Общество

Ігар Залескі

Саўладальнік менскай ІТ-кампаніі: «У любога цярпеньня ёсьць крытычная мяжа»

Прывід калектывізацыі ХХІ стагодзьдзя. Да чаго рыхтавацца беларускім айцішнікам?

Ці не перабольшаныя авансы Парку высокіх тэхналёгій (ПВТ) на ролю лякаматыву нацыянальнай эканомікі? Дзе гарантыі, што ў агляднай будучыні айцішнікаў не «раскулачаць» гэтак сама, як і іншых «тлустых катоў»? Чаго не хапае заможным праграмістам, якія выходзяць на акцыі пратэсту і пасьля адбываюць адміністрацыйныя арышты?   

Пра магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў у пакуль яшчэ пасьпяховай галіне паразважаў саўладальнік менскай ІТ-кампаніі Сяргей Ш. Просіць застацца ананімным: ягоная фірма, як і многія іншыя, на «нізкім старце» у чаканьні жорсткага сцэнару нацыяналізыцыі.

Сам ён летась адседзеў 10 сутак у жодзінскім ізалятары паводле народнага артыкулу 23.34, моцна зьбіты пры затрыманьні.      

«Пакуль не пачалі адстрэльваць, бэнэфіцыярам пераводзіць бізнэс нявыгадна»

Дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій Усевалад Янчэўскі  пахваліўся: нягледзячы на закіды нядобразычліўцаў, якія прадракалі заняпад «ІТ-інкубатару», летась зафіксаваны рэкордны экспарт на 2,7 мільярдаў даляраў, агульны аб’ём вытворчасьці дасягнуў 3 мільярдаў. Фактычна на ўзроўні нафтаперапрацоўкі ці харчовых паставак у Расею.    

Аднак мінулы год, нягледзячы на палітычныя патрасеньні, праграмісты адпрацавалі ў штатным рэжыме. Сёлета тэндэнцыі іншыя: перанос галаўных офісаў за мяжу, карэляцыя фінансавай справаздачнасьці, рэлякацыя асобных супрацоўнікаў і цэлых падразьдзяленьняў. Ці будуць такія ж аптымістычныя справаздачы па выніках 2021 году? 

– Наогул трэба разумець, пра якія лічбы гаворка, – удакладняе ў размове  саўладальнік сталічнай ІТ-кампаніі Сяргей Ш. – Прынцыповы момант – прыбытак, іншымі словамі, колькі сюды завялі грошай (тая самая валюта, якой так не хапае рэжыму). Дык вось за кошт чаго прыбытак атрымалі летась? Найперш з-за таго, што ў ПВТ пачалі браць усіх без разбору. Гэта значыць, не інтэнсіўны рост, а экстэнсіўны. То бок, і ў 2019-м, і ў 2020-м рост дасягаўся «татальнай мабілізацыяй», нават не павелічэньнем штату старых рэзыдэнтаў.

Нават у зьнешне аднароднай ІТ-галіне існуе пэўная сэгрэгацыя. Рэзыдэнты ПВТ маюць істотныя падатковыя палёгкі, астатнія мусяць плаціць па поўных тарыфах. Кампанія Сяргея не ўступала ў парк сьвядома – ня хоча інтэгравацца ў структуру, якая цалкам афіляваная зь дзяржавай.   

– Пазыцыя мэнэджмэнту выразная: не загульваць з тымі, у каго няма правілаў. Недасканалы сам падыход. Калі мэта – зрабіць ІТ рухавіком эканомікі – трэба даваць ільготы ўсёй галіне. А не ствараць клюб паводле прынцыпу, хто каму спадабаўся. Адным палёгка, іншым – не. Тады варта адразу сказаць: арганізацыя паводле прынцыпу ляяльнасьці да канкрэтных людзей, за гэта вам будзе зьніжка. Зрэшты, менавіта так сёньня і выглядае: маўляў, для вас стараліся, а вы такія неляяльныя. Бэнэфіцыяр зьніжак – уласьнік. Той жа Аркадзь Добкін. Зь дзясяткаў тысяч супрацоўнікаў Epam набягае вялізны прыбытак. Таму ён сядзіць і ўмерана выказваецца. Пакуль не пачалі адстрэльваць, пераводзіць бізнэс нявыгадна.   

Нерэзыдэнты ПВТ у гэтым сэнсе куды больш мабільныя і ў адсутнасьць «падпіскі аб ляяльнасьці» вольныя зьмяняць дыслякацыю. Як паўплывае на агушльную сытуацыю ўсё больш масавы перанос за мяжу галаўных офісаў і, як вынік, скарачэньне даходнай часткі кампаній-падаткаплатнікаў?

