Што адбываецца з недзяржаўнымі арганізацыямі ў Беларусі
Нядаўна ў Варшаве адбылася чарговая сустрэча ключавой для беларускай грамадзянскай супольнасці праграмы BIIM, на якой прадстаўнікі беларускіх і замежных грамадскіх арганізацый абмеркавалі бягучы стан спраў.
Унутраная палітыка
Афіцыйны Менск мае найлепшую палітычную сітуацыю за ўсю гісторыю незалежнае Беларусі. Гаворка зараз ідзе не пра змену сістэмы, а выключна яе рэфармаванне.
Эксперты і дыскутанты прыйшлі да высновы аб «фэйкавай лібералізацыі», а таму размова ідзе хутчэй пра ўзаемадзеянне дзяржавы з НДА, а не пра супрацу. Дзяржава выкарыстоўвае сітуацыю для свайго выжывання, рэальных крокаў у кірунку лібералізацыі не прадпрымае. Таму НДА ні ў якім разе не могуць змяняць сваіх каштоўнасцяў і мэтавых груп.
Знешняя палітыка
У той жа час дзяржава мае яшчэ больш спрыяльную знешнепалітычную сітуацыю. Улады фактычна нармалізавалі свае адносіны з Еўразвязам і ЗША.
Беларусь выкарыстоўвае матыў рэгіанальнай бяспекі, падкрэсліваючы нестабільную сітуацыю ва Украіне. У гэтакіх акалічнасцях афіцыйны Менск з'яўляецца гарантам стабільнасці, а таму няма неабходнасці ў сапраўдных рэформах з прычыны ўстойлівасці пазіцыі донара рэгіянальнай бяспекі.
Адначасова адзначаецца істотнае падзенне арыентацыі на Расею і запавольванне Еўраазійскай інтэграцыі. Хаця адносіны з Расейскай Федэрацыяй для ўладаў Беларусі ўсцяж займаюць і будуць займаць істотнае месца. Але роля Расеі з 2008 года моцна змянілася: калі раней гэта былі фактары стабілізацыі, то цяпер, хутчэй, дэстабілізацыі, а таксама пэўнай небяспекі, бо Расея здольная выходзіць па-за цвёрда прынятыя дамоўленасці.
Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ўнутры Расеі змушае ўлады Беларусі да будавання добрых адносінаў з Еўразвязам з мэтай пошуку дадатковых рычагоў. У беларускім грамадстве адзначаецца дэзарыентацыя: толькі 5% беларусаў хочаць быць часткаю Расеі, але пры гэтым няма і сыходу ў кірунку Еўропы.
Эканоміка
Эксперты згодна дэкларавалі, што гэтак званае пацяпленне з боку дзяржавы тлумачыцца эканамічнымі фактарамі. Сёння ўлады не замоўчваюць цяжкасці ў эканоміцы: адзначаецца значнае падзенне ВВП, глыбокая рэцэсія, па эканамічнай стабільнасці Беларусь адна з найгоршых краінаў у свеце, нізкая эластычнасць рынка працы, цяжкі стан фінансавага сектару, на мяжы выжывання апынуўся бізнэс.
У сувязі з гэтым улады разумеюць, што рэформы непазбежныя, галоўнае ж пытанне: калі і як?
Складанасці ў працы НДА
Праца НДА ў Беларусі пры ўсіх цяжкасцях мае важную ролю: без гэтага краіна магла б быць бліжэй да Узбекістану, чым да Малдовы ці Украіны. Аднак сёння ў Беларусі сектар НДА і грамадзянская супольнасць перасталі быць сінонімамі, бо часта некаторыя структуры дзейнічаюць выключна ў інтарэсах дзяржавы, а не грамадства.
Паколькі НДА ўспрымаюцца ўладамі як небяспечныя, будзе ўзмацняцца кантроль, але не столькі праз рэпрэсіі, колькі праз перафарматаванне НДА ў залежныя ад уладаў структуры. І калі пры рэпрэсіях дакладна вядома, хто свой, а хто чужы, то супрацьстаяць маніпуляцыям вельмі складана.
