Справа па зыску Юрася Алейніка да Акадэміі кіравання будзе перагледжана

Cудовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда пастанавіла перагледзець справу па зыску Юрася Алейніка – сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, былога студэнта Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, адлічанага з гэтай навучальнай установы ў траўні. Суддзя Міхаіл Басаў адмяніў вызначэнне суда першай інстанцыі, прызнаўшы яго незаконным.

Разгляд касацыйнай скаргі Ю. Алейніка доўжыўся не больш за 15 хвілін. З боку адказчыка - Акадэміі кіравання – у суд ніхто не прыйшоў. (Як вядома, юрыст Акадэміі, які прадстаўляў інтарэсы гэтай навучальнай установы ў папярэднім судзе, звольніўся па ўласным жаданні яшчэ ў ліпені). Такім чынам, у судзе прамаўлялі толькі Ю. Алейнік і яго адвакат Ларыса Атаманчук.

“У сваім выступе я адзначыў, што ад рашэння суда залежыць не толькі мой лёс, але і лёс многіх студэнтаў, - распавёў прэс-службе БАЖ Юрась Алейнік. – Я сказаў, што, калі пакінуць рашэнне раённага суда ў сіле, то атрымаецца, што студэнцтва не мае права бараніць свае інтарэсы ў судзе. А гэта небяспечна для ўсёй прававой дзяржавы”.

Прадстаўнікі абароны Ю. Алейніка задаволеныя вынікамі слуханняў 6 жніўня. Мяркуецца, што перагляд справы Кастрычніцкім судом г. Мінска адбудзецца ў верасні.

Нагадаем: Юрый Алейнік, студэнт-выдатнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, патрабаваў адмяніць загад рэктара аб яго адлічэнні, аднавіць яго на 4-м курсе і даць магчымасць здаць сесію. Ён быў адлічаны загадам рэктара ад 15 траўня нібыта “за сістэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”. Яго вінавацяць у тым, што ў красавіку г.г. ён прагуляў 22 акадэмічныя гадзіны без важкіх прычын. Сам былы студэнт цвердзіць, што большасць гэтых заняткаў ён прапусціў небеспадстаўна. Ён прадаставіў суду даведкі са студэнцкай паліклінікі, а таксама заяву маці, якой па стане здароўя ў красавіку была патрэбная дапамога ў выхаванні малодшага сына.

Зыскоўца ўпэўнены, што яго адлічылі “за перакананні і актыўную жыццёвую пазіцыю”. Ю. Алейнік з’яўляецца сябрам БАЖ і пазаштатным карэспандэнтам газеты “Наша ніва”, старшынём Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Ф. Скарыны, а таксама ўдзельнікам вулічных акцый пратэсту і актыўным збіральнікам подпісаў супраць адмены ільгот студэнтам. Удзел у грамадскім жыцці ніяк не ўплываў на яго поспехі: пад час апошняй, зімовай сесіі яго сярэдні бал складаў 9.0 з 10 магчымых. Акрамя гэтага, прааналізаваўшы сітуацыю з пропускамі іншых студэнтаў Акадэміі, Ю. Алейнік высветліў, што шмат хто з іх, маючы значна больш прагулаў і горшую паспяховасць, працягваюць навучанне.

5 ліпеня суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска спыніў справу па зыску адлічанага студэнта, палічыўшы яе непадведамаснай суду. Суддзя Соф’я Пракаповіч спаслалася на статут Акадэміі кіравання, які не прадугледжвае для студэнтаў магчымасці судовага абскарджання загадаў аб адлічэнні, а таксама на Закон РБ “Аб адукацыі” і Інструкцыю аб парадку пераводу, аднаўлення і адлічэння студэнтаў ВНУ.

11 ліпеня Ю.Алейнік накіраваў у Мінскі гарадскі суд касацыйную скаргу, у якой запатрабаваў адмяніць рашэнне Кастрычніцкага суда і вярнуць справу на разгляд.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)