Штраф за чытанне недзяржаўнай газеты?

У Гомелі на рабочага завода склалі пратакол, за тое, што ён прынёс на працу два асобнікі газеты “Свабода”.

Намеснік дырэктара па кадрах і ідэалогіі “Гомельскага завода пускавых рухавікоў” Аляксандр Мінчук 28 лістапада выклікаў на прадпрыемства міліцыю. Таксама да кіраўніцтва запросілі начальніка інструментальнага аддзела завода, майстра і некалькі рабочых, якія вымушаны былі даваць тлумачэнні, адкуль у аддзеле з’явіліся два асобнікі малафарматнай незарэгістраванай газеты “Свабода”.

Апытаныя патлумачылі, што газету прынёс токар-інструментальшчык Анатоль Паплаўны. Токар А. Паплаўны, які акрамя таго з’яўляецца старшынёй Гомельскай гарадской арганізацыі партыі БНФ, пацвердзіў, што сапраўды па просьбе калег прынёс на працу асобнікі газеты.

У выніку ўчастковы інспектар Савецкага АУС Гомеля Ігар Цярэніч склаў пратакол на спадара Паплаўнага на падставе артыкула 172 Адміністратыўнага кодэкса — “распаўсюджанне друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем вызначанага парадку, якія не маюць выпускных даных, змест якіх накіраваны на прычыненне ўрону дзяржаўнаму і грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян...”. Артыкул прадугледжвае штраф у памеры пяці мінімальных заробкаў з канфіскацыяй выдання.

Між тым, як адзначыў Андрэй Бастунец, намеснік старшыні БАЖ, для прыцягнення да адказнасці паводле артыкула 172 АК неабходна, каб усе пералічаныя ў артыкуле парушэнні мелі месца. Недастаткова ўстанавіць, што газета не мае выпускных даных. Трэба яшчэ даказаць, што змест выдання накіраваны на прычыненне ўрону.

Цікава, рабіць ацэнку зместу газеты ў кампетэнцыі ўчастковага міліцыянера?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)