Скандалы

Што адбылося ў краме на Чарвякова, дзе сілавікі жорстка затрымлівалі людзей

Хлопец, які трапіў на відэа, апавёў Радыё Свабода, што адбылося.

Фота Радыё Свабода

Мы былі на Плошчы перамен, а пасьля вырашылі пайсьці ў «Гіпа» ў прыбіральню і пагрэцца. Там хвілін 15 ужо стаялі ў чарзе, калі пачулі гукі сьвятлашумавых гранат на вуліцы, — апавядае ён. — Я выйшаў, і там ужо было мора сілавікоў у чорным. Людзі стаялі каля крамы і грукалі па мэталічнай паверхні. Калі сілавікі пабеглі ў бок гіпэрмаркета, людзі запанікавалі, сталі забягаць у краму. І я таксама зайшоў.

Далей, кажа хлопец, ужо адбывалася тое, што відаць на відэа.

— Заляцеў спачатку адзін у чорным, як ашалелы, пачаў зьбіваць і круціць хлопца. А пасьля забеглі яшчэ чалавек шэсьць, наляцелі на мяне, на мужчыну побач, — згадвае хлопец. — Пачалася нейкая сеча, у якой не разумеў нічога, я хапаў мужчыну за руку, каб быць разам, чапляўся за мэталічную агароджу, а яны працягвалі дручкамі зьбіваць мяне і людзей побач. Мяне схапілі за каўнер, і я ўжо недзе ўнутры адчуваў, быццам хана будзе, быццам мяне ўжо амаль нясуць у пекла.

Але я трымаўся да апошняга, людзі дапамагалі, жанчыны, здаецца, крычалі «ня біце, спыніцеся». Пасьля памятаю, што я на падлозе, мяне адзін з нападнікаў цягне за нагу, я чапляюся за ногі людзей, за што трапляецца.

Хлопцу пашанцавала — сілавікі сышлі з крамы, не затрымаўшы яго. Але на галаве засталіся раны. Яму на дапамогу прыйшлі мэдыкі, якія апынуліся побач, — прынесьлі бінты, прамылі параненую галаву.

Хлопец зьвярнуўся ў шпіталь. Кажа, што давялося доўга сядзець у чарзе. Яму наклалі 3 швы і паставілі дыягназ ЧМТ. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся.

Яшчэ кажа, што ў яго моцна баліць нага — «уся сіняя, і хадзіць цяжка».

— Пакуль я сядзеў тры гадзіны ў шпіталі, прывозілі іншых людзей у дрэнным стане, зламанымі і зьбітымі, — кажа хлопец. — А вахцёрка, жанчына сталага веку, увесь час чаплялася да людзей і лаялася, казала, што на месцы прэзыдэнта страляла бы іх на месцы ўсіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(27)