Общество

Што змяняе закон аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму? «Цяжка не правесці паралель з цяперашнімі палітычнымі падзеямі»

15 мая быў апублікаваны закон «Аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму». У сілу ён уступіць праз месяц пасля гэтага. Хтосьці непакоіцца, што з яго прыняццем прыйдзе новая хваля рэпрэсій. Іншыя наадварот не бачаць у законе нічога новага — адказнасць за прапаганду нацызму і так была прадугледжана Крымінальным кодэксам і законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Што тады змянілася? Наша Нiва паспрабавала разабрацца.

Парламенцкая асамблея СНД яшчэ ў 2012 годзе зацвердзіла мадэльны закон «Аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх саўдзельнікаў», які мае рэкамендацыйны характар. Новы беларускі закон шмат у чым зроблены паводле гэтага ўзору. Але ёсць і некаторыя адрозненні, у тым ліку выкліканыя тым, што ўжо дзеючае беларускае заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і так вельмі жорсткае.

— У мадэльным законе СНД вялікая ўвага нададзена паўнамоцтвам грамадскасці ў барацьбе з нацызмам — у тым ліку асноўным суб’ектам, які робіць высновы аб прыналежнасці тых альбо іншых з’яваў да нацызму, там з’яўляецца грамадская антынацысцкая экспертыза, а грамадскія аб’яднанні адзначаныя як асноўныя суб’екты ў сферы маніторынгу і прафілактыкі нацызму. Гэтак першапачаткова было і ў беларускім праекце закона, які быў распрацаваны напачатку гэтага года. Але пры разглядзе яго ў Палаце прадстаўнікоў менавіта паўнамоцтвы грамадскасці ў сферы барацьбы з нацызмам выдалілі.

Асноўным органам у гэтай сферы прызначана Міністэрства ўнутраных спраў, якое павінна каардынаваць дзейнасць КДБ і Следчага камітэта ў гэтым кірунку. Груба кажучы, беларускія заканадаўцы ўзялі мадэльны закон аб барацьбе з рэабілітацыяй нацызму і паўсюль замянілі грамадскія аб’яднанні на МУС і іншыя сілавыя органы, — заўважае юрыст Юрый Чавусаў.

Па яго словах, уласна новых рэпрэсіўных захадаў барацьбы з нацызмам гэты закон не прадугледжвае — ён толькі дэталізуе парадак выкарыстання ўжо існуючых.

— Таму слушна кажуць тыя, хто лічыць, што прыняцце асобнага закона мае перш за ўсё ідэалагічны характар. Гэта як пазначэнне нацызму маркерам як найбольш небяспечнай формы з агульнага поля экстрэмізму.

Цяжка не правесці паралель з цяперашнімі палітычнымі падзеямі. Прапагандысты часта выкарыстоўваюць «нацызм» не як юрыдычную ці ідэалагічную катэгорыю, а як палітычную мянушку, якая абгрунтоўвае рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні апазіцыі. Інтэрпрэтацыя будуецца такім чынам: дастаткова назваць кагосьці нацыстам, і пасля гэтага ў дачыненні да яго можна ўжываць меры, якія звычайна недапушчальныя для абмежавання правоў і свабодаў, але дазваляюцца пры супрацьдзеянні нацызму з прычыны прызнанай усім светам агульнай і надзвычайнай небяспечнасці гэтай ідэалогіі і практыкі.

Маўляў, тое, што мы зараз б’ем кагосьці дубінкамі ці забараняем сцягі, — гэта насамрэч не палітычная барацьба з апанентамі, а проста працяг Другой сусветнай вайны, — іранізуе Юрый Чавусаў. — Тое, што закон прымаецца цяпер, абумоўлена палітычнымі патрэбамі дзеючага рэжыму. І тое, што ён ідзе ў адным пакеце з шэрагам рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць правы чалавека (чарговыя змены ў закон аб барацьбе з экстрэмізмам, пагаршэнне умоваў для правядзення масавых акцыяў, змены ў законы аб СМІ, аб адвакатуры), дае падставы меркаваць, што гаворка тут не проста пра раптам узніклую патрэбу.