Мэнэджэр кажа, што ў такім выпадку прыход у бюджэт скароцяцца ў разы:     

– Што тычыцца адтоку, перадусім пераводзяць у бясьпечныя лякацыі галаўныя офісы. Дагэтуль прынцыпова трымаліся за Менск. Хай пафасна, але мы беларусы, плаціць падаткі трэба тут і г.д. Сёньня відавочна: існуе рызыка пакінуць людзей без працы, без заробку. Зь любой нагоды могуць заявіцца, заблякаваць рахункі і нічога ня зробіш. Таму шмат кампаній «перапрапісаліся» у іншых краінах. Што такое галаўны офіс? Структура, куды прыходзяць грошы. Умоўна кажучы, у старым фармаце было 30 заказчыкаў, цяпер адзін. І той пераводзіць ня ўсе заробленыя грошы, а толькі на ўтрыманьне – арэнда, заробак, закупка абсталяваньня.   

Беларускія ўлады, як заўсёды, умела маніпулююць лічбамі, канстатуе Сяргей Ш. Любы, хто больш-менш арыентуецца ў ІТ-сэктары, пацьвердзіць: унутраная сытуацыя надзвычай напружаная:

– Важна разумець: ПВТ – гэта далёка ня ўся галіна. Яшчэ ў часы яго стварэньня нам казалі: будуць беспрэцэдэнтныя ўмовы. Калі ня хлусілі, то прынамсі хітравалі. Задачы куды больш празаічныя. Па-першае, павелічэньне валютных паступленьняў у бюджэт. То бок, ільготы ўвялі, каб кампаніі паказалі свой прыбытак і заплацілі падаткі. Раней значная частка заробкаў плацілі наяўнымі.

Па-другое, павысіць дзяржаўны кантроль. Каб кампанію прызналі рэзыдэнтам, трэба выканаць шэраг умоваў. Прычым працэс уступленьня ня самы празрысты, таму тут жа паўсталі юрыдычныя канторы з пакетам паслугаў суправаджэньня.   

Калі за невыкананьне пэўных умоваў – напрыклад, бізнэс-пляну – выключаць з ПВТ, неабходна пакрыць падаткі, недаплачаныя ў бюджэт. Чым большая кампанія, тым большая сума. За што могуць выключыць?

«Часам не да законаў», – цытуе Сяргей Ш. рэзананснае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведна, гаворка не пра стымуляваньне, калі льготы атрымліваюць усе суб'екты, а падатковыя палёгкі ў абмен на ляяльнасьць.   

Менавіта таму, ягонымі словамі, улады моцна зьдзівіліся, што сярод пратэстоўцаў аказалася значная колькасьць прадстаўнікоў ІТ. Дамаўляліся аб ляяльнасьці з уладальнікамі бізнэсаў, а яны ў цэлым па краіне занялі стрыманую пазыцыю. У пратэстах жа ўдзельнічалі супрацоўнікі кампаній, якія пасьля ўступленьня ў ПВТ ня толькі не набывалі, а зусім наадварот.

«Заводзілі да паўмільёна даляраў, а зь пераносам офісу ня будзе і 100 тысяч» 

Цяперашнюю сытуацыю Сяргей Ш. ілюструе лічбамі (хоць у кожным выпадку яны розныя, прапорцыі блізкія). Калі кампанія штатам у паўсотні чалавек штомесяц «закідвала» у Беларусь замоваў на сумы ад 300 тысяч да паўмільёна даляраў, то зь пераносам офісу за мяжу лічба абвальваецца да 100 тысяч і меней.

– Які сэнс заводзіць грошы, калі няма гарантыі іх захаваньня? – задаецца ён рытарычным пытаньнем. – Бо калі штосьці пойдзе ня так, зь бясьпечнай адлегласьці прасьцей прыдумаць, як людзям заплаціць, перавесьці іх на «аддалёнку» і г.д. Галоўнае, што за мяжой грошы не заблякаваныя, імі можна карыстацца. Натуральна, для самой Беларусі гэта мінус: падае паступленьне валюты, адпаведна, зьніжаецца падатак на прыбытак, недаатрымлівае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і далей па сьпісе.  

Іншая тэндэнцыя – вымушаная міграцыяй спэцыялістаў. Ці істотныя гэтыя паказьнікі на фоне досыць шматлікай арміі праграмістаў? На аднаго толькі ІТ-гіганта EPAM у Беларусі працуе больш за 10 тысяч чалавек (разам з замежнымі офісамі лічба набліжаецца да 40 тысяч). 

