Политика
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Сэвэрын рыхтуе заяву з нагоды галадоўкі Казуліна

У офісе вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ведаюць пра галадоўку Аляксандра Казуліна, які патрабуе разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Аднак кіраўніцтва офісу пакуль ня робіць камэнтароў з гэтай нагоды.

Супрацоўнік офісу вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, адказны за Эўропу, Паўночную Амэрыку і Цэнтральную Азію Дымітар Чалеў паведаміў “Свабодзе”, што кіраўніцтва ягонай арганізацыі ведае пра галадоўку Аляксандра Казуліна. Паводле ягоных словаў, сёньня чакалася прэсавая канфэрэнцыя вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Люіз Арбур, на якой яна мела выступіць з заявай наконт галадоўкі Казуліна, але прэсавая канфэрэнцыя не адбылася.

(Чалеў: ) “Я ведаю ад яе офісу, што яна сочыць за гэтым выпадкам. Але прэсавай канфэрэнцыі яна пакуль не праводзіла, ня думаю, што гэта сёньня адбудзецца. Магчыма, на наступным тыдні”.

Паводле спадара Чалева, з нагоды галадоўкі Аляксандра Казуліна сваю заяву рыхтуе спэцыяльны дакладчык ААН у правах чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын.

Тым часам у Эўрапарлямэнце на самым высокім узроўні ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі, зазначыў дэпутат ад Латвіі Альдзіс Кушкіс:

(Кушкіс: ) “Але павінен прызнаць, што магчымасьць у простым сэнсе ўзьдзейнічаць на Беларусь, на так званага прэзыдэнта Лукашэнку, дастаткова абмежаваная”.

Спадар Кушкіс зазнaчыў, што пакуль не ўдалося схіліць і Міжнародны Чырвоны крыж зьвярнуць увагу на галадоўкі ў беларускіх турмах, паколькі гэтая арганізацыя імкнецца захaваць апалітычнасьць:

(Кушкіс: ) “Усе мае кантакты з Чырвоным крыжам з нагоды беларускіх пытаньняў нічым не завяршыліся, істотнага супрацоўніцтва не ўдалося дамагчыся”.

Пра тое, як успрымаюць галадоўку Аляксандра Казуліна ў Расеі, “Свабодзе” паведаміла маскоўская праваабаронца Ала Гербер:

(Гербер: ) “Ці можа мець рэзананс для расейскай улады галадоўка беларускага апазыцыянэра? Думаю, што ніколі. Для грамадзкасьці — безумоўна, для праваабаронцаў — безумоўна. У Маскве будзе зьезд праваaбаронцаў 10 сьнежня. Нядрэнна было б, каб хтосьці прыехаў зь Менску, пра гэта распавёў — і каб зьезд праваабаронцаў ухваліў нейкі зварот”.

Ала Гербер згадвае, што ў савецкіх турмах немагчыма было галадаць — там кармілі прымусова. Цяпер у Расеі й Беларусі галадоўка стала апошнім сродкам для вязьняў прыцягнуць увагу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)