Вы ж бачыце, што новых нацысцкіх партый і рухаў у Беларусі не ствараецца, не відаць уздыму сапраўднага нацызму як ідэалогіі, з партрэтам Гітлера на плошчы ў Беларусі людзі не выходзяць. Генпракурор кажа пра павелічэнне летась колькасці правапарушэнняў з неанацысцкімі праяўленнямі да 88 адміністрацыйных матэрыялаў, але вялікае пытанне, што яны кваліфікуюць пад такімі правапарушэннямі.

На мой погляд, рэальная пагроза ад распаўсюджвання катаванняў ды дыскрымінацыі ў Беларусі цяпер значна большая і небяспечная для грамадства за сапраўдны ўзровень пагрозы рэабілітацыі нацызму.

Прыняцце такога закона выглядае як спроба палітычнага абгрунтавання рэпрэсій у Беларусі. Цяперашні рэжым ідэалагічна вельмі бедны — яго цяжка назваць правым ці левым, ён папулісцка-эклектычны, і таму мае патрэбу ў нейкім ідэалагічным падмурку. Калі камуністы маглі абгрунтаваць рэпрэсіі марксісцкай ідэалогіяй, то беларускі рэжым спрабуе ўзяць ў якасці абгрунтавання антынацызм.

Але было б памылкай лічыць новы закон выключна абстрактным, ідэалагічным. У ім ёсць істотная і юрыдычна значная змена: пашыраецца паняцце нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі.

Да яе цяпер будуць адносіць сімволіку не толькі структур, асуджаных міжнародным і нацыяльным трыбуналамі, але і іншых арганізацый, што супрацоўнічалі з арганізацыямі, якія былі прызнаныя судамі і трыбуналамі як нацысцкія.

— Пры гэтым працэдура ці крытэрыі аднясення арганізацый да тых, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, асобна не прапісаная. Таму у МУС развязаныя рукі, каб дапоўніць раней створаны паводле закона аб барацьбе з экстрэмізмам спіс арганізацый, сімволіка якіх адносіцца да нацысцкай, — для гэтага ужо не патрабуецца грунтавацца на рашэннях міжнародных ці нацыянальных трыбуналаў, — каментуе Юрый Чавусаў.

На гэты момант у створаным МУС спісе арганізацый, чыя сімволіка лічыцца нацысцкай, маецца 8 арганізацый — гэта НСДАП, СС, СД, СА, Гестапа, фашысцкая партыя Італіі, дапаможная служба паліцыі парадка (Schutzmannschaft der Ordnungspolizei), 13 паліцэйскі батальён пры СД. Па кожнай з гэтых арганізацый маецца спасылка на рашэнні міжнародных трыбуналаў альбо злачынствы, учыненыя імі. Спіс сімволікі гэтых арганізацый і структур мае цяпер 10 пазіцый. Сярод іх свастыка, сцяг Трэцяга Рэйху, нацысцкае вітанне, гімн НСДАП.

— Трывожыць тое, што змены закранаюць пытанне сімволікі. Наўрад ці пытанні ў МУС узнікнуць да Чырвонага Крыжа, які падчас вайны кантактаваў з нацыстамі, каб дапамагчы ваеннапалонным і вязням у канцлагерах, ці да сімволікі іншых дзяржаваў, дзе існавалі калабаранцкія структуры.

А вось спакуса нейкім чынам перакруціць гісторыю і надаць псеўдаюрыдычную афарбоўку забароне нацыянальнай сімволікі, з якой цяпер змагаецца міліцыя, сапраўды можа прывесці да неабдуманых крокаў па пашырэнні пераліку забароненай сімволікі, — мяркуе юрыст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(3)