– Рэлакейт – адно з наступстваў нестабільнай сытуацыі. Найперш, пытаньне бясьпекі, з гэтым усё зразумела. Другое, калі меней заводзіцца грошай, ідзе пераарыентацыя людзкіх рэсурсаў. Разам з тым, рэальнага рэлакейта ня так шмат – працэдура складаная і ня танная. Бо што маецца на ўвазе? Чалавек пераяжджае і атрымлівае ўвесь пакет дакумэнтаў для жыцьця за мяжой – ад віду на жыхарства і банкаўскіх рахункаў да жыльля. Як кажуць, «хлопотное дельце». За мяжой у нас дзясятак супрацоўнікаў, але цалкам рэлацыравалі толькі аднаго. Гэта заняло 5 месяцаў, ня кажучы пра выдаткі на юрыдычныя паслугі, авіяквіткі ды іншае. 

Пры гэтым, адзначае Сяргей Ш., колькасьць работнікаў ІТ-кампаній у Беларусі шпарка расьце. Перадусім за кошт талковых, але «неляяльных» працоўных рэсурсаў, якія «выкідвае» на вуліцу дзяржаўная сыстэма.

– Сёньня абмежаваныя магчымасьці перамяшчэньня па сьвеце, няма асабістых сустрэчаў. Выніковы прадукт ці паслугі прадаць і так вельмі складана, а цяпер тым больш. Дык вось прыклад. Адна кампанія знайшла выдатнае выйсьце. Нанялі энную колькасьць былых супрацоўнікаў МЗС.

Усе прафэсіяналы, ведаюць мовы, са сьпісам кантактаў за мяжой. І цяпер яны так званыя «сэйлы», прадаюць ІТ-прадукты. Другі варыянт. Вялізная  колькасьць тых, каго перавучылі на тэстыроўшчыкаў, некага бяруць офіс-мэнэджэрамі. Ня трэба адмысловай адукацыі, проста быць талковым і чэсным. Паверце, хапае такіх у дзяржустановах, дзе яны аказаліся лішнія.

Такія людзі хутка ўбудоўваюцца ў досыць камфортны асяродак, кажа адмысловец. Адзін з тых, хто кардынальна памяніў сфэру дзейнасьці, – Віталь Макей, сын міністра замежных спраў Уладзімера Макея. Да верасьня 2020 году ён таксама працаваў у структуры зьнешнепалітычнага ведамства, але на знак пратэсту звольніўся разам зь іншымі неабыякавымі дыпляматамі і амбасадарамі. Цяпер Віталь Макей – IT-кансультант у міжнароднай кампаніі IBA Group.

«Прыйшоў сілавік з добрымі рэкамэндацыямі, якога рэпрэсавала сваё ж ведамства» 

Папаўняецца ІТ-сфэра і былымі сілавікамі. У выніку «чыстак» у КДБ, міністэрствах абароны і ўнутраных спраў спыняюць кантракты з тымі, хто западозраны ў няшчырасьці да рэжыму. Сам Сяргей Ш. – гэтаксама выхаванец сыстэмы. Досьвед карысны тым, што дадае дысцыпліны, кажа ён. Але ў астатнім – трымацца няма за што.        

– Ведаю кампанію, дзе працуюць два выхадцы зь сілавых структур і неўзабаве чакаюць яшчэ. Нават не перавучваюцца. Болей скажу: маю рэзюмэ ад кандыдата з сумна вядомага ГУБАЗіКа. У іх там ужо дайшло да праверкі ляяльнасьці на паліграфе, прычым, чысьцяць шэрагі хаатычна – зрэшты, як і хапаюць людзей на вуліцах.

Вось разглядаем хлопца з добрымі рэкамэндацыямі, якога рэпрэсавала сваё ж ведамства. Не мы, дык нехта возьме абавязкова. Таму, паўтаруся, агульная колькасьць расьце. Напрыклад, буйная кампанія Andersen хоць і перанесла галаўны офіс ва Ўкраіну, усё адно пашыраецца.    

Ці існуе вонкавы фактар, пад ціскам якога ІТ-сэктар калі ня рухне, то прынамсі пачне сыходзіць у цень? Як у свой час сказаў архітэктар адной з найбольш тэхналягічных дзяржаў сьвету, лідэр Сынгапуру Лі Куан Ю, калі дрэнна кіраваць краінай, зьедуць усе разумныя людзі. Прэвэнтыўны ад’езд бізнэсоўцаў топ-узроўню сьведчыць: цяперашнюю Беларусь усё меней успрымаюць ня толькі месцам для інвэстыцый, а і ўвогуле для жыцьця.

–Тут як мінімум два чыньнікі – выдаткі і бясьпека. Усе цудоўна ведаюць: заявілася падатковая – проста запытай, колькі каштуе візыт. Ну ня могуць людзі сысьці з пустымі рукамі, у прынцыпе. Пачнеш ярапеніцца, заплаціш шмат больш. І як толькі выдаткі стануць несувымернымі апэтытым кантралёраў, бізнэс адсюль сыдзе.

