«Словы Яшына пра абмен палітзьняволеных на запчасткі выклікаюць жаданьне ўраніць твар у далоні»

Кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык — пра рэзанансную заяву расійскага апазіцыянера.

– Словы Яшына пра абмен 115 палітзьняволеных на запчасткі для самалёту Белавія выклікаюць нават не не зьдзіўленьне, а жаданьне ўраніць твар у далоні, – піша Лявончык. – Па-першае, гэтае сьцьверджаньне пра «абмен людзей на запчасткі» цудоўна ўкладаецца ў наратыў, што толькі перамовы даюць плён.

Вунь, спрацавала ж з запчасткамі. Трэба, маўляў, працягваць дамаўляцца і здымаць санкцыі.

Гэты наратыў ідэальна выгодны рэжыму. Недарэмна ж прапаганда так ярасна пушыла яго пры дапамозе прыхільнікаў любацэньшчыны.

Аляксей Лявончык

Па-другое, спадар Яшын крыніцу геніяльнай рэвеляцыі так і не змог назваць. І слушна, бо яна хутчэй за ўсё ў руках «геніяў» са сьпецслужбаў, якія вырашылі скарміць публіцы фэйк і паказаць, што расейцы куды болей абазнаныя за нейкі там беларускі дэмакратычны рух.

Па-трэцяе, авіяіндустрыя – гэта тое, з чаго санкцыі будуць здымаць ці паслабляць у апошнюю чаргу, хоць бы таму што яна мае крытычнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі.

А, і ўводзяць санкцыі на авіяцыю аднымі зь першых, бо іх лёгка інфорсіць. Абысьці санкцыі на, словамі Яшына, запчасткі, у сьвеце, дзе два асноўныя вытворцы грамадзянскіх самалётаў + BAE ды Embraer, амаль немагчыма.

Гэта дроны можна купіць у Ірана, а вось запчасткі для самалётаў – не, бо іх робяць ў месцах, колькасьць якіх можна пералічыць на пальцах адной рукі.

І цяпер здагадайцеся, калі Іран за 40 год не змог дамагчыся зьняцьця санкцый на авіяцыю, то як гэта ўдалося калгаснаму рэжыму за чатыры гады?