прыгожы будынак”.

Падсумоўваючы дзелавую частку свайго візыту, спадар ван дэр Ліндэн зазначыў:

Ван дэр Ліндэн: “У мяне былі вельмі ўражальныя сустрэчы, як са сьпікерамі парлямэнту, гэтак і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, са студэнтамі ўнівэрсытэту, з апазыцыяй, зь міністрам замежных справаў. Гэта быў адкрыты наўпросты дыялёг, я змог выказаць занепакоенасьць ПАРЭ і змог патлумачыць, чаму для Беларусі важна стаць сябрам Рады Эўропы, прыняць і ажыцьцявіць у сябе агульныя каштоўнасьці Рады Эўропы”.

На пытаньне, калі магчымы працяг пачатага дыялёгу ў Менску ці Страсбуры, спадар ван дэр Ліндэн адказаў:

Ван дэр Ліндэн: “Гэта залежыць ад наступстваў гэтага візыту, калі яны будуць пазытыўнымі зь беларускага боку, без сумненьня мы будзем шукаць магчымасьцяў пашырыць і ўзмацніць наш дыялёг. Але ў першую чаргу для гэтага патрэбна, каб мы пабачылі канкрэтныя пазытыўныя крокі з боку беларускіх уладаў”.

Паводле ўражаньня спадара ван дэр Ліндэна, беларускія ўлады цягам перамоваў выявілі больш жаданьня да такога дыялёгу, чым нейкі час таму. Але цяпер яны павінны не толькі паказаць жаданьне, але мусяць пайсьці на пэўныя дзеяньні, перш за ўсё на вызваленьне палітвязьняў, перакананы прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн:

Ван дэр Ліндэн: “Я спадзяюся на гэта, я заклікаў да гэтага ўсіх маіх партнэраў па перамовах. Я прапанаваў пагадзіцца на экспэртызу інстытутаў Рады Эўропы ў пытаньні палітвязьняў. Гэта было б добрым крокам наперад і паказала б добрую волю ў справе набліжэньня Беларусі да эўрапейскіх структур”.

Рэнэ ван дэр Ліндэн паведаміў, што ў панядзелак ён падрыхтуе кароткую справаздачу пра свой візыт у Беларусь для Бюро ПАРЭ, у той жа дзень ён зьбіраецца выказацца на гэтую тэму на прэсавай канфэрэнцыі ў Страсбуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)