Комментарии
Лявон Баршчэўскі, «Народная воля»

Самавызначэнне, народжанае ў пакутах

Усеагульны сацыяльна-эканамiчны i палiтычны крызiс, у якiм апынулася Расiйская iмперыя ў час Першай сусветнай вайны, прывёў у 1917 годзе да каласальных рэвалюцыйных катаклiзмаў. Звяржэнне самадзяржаўя ў лютым 1917 г. i паскораны гэтым працэс дэзiнтэграцыi iмперыi аб'ектыўна выносiлi на парадак дня праблему дзяржаўна-палiтычнага i нацыянальна-культурнага самавызначэння яе шматлiкiх народаў. Неабходнасць пастаноўкi такой праблемы i пошуку спосабаў яе вырашэння паўстала i перад беларускiм народам.

Аднак рэальныя суадносiны сацыяльна-палiтычных сiл, што склалiся на тэрыторыi краю за гады вайны, не спрыялi хуткаму ўсведамленню мясцовым насельнiцтвам патрэбы нацыянальнага самавызначэння. Беларускiм патрыётам-адраджэнцам, большая частка якiх з'яўлялася ў палiтыцы пачаткоўцамi, надзвычай складана было адстойваць iнтарэсы беларускага народа ва ўмовах, калi ў краi дзейнiчалi непараўнальна больш магутныя цэнтралiсцкiя сiлы, а нацыянальная самасвядомасць асноўнага класа беларускай нацыi — сялянства — не вызначалася высокiм узроўнем. Беларускi нацыянальны рух увесь час сутыкаўся з вялiкiмi цяжкасцямi, таму вельмi павольна набываў значэнне ўплывовай палiтычнай сiлы.

Агульнарасiйскiя партыi (лiберальныя, народнiцкiя, сацыял-дэмакратычныя), якiя аказвалi ў 1917 годзе вызначальны ўплыў на грамадскае жыццё Беларусi, зыходзiлi з прыярытэту вялiкадзяржаўных, агульнадэмакратычных альбо класавых iнтарэсаў. Нацыянальнае пытанне, як правiла, не мела для iх самадастатковага значэння. Сфарміраваныя ў ходзе рэвалюцыi цэнтральныя i мясцовыя органы ўлады, саветы рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў, а таксама камандаванне i вайсковыя камiтэты Заходняга фронту былi iндыферэнтныя цi нават варожыя да беларускай iдэi, праводзiлi вялiкадзяржаўнiцкую палiтыку.

Разам з тым рэвалюцыя стварыла шырокiя магчымасцi для разгортвання i арганiзацыйна-палiтычнага афармлення беларускага нацыянальнага руху — асноўнага генератара iдэi самавызначэння. У канцы сакавiка 1917 года ў Менску быў створаны каардынацыйны цэнтр — Беларускi нацыянальны камiтэт, заменены ў лiпенi Цэнтральнай радай беларускiх арганiзацый, якая ў кастрычнiку была пераўтворана ў Вялiкую Беларускую раду.

Яшчэ адным важным, менавiта геапалiтычным фактарам, што зрабiў iстотны ўплыў на далейшае развiццё падзей i разгортванне беларускага нацыянальнага руху, была вялiкая пагроза таго, што лiнiя расiйска-германскага фронту, якая праходзiла па тэрыторыi Беларусi, можа стаць у блiжэйшай будучынi лiнiяй падзелу беларускага народа па вынiках мiрных перагавораў. Так, у рэзалюцыi "Аб нацыянальна-палiтычным Адраджэннi Беларусi", прынятай канферэнцыяй воiнаў-беларусаў Петраградскага гарнiзона, што адбылася 11—14 лiстапада 1917 г., адзначалася: "Лёс Беларусi цалкам залежыць ад вынiкаў мiрных перагавораў. Няма ўпэўненасцi ў тым, што акупаваная частка Беларусi будзе ўз'яднаная з астатняю яе часткаю ў выпадку, калi на мiрнай канферэнцыi не будзе прадстаўнiка беларускага народа".