2014-2015 гг. адзначаюцца рэзкім ростам зарэгістраваных арганізацыяў у форме ўстановаў. Ствараецца шэраг прадзяржаўных арганізацыяў і незалежных установаў дзеля прыцягнення сродкаў. Міністэрства юстыцыі закрыла доступ да спісу зарэгістраваных некамерцыйных арганізацыяў. У некамерцыйны сектар прыходзіць бізнэс, каб атрымаць дадатковае фінансаванне.
Супраца з дзяржавай
Эксперты пагадзіліся, што да неабходнасці супрацы з дзяржавай, бо менавіта ўлады нясуць адказнасць за рэформы і без іх падтрымкі цяжка рэалізоўваць нейкія буйныя праекты. Аднак гэта не можа быць выключна супраца дзеля самой супрацы.
У той жа час праблема ў розніцы падыходаў, што ў НДА, а што ва ўладзе лічаць палітызаваным. Хаця сама па сабе ўлада неаднародная, неабходныя розныя падыходы ў залежнасці ад рэгіёна, накірунку дзейнасці, сферы ўплываў. Часта чалавечы фактар перамагае. Аднак ўлады ўсцяж больш ахвоча ідуць на супрацу ў праектах, якія не палітызаваныя.
Найбольшыя складанасці ў працы маюць праваабаронцы, якія не могуць пайсці на кампраміс у парушэннях правоў чалавека і заканадаўства. Таму нельга нават параўноўваць умовы для сацыяльных і праваабарончых арганізацый.
На сустрэчы эксперты і прадстаўнікі НДА падзяліліся ўласным досведам супрацы з дзяржавай, а таксама агучылі шэраг парадаў і прапановаў, каб гэтая дзейнасць была больш эфектыўнаю. З улікам разнароднасці самой улады, неабходна быць цярплівым, памятаць, што дзяржаўныя органы менш вольныя ў прыняцці рашэнняў. Часам лягчэй аказваецца працаваць не з кіраўнікамі, а з намеснікамі, прадстаўляцца як камерцыйная арганізацыя (недзяржаўнае ўспрымаецца як нешта супраць дзяржавы), выказвацца за змаганне за агульнаеўрапейскія каштоўнасці, а не проста еўрапейскія.
Што да эфектыўнасці працы НДА, эксперты выказалі шмат сугучных меркаванняў. Неабходна памятаць, што супраца з уладай павінна быць сродкам, а не мэтай. Мэта – дэмакратызацыя праз паглыбленне нацыянальнай самаідэнтэфікацыі. А дзеля гэтага варта падымаць тэмы, якія ніхто не закранае, імкнуцца да адыходу ад іерархічнасці струкутараў.
Галоўным паказчыкам мае стаць прынцып цікавасці дзейнасці, гатоўнасці быць эластычнымі, лёгка змяняцца ў залежнасці ад абставінаў і жаданняў мэтавых груп. Важна, каб дзейнасць мела масавы характар, а гэта вымагае працы ў сацыяльных сетках, сяброўства з усімі медыя.
Поспех вызначае нечаканасць праектаў, блізасць да людзей у публічнай прасторы. Адзначаная тэндэнцыя ў развіцці моладзевых арганізацыяў, чаго не было апошнія 10 гадоў. На змену традыцыйным НДА часцей прыходзяць нефармальныя ініцыятывы, якія імкнуцца да дэцэнтралізацыі.
На супрацу ці ўзаемадзеянне дзяржавы і НДА ўплываюць палітычныя, знешнепалітычныя, эканамічныя фактары. Таму дзейнасць арганізацыяў павінна развівацца з улікам гэтых акалічнасцяў, а таксама з выкарыстаннем парадаў і досведу іншых структураў. У той жа час, непазбежнае выкарыстанне інавацыйных падыходаў. Але прыярытэтам усіх НДА павінна быць нязменнасць каштоўнасцей.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное