Общество
Eolonir

Што зьнесці ў Менску

…Міліцыя папярэдзіла інвалідаў-калясачнікаў, што за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці яны будуць адміністратыўна пакараныя. Спэцназ некалькі разоў блякаваў калёну, у дварах суседніх будынкаў стаялі аўтазакі ды міліцэйскія машыны, інвалідаў хапалі за рукі…

Гэта не анатацыя да фільму маразматычнага гумару, а сапраўдная сітуацыя, што паўстала на вуліцах Менску ў суботу, 5 траўня, калі 60 інвалідаў-калясачнікаў вырашылі абараніць свае правы на безперашкоднае асяродзьдзе ды стаўленьне да іх як да людзей, піша гарадзенскі блёг. Улада ж зрэагавала так жа, як і некалькі тыдняў таму на сумесны праезд разам некалькіх сотняў раварыстаў — выстаўленьнем калёны спэцназу, аўтазакамі ў дварох ды папераджэньнямі аб адміністрацыйнае адказнасьці.

Гэта можа значыць адно з двух — або службоўцы настолькі запалоханыя, што бачаць нават у 60 нямоглых пагрозу для сябе ды сваёй пасады, або настолькі згубілі пачуцьцё рэчаіснасьці ды неўзабаве будуць вымагаць дазволу нават на стаяньне некалькіх маладых людзей разам у мэтро. Маўляў, у людзей разам разьвіваецца непатрэбны рэфлекс зьбірацца ды аспрэчваць загады.

Крыху нагадвае франкісцкую Гішпанію, дзе на збор 5 чалавек патрабаваўся адмысловы дазвол. Анягож, прэцэдэнтаў ТАКОГА супрацьстаяньню 60 інвалідаў ды калёны наетых байбусаў, якія за свае 700 даляраў груба трымалі бездапаможных за рукі бы нейкіх кішэньнікаў, сьвет яшчэ ня ведаў. Беларусь і тут паставіла свой абсурдны рэкорд.

Але выказанае спадарствам incertezza, silverrebel ды яшчэ некалькімі блёгерамі на суполцы minsk_by абурэньне мала хто падтрымаў. Жарсьці найбуйнейшае мінскае суполцы гэтымі днямі разгортваліся вакол падказак кірункаў ды ўкраінцаў, якія пішуць на “настолькі незразумелай для белоруссов” мове.

Што зносіць ў Менску? Такое быццам бы простае пытаньне, зададзенае вось тут, выклікала шквал адказаў. Як бачна, што калі ўлада зьменіцца, то вельмі эмацыянальныя блёгеры хацелі б зьнесьці ўсе “новабуду са шкла ды сталі”, і ў першую чаргу лядовыя палацы і ўсё астатняе, што паўстала за эпохай Лукашэнкі. Ну можа яшчэ й Дом Ахвіцэраў.

Блёгасфэра працягвае несур’ёзна ўспрымаць Малады Фронт. Я й раней бачыў падобныя згадкі ў камэнтарах на розных блёгах, і яшчэ раз пераканаўся, калі прачытаў на той жа суполцы інфу што да Маршу Шпіёнаў. Большасьць з камэнтароў (а іх ля сотні) зьбягаецца на тым, што Малады Фронт ніколі не даводзіць дзеяньні да канца, а ўсе яго акцыі носяць несур’ёзны характар. Мабыць, на тле гэтага ад блёгасфэры варта чакаць буйнога крэатыву, які супрацьстаўляцьмем акцыям МФ.

У Горадні ўлады захоўваюць у тайне даты зносінаў будынкаў у гістарычным цэнтры. Магчыма, такім чынам спадзяюцца на тое, што моладзь стоміцца “ад палітыкі” ды разьбегнецца па дамох. Анягож, гэта рабіць ніхто не зьбіраецца. Блёгерскія суполкі Горадні (дарэчы, blog.grodno.net зараз з’яўляецца першым у сьпісе Яндэкса на запыт ГРОДНО) ды актывісты наладзілі абмен інфармацыяй, які дазваляе літаральна празь некалькі хвілінаў па з’яўленьні “ізраільскага танку” прыбыць да чарговае ахвяры гарвыканкама.

Карацей, апошнія тры дні — пад лёзунгам “ніякае палітыкі”. Лета, спадарства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)