Канферэнцыя воiнаў-беларусаў Петраградскага гарнiзона прызнала неабходным дабiвацца такога прадстаўнiцтва i звярнулася да Савета Народных Камiсараў з патрабаваннем выдаць дэкрэт аб тым, што "расiйскi сялянскi i рабочы Урад паставiць адной з умоў заключэння мiру аб'яднанне абедзвюх частак Беларусi", падзеленай на той момант лiнiяй фронту. А для падтрымання "законных, спрадвечных i неад'емных" патрабаванняў беларускага народа ўдзельнiкi канферэнцыi заклiкалi згуртаваць "усе жывыя сiлы беларускага народа вакол Вялiкай беларускай рады i Беларускай цэнтральнай вайсковай рады ў г. Мiнску".

Менавiта Вялiкая Беларуская Рада выступiла iнiцыятарам склiкання Першага Усебеларускага з'езда ў снежнi 1917 г., дэлегаты якога таксама выказвалi сваё хваляванне за лёс свайго краю. Так, 15 снежня 1917 г. адбылася гутарка старшынi з'езда А.Савiча з народным камiсарам па нацыянальных справах урада Савецкай Расii I.Сталiным. I.Сталiн запэўнiў дэлегатаў Усебеларускага з'езда ў тым, што пытанне пра далейшы лёс Беларусi не абмяркоўвалася i паабяцаў, што "Савет Народных Камiсараў будзе абараняць iнтарэсы працоўных мас Беларусi ўсiмi сродкамi".

Разам з тым адказ I.Сталiна дэлегатамi быў успрыняты з пэўнай насцярогай. Па пытаннi пра палiтычнае i мiжнароднае становiшча дэлегаты Першага Усебеларускага з'езда падрыхтавалi рэзалюцыю, паводле якой "Беларускаму Народнаму Савету павiнна належаць права абароны iнтарэсаў Беларусi пры заключэннi мiру".

У пачатку 2-й гадзiны ночы 18 снежня 1917 года была абвешчана вынiковая пастанова з'езда, паводле якой: "Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расiйскай рэвалюцыяй, i сцвярджаючы дэмакратычны рэспублiканскi лад у межах Беларускай зямлi, для выратавання роднага краю i засцярогi яго ад падзелу i адрыву ад Расiйскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублiкi, І Усебеларускi з'езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскiх, салдацкiх i рабочых дэпутатаў, якi часова становiцца на чале кiравання краем, уступаючы ў справавыя дачыненнi з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў".

Такiм чынам, адлюстроўваючы настроi, безумоўна, пераважнай бальшынi тагачаснага беларускага грамадства, з'езд не дапускаў магчымасцi iснавання Беларусi па-за межамi агульнарасiйскай, "постiмперскай" геапалiтычнай прасторы. Думка пра ўваходжанне Беларусi ў мiжнародную супольнасць (сусветную, еўрапейскую) без пасярэднiцтва Расii яшчэ не ўкладвалася ва ўяўленне пераважнай часткi беларускай палiтычнай элiты ўзору 1917 года.

Разам з тым Усебеларускi з'езд зафiксаваў важны зрух у яе грамадскай свядомасцi: Беларусь хоць i ўяўлялася па-ранейшаму толькi звяном больш шырокага дзяржаўна-палiтычнага аб'яднання, але ўжо не як безаблiчная, жорстка падпарадкаваная цэнтру правiнцыя, а як параўнаўча самастойны, раўнапраўны, з уласнымi iнтарэсамi i аўтаномнай сiстэмай кiравання суб'ект агульнарасiйскага супольнiцтва народаў i краёў. Такi статус мог паслужыць стартавай пляцоўкай для будучага руху да поўнага суверэнiтэту.

Усебеларускi з'езд, насуперак сцвярджэнням савецкай гiстарыяграфii пра нiбыта ажыццёўленую iм спробу "ўзурпацыi ўлады", зусiм не прэтэндаваў на беспаваротнае замацаванне ўлады за сабой i вылучаным са свайго складу органам. Наадварот, апошнi разглядаўся толькi як часовы; галоўным яго заданнем вызначалася найхутчэйшае склiканне Беларускага Устаноўчага сходу, якi быў заклiканы прыняць канчатковую пастанову аб самавызначэннi Беларусi i сфармiраваць пастаянныя органы ўлады.

Гэта быў дэмакратычны негвалтоўны, цывiлiзаваны шлях. Такi шлях, мiж iншым, даваў немалыя шансы доступу да краёвай улады i бальшавiкам, паколькi яны (як паказалi выбары ва Усерасiйскi Устаноўчы сход) карысталiся на той момант значным рэйтынгам сярод мясцовага насельнiцтва. Так што i ў гэтым плане адкрывалася прастора для кампрамiсаў. Разам з тым, як адзначыў I.М. Iгнаценка, бальшавiкi лiчылi, што толькi iх думка мела права на жыццё, кампрамiс у iх разуменнi — гэта ўступка толькi процiлеглага боку.

Таму, нягледзячы на тое, што 17 снежня 1917 года (ст. ст.) быў прыняты Зварот Народнага Камiсарыята Замежных спраў Савецкай Расii да народаў i ўрадаў саюзных краiн, якiм адзначалася, што "Руская рэвалюцыя прадставiла гэта права (на самавызначэнне) народам Фiнляндыi, Украiны, Беларусi i г.д. Вiдавочна, што патрабаваць самавызначэння для народаў, якiя знаходзяцца ў межах варожых дзяржаў, i адмаўляць у самавызначэннi народам уласнай дзяржавы або ўласных калонiй азначала б баранiць праграму самага непрыкрытага, самага цынiчнага iмперыялiзму".

Позняй ноччу з 17 на 18 снежня 1917 года ўзброенымi салдатамi на чале з начальнiкам Мiнскага гарнiзона М.Крывашэiным i членам СНК Заходняй вобласцi i фронту Л.Рэзаўскiм праца I Усебеларускага з'езда была гвалтоўна спынена, прэзiдыум i некаторыя дэлегаты арыштаваныя. Разгон Усебеларускага з'езда сарваў натуральны, легiтымны, найбольш паўнавартасны шлях ператварэння беларусаў з аморфнай этнiчнай масы ў сучасную палiтычную нацыю.

Стаўшы вяршыняй усяго папярэдняга развiцця беларускага нацыянальнага руху, Усебеларускi з'езд, якi сабраў 1872 дэлегаты, з'явiўся першым у гiсторыi прадстаўнiчым форумам усёй беларускай этнасацыяльнай супольнасцi. Ён быў своеасаблiвай жывой мадэллю гэтай супольнасцi — з усiмi яе моцнымi i слабымi бакамi. З'езд канчаткова сцвердзiў факт iснавання беларускага народа, засведчыў пачатак усведамлення iм сваiх палiтычных iнтарэсаў. Пасля з'езда iгнараваць беларускае пытанне ўжо стала практычна немагчыма.

Неабходна адзначыць, што з'езд, як выказнiк iнтарэсаў палiтычна актыўнай часткi беларускага народа, меў найвышэйшую ва ўмовах таго часу ступень легiтымнасцi. Законна створаныя iм органы: Савет (Рада) з'езда i Выканаўчы камiтэт Рады з'езда мелi права прымаць абсалютна легiтымныя рашэннi па пытаннях, што датычылiся лёсу Беларусi i яе народа.

Гiстарычныя падзеi канца 1917 г. — пачатку 1918 г., а менавiта — абвяшчэнне незалежнасцi Украiнскай Народнай Рэспублiкi ў студзенi 1918 г. i абвяшчэнне 16 лютага 1918-га Дэкларацыi незалежнасцi Летувiскай дзяржавы з iх прэтэнзiямi на беларускiя тэрыторыi, акупацыя немцамi ў лютым 1918 г. большай часткi Беларусi, падпiсанне ў Брэст-Лiтоўску сепаратнай савецка-германскай дамовы пры поўным iгнараваннi беларускiх iнтарэсаў — яшчэ пiльней патрабавалi, каб перад сусветнай грамадскасцю было прадэманстравана, што гэтая зямля мае законнага гаспадара — самабытны беларускi народ, якi жыве тут спрадвеку.

Як сведчылi ўмовы мiрнага дагавора, Германскi ўрад, як, дарэчы, i ўрад Савецкай Расii, не прынялi пад увагу iнтарэсы беларусаў. Беларусь не атрымлiвала нiчога на аднаўленне разбуранай у час вайны гаспадаркi, таму што ўрады Германii i Савецкай Расii ўзаемна адмовiлiся ад пагашэння страт, прычыненых вайной насельнiцтву гэтых дзяржаў.

Частку Гродзеншчыны i Вiленшчыны немцы збiралiся перадаць Лiтоўскай дзяржаве. Па дагаворы немцаў з украiнцамi тэрыторыя Гомельскага, Пiнскага, Кобрынскага i частка Пружанскага паветаў на поўдзень ад Палескай чыгункi пераходзiлi пад уладу УНР, а канчатковае ўстанаўленне гранiцы Беларусi i Украiны павiнна было стаць прадметам асобных перагавораў.

Як адзначаў Макар Краўцоў, "Беларусь была парэзана на кавалкi, без нiякае згоды на гэта з яе боку, без нiякага яе голасу пры гэтым. Хаця бальшавiкi адкацiлiся далёка на ўсход ад старога фронту iмперыялiстычнай нямецка-расiйскай вайны, але немцы трымалi i гэты стары фронт, як моцны кардон, не даючы магчымасцi яднацца раней акупiраванай iмi часцi Беларусi з рэштаю яе на Усходзе".

Геапалiтычная сiтуацыя для беларусаў яшчэ ўскладнялася i тым фактам, што ў сакавiку 1918 года ў Берлiне адбылася сустрэча прадстаўнiкоў кiруючых партый рэйхстагу з кiраўнiкамi польскiх арганiзацый. Разглядалася пытанне пра магчымасць перадачы Германiяй Польшчы беларускiх зямель Гродзеншчыны i часткi Мiншчыны ў якасцi кампенсацыi за адказ палякаў ад прэтэнзiй на Познаньшчыну.

У сувязi з гэтай сустрэчай Выканаўчы Камiтэт Рады I Усебеларускага з'езда i Народны Сакратарыят БНР накiравалi германскаму рэйхсканцлеру Гертлiнгу мемарандум, заяўляючы, што "падобны акт (перадача зямель беларускiх Польшчы) нарушыў бы самыя жыццёвыя iнтарэсы беларускага народа i значнай большасцi нацыянальных меншасцяў Беларусi i была б палiчана народнымi масамi, як цяжкая знявага". Менавiта гэты факт, побач з заключэннем Брэсцкага мiру, i абумовiў у значнай ступенi прыняцце 25 сакавiка 1918 г. Радай БНР 3-й Устаўной граматы.

Як адзначаў член Рады БНР П.А.Крэчэўскi, "выхаду не было, а чуткi i розныя навiны ўсё раслi... Краiна з пятнаццацiмiльённым насельнiцтвам, пра якую раней амаль нiхто не ведаў, цi больш правiльна, не хацеў ведаць, стала арэнай мiжнародных несумленных пагадненняў, — пра яе iшла спрэчка-гутарка ўжо ў Германскiм Рэйхстагу. Там, пад уплывам палякаў i iншых, партыя рэйхсканцлера, а пра гэта Рада мела дакладныя звесткi, схiлялася да падзелу Беларусi".

Умовы i гандаль беларускiм народам i тэрыторыяй памiж палякамi i немцамi патрабавалi выяўлення юрыдычнага аблiчча ад Беларусi. Нельга было пратэставаць супраць падзелу, калi дзялiлi тыя, каму яшчэ належаў суверэнiтэт над Беларуссю i для каго гэты раздзел быў толькi ўнутранай справай Расii.

25 сакавiка 1918 года была прынятая 3-я Устаўная Грамата. Граматаю Беларуская Народная Рэспублiка абвяшчалася незалежнай i вольнай дзяржавай. Брэсцкi мiрны дагавор, падпiсаны за Беларусь чужым урадам, паводле граматы, абвяшчаўся страцiўшым моц.

Зыходзячы з гэтага, урад Беларусi звярнуўся да зацiкаўленых бакоў з прапановай перагледзець умовы Брэсцкага мiру. Гэта быў неабходны i лагiчны адказ на суровыя выклiкi часу. Разам з тым дадзены акт стаўся адной з перадумоў для чарговых крокаў па шляху да ўсталявання беларускай дзяржаўнасцi, ажыццёўленых ужо на савецкай аснове.

Безумоўна, абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi, дзейнасць яе ўрадавых структур — Народнага Сакратарыята i Рады, з'явiлася першым крокам на шляху стварэння дзяржаўнасцi Беларусi. Неаспрэчным з'яўляецца тое, што самiм фактам утварэння БНР пытанне аб праве беларускай нацыi на самавызначэнне было пастаўлена ў плоскасць практычнай рэалiзацыi.