Другі варыянт – фізычная пагроза. Калі бяз дай прычыны ўрываюцца ў офіс, вяжуць супрацоўнікаў, заводзяць справы. Натуральна, людзі прыстасоўваюцца да ўсяго, аднак у любога цярпеньня ёсьць крытычная мяжа.    

Пры гэтым Сяргей Ш. прызнае, што кадравы і фінансавы перакос у бок адной галіны бумэрангам адаб’ецца на ўсіх іншых. І найперш гэта тычыцца дзяржаўнага сэктара:

– За кошт чаго рост? Гэта як нафта ці газ у Расеі. Дзе звышпрыбыткі, туды скіроўваюцца і рэсурсы. Адпаведна, церпяць іншыя сфэры. У тым ліку дзяржсэктар, адкуль паступова вымываюцца кадры. Такая дэградацыя пачне тармазіць і ўласна ІТ-сэктар. Я маю на ўвазе ініцыятывы кантролю над айцішнікамі (абсурд у тым, што хочуць кантраляваць, не разумеючы, як гэта працуе).

Чым урэшце скончыцца? Зацісканеньнем гаек. Вось мы сядзім зь юрыстам і бугальтарам, вырашаем, што лепей: за гэта пасадзяць, за гэта штраф. Значыць, падганяем пад штраф. Бо нарадзіўся ў Беларусі – ужо вінаваты. Нешта зрабіў ня так, проста яшчэ ня ведаеш, што менавіта.

«Пасьля апазыцыі і банкіраў цалкам лягічныя сэктаральныя пагромы айцішнікаў»   

Якім бы магутным ня быў прыток у «ласую галіну», утрымліваць усе астатнія сфэры праграмісты ня здолеюць фізычна, працягвае суразмоўца. З аднаго боку, бальшыня праграмістаў праз недахоп часу непераборлівыя ў запытах. З другога, «соляць» заробленыя грошы на выпадак рэлякацыі.

– Так, гэта найбольш прывабная сфэра. ІТ-бізнэс больш маржынальны, бо нам плацяць з-за мяжы, а валютны заробак страхуе ад курсавых ваганьняў. Моладзь вельмі лёгка ўваходзіць. Калі гляджу рэзюмэ без профільнай адукацыі, запытваю наконт ангельскай мовы. У бальшыні ўсё о'к.

Старэйшыя – трохі горш, але і 40+ ужо загаварылі. Таму рэальна інкарпараваць вялізную колькасьць людзей. Пытаньне ў іншым: мы ня зможам карміць усю сфэру паслугаў. Міністры, клеркі, якія добра сябе адчуваюць пры гэтай уладзе, нічога не вырабляюць, але спажываюць паслугі – трэнажоры, спа-салёны, цырульні. І што, калі ўсё згорнецца»

Айцішнікі – хлопцы збольшага непераборлівыя, на залатыя унітазы не прэтэндуюць, іранізуе Сяргей (хіба набудуць лепшую машыну). Плюс у чаканьні форс-мажору моцна скарацілі расходы. А гэта таксама вывад грошай з эканомікі, з абароту. Усё чапляецца адно за адно, канстатуе ён.

Лукашэнка, зьвяртаючыся да апанэнтаў, якія пасягнулі на «стабільнасьць» (асабліва гэта тычыцца заможнай публікі), задаецца адным і тым жа пытаньнем: «Ну чыво вам не хватает?». Сапраўды, чаго?

Абвінаваціць айцішнікаў – самы лёгкі спосаб забалбатаць праблему, працягвае Сяргей. Ня трэба нават лягічнага тлумачэньня, дастаткова адраснага пасылу з тэлеэкрану, каб правесьці яшчэ адну лінію расколу грамадзтва. Тых жа банкіраў ужо пусьцілі з працягнутай рукой, а нафтавікі ды калійнікі – свае, на іх не пасягнеш.

Зрэшты, спадзяецца ён, гэтым разам спроба сутыкнуць ілбамі багатых і бедных можа і не спрацаваць: мэнэджэры, праграмісты ня толькі самі пацярпелі падчас акцый пратэсту, а і актыўна дапамагалі фінансава тым, хто апынуўся ў бядзе. Калі бачыш, што дзяржава адключыла тармазы, цана пытаньня адыходзіць на другі плян, падсумоўвае ён. 

Паводле суразмоўцы, сучаснае грамадзтва ня можа ігнараваць тэхналягічны прагрэс. У Беларусі яшчэ ёсьць рычагі, каб захаваць абваяванае месца на рынку высокіх тэхналёгій. Але ў выпадку «сэктаральных пагромаў», якія набываюць усё больш рэальныя абрысы, куды большыя шанцы адкаціцца ў эпоху «лічыльнікаў-касьцяшак». 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(40)