Политика
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

«Шмат малых мурашоў і ніводнага вялікага»

Лідэр аб’яднананых дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч у панядзелак сярод іншага выказаўся, што бярэ на сябе адказнасьць за рух «За свабоду», які ўтварыўся адразу пасьля выбараў. Мілінкевіч сказаў, што палітрада дэмакратычных сілаў не змагла рэалізаваць патэнцыял руху, засяродзіўшыся на сваіх праблемах.

Што думаюць людзі пра такую ініцыятыву Аляксандра Мілінкевіча. Палітоляг Юры Чавусаў зазначае, што такі крок сасьпеў яшчэ увесну, калі грамадзянская актыўнасьць беларусаў была на вельмі высокім узроўні, а цяпер час крыху сышоў. Папросту ўсім,у тым ліку Мілінкевічу, надакучылі гэтыя бясконцыя палітычныя раздраі ў кааліцыі, утварэньне нейкіх груповак. Лібэралы з аднага боку, зь іншага нацыяналісты і сацыялісты і г.д. Мілінкевіч пайшоў на такі крок толькі пасьля таго, як пасустракаўся з актывістамі руху «За свабоду» ў рэгіёнах. Людзі сапраўды чакалі ад яго такіх крокаў, але значна раней. Мілінкевіч мог заняць пазыцыю «ангельскай каралевы», пазіраючы на ўсё што робіцца зьнізу звысоку, але не зрабіў гэтага. Напярэдадні мясцовых выбараў трэба ізноў працаваць, бо мінулыя выбары ўжо сышлі ў нябыт, а досьвед выбараў, на жаль, не назапашваецца». — мяркуе Юры Чавусаў.

Дэмакратычны актывіст з Барысава Зьміцер Бародка думае, што найлепш, каб рух «За свабоду» трансафармаваўся ў грамадзянскую кампанію, бо людзям, якраз падабаецца такая апалітычная назва. Зьміцер чакае ад кампаніі «За свабоду» нейкіх пазытыўных зрухаў. «Народ у рэгіёнах гатовы працаваць дзеля дабра Беларусі, яны кажуць, мы прышлі змагацца за сваю краіну і ім у прынцыпе бяз розьніцы, хто стаіць у штурвала. Яны не чакаюць нейкіх указак зьверху, а дзейнічаюць самі». Аднак у цэлым актывізацыю руху «За свабоду» Зьміцер Бародка разглядае, як добрую навіну.

Намесьнік старшыні ПКБ Валер Ухналёў кажа, што гэта надзвычай добрая ідэя. «Тое, што Мілінкевіч вырашыў стварыць свой рух не замінае існаваньню дэмакратычнай кааліцыі, тым болей што сам Мілінкевіч не зьбіраецца пакідаць сваё лідэрства ў ёй. Проста прыйшоў час больш актыўных дзеяньняў у гэтым кірунку. Па руху «За свабоду» мы маем узгодненую пазыцыю ў рамках дэмакратычнай кааліцыі, мы ўсе пазытыўна адносімся да яе існаваньня. Проста пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у палітыку, грамадзкую дзейнасьць прыйшло багата людзей, якія не зьбіраюцца ўступаць у ніводную партыю, для такіх і існуе рух «За свабоду». — кажа Валер Ухналёў.

Зусім іншую пазыцыю мае рок-музыка, лідэр гурту «Нэйра Дзюбэль» Аляксандар Кулінковіч. «Мяне вельмі засмучае тое, што апошнімі месяцамі робіцца ў нашай апазыцыі. Адзінае, што адбылося добрае ў ейных шэрагах — гэта абраньне лідэра. Цяпер жа працягваюцца і множацца ранейшыя пучкі, ускрыкі і заігрываньні ў шэрагах апазыцыі. Гэта ўсё адштурхоўвае ад яе простых людзей, яны ставяцца да апазыцыі несур’ёзна, бо ў яе няма адзінства, няма маналіта. У нашай апазыцыі вельмі шмат малых мурашоў, але няма аднога вялікага, які б быў здольны павесьці яе за сабой, каб яе сур’ёзна успрынялі ня толькі простыя людзі, але і ўлады. Цяпер жа са стварэньнем гэтых рухаў і кампаній апазыцыя вяртаецца да старога, а яно, як вядома, ні да чаго добрага не прывяло».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)