Разам з тым БНР была дзяржаўным утварэннем у стадыi фармiравання. Хаця БНР абвяшчалася ў межах этнаграфiчнага рассялення беларусаў, але юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыi не ажыццяўляла. Не было армii, палiцыi, адсутнiчала фiнансавая сiстэма. Сфармiраваная ўлада на месцах абмяжоўвалася прадстаўнiцтвам пры акупацыйных уладах. Весцi гутарку аб гарантыi правоў беларускага насельнiцтва ва ўмовах акупацыi наогул немагчыма.

Абвяшчэнне незалежнасцi БНР вызначыла новы этап у палiтычнай гiсторыi Беларусi, у тым лiку ў гiсторыi яе дыпламатыi. Незалежная дзяржава магла на законнай падставе патрабаваць вываду замежных войск са сваёй тэрыторыi, вяртання адарваных зямель, прэтэндаваць на кампенсацыю страт, якiя прынесла вайна беларускаму насельнiцтву, атрымаць матэрыяльную i фiнансавую дапамогу з боку замежных дзяржаў.

Аднак адстойваць iнтарэсы Беларусi на мiжнароднай арэне было няпроста. Фактычна абвяшчэнне незалежнасцi Беларусi адбылося ва ўмовах акупацыi большай часткi яе тэрыторыi войскамi Германii. Улады Германii аднеслiся да акта ўтварэння Беларускай дзяржавы скептычна, бо лiчылi беларускi нацыянальны рух недастаткова развiтым i разглядалi Беларусь як разменную манету ў палiтычным гандлi з кiраўнiцтвам РСФСР.

Разам з тым немцы не перашкаджалi беларусам ажыццяўляць пэўныя акцыi ў сферы мiжнароднай палiтыкi. У перыяд з вясны да восенi 1918 г. Рада БНР i створаны ёй урад зрабiлi першыя крокi на шляху да ўстанаўлення рэальнай дзяржаўнасцi з усiмi яе атрыбутамi, у тым лiку дыпламатычнай службай. Урад БНР падтрымлiваў кантакты з Украiнай, Лiтвой, Латвiяй, Эстонiяй, германскiм камандаваннем на акупiраванай Беларусi, а потым з Германiяй, Чэхаславакiяй.

Савецкi ўрад таксама не iгнараваў БНР. У Маскве дзейнiчала консульства БНР на чале з А.Бурбiсам. У лiстападзе 1918 г. А.Луцкевiч вёў у Маскве перагаворы з У.Ленiным аб стварэннi беларускай савецкай дзяржаўнасцi.

Тым не менш застаецца гiстарычным фактам, што месца для самастойнай Беларускай Рэспублiкi ў геапалiтычнай прасторы Усходняй Еўропы тагачаснае палiтычнае кiраўнiцтва Германii не бачыла, дакладней, не хацела бачыць.

Абвяшчэнне БНР i дзейнасць яе ўрадавых структур садзейнiчалі актывiзацыi дзяржаваўтваральнага працэсу на савецкай аснове, якi стаў рэальнасцю пасля вызвалення тэрыторыi Беларусi ад войскаў кайзераўскай Германii. Так, кiраўнiк спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусi В.Кнорын сведчыць аб тым, што ў перыяд нямецкай акупацыi адбываўся працэс "засвойвання масамi iдэi беларускай незалежнасцi, якой партыi трэба было надаваць увагу... БССР была заснавана для таго, каб забяспечыць уплыў на масы, якiя iшлi за буржуазнымi нацыяналiстамi".

Таму можна пагадзiцца з тымi аўтарамi, якiя лiчаць, што з пункту погляду вырашэння праблемы самавызначэння Беларусi абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублiкi ў сакавiку 1918 г. i заснаванне Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi ў студзенi 1919 г. уяўлялi сабой "звёны аднаго працэсу", аб'ектыўна абумоўленага гiстарычнага працэсу станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасцi беларусаў.

У наступныя дзесяцiгоддзi якраз Беларуская ССР як палiтыка-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе СССР з фармальнымi атрыбутамi нацыянальнай дзяржаўнасцi сабрала вакол мясцовага цэнтра ўлады асноўную частку этнiчнай тэрыторыi беларусаў i ў 20—80-я гады ХХ ст. аб'ектыўна адыграла ролю дзяржаўна-палiтычнага ды культурнага iнтэгратара, свайго роду апорнай канструкцыi ў працэсе фармiравання беларускай нацыi. На аснове БССР у 1991 годзе была абвешчана суверэнная Рэспублiка Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)