Салавей: «Дадуць каманду — будуць граміць і караць, загадаюць не бачыць — не будуць заўважаць ніякіх праблем»

Станіслаў Салавей распавёў Филину аб тым, як у Беларусі змяніліся падыходы да ацэнкі працы сістэмы аховы здароўя.

Беларускі лекар, адзін з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў «Панацэя» і намеснік прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Станіслаў Салавей звярнуў увагу, як чыноўнікі і прапагандысты перастаюць ствараць выгляд «дзяржавы для народа» і рэагуюць на крытыку.

— Прыкладна праз 100 дзён пасля прызначэння новага міністра Хаджаева галоўны прапагандысцкі рупар выдаў артыкул, якая ў нас добрая медыцына і як не маюць рацыі тыя, хто скардзіцца на яе, — гаворыць медык. — Потым Тур раскрытыкаваў публічныя звароты і назваў іх «парталам у пекла». Днямі Качанава пачала казаць, што мы павінны бараніць лекараў, а не запалохваць, што за медычную памылку — адразу ў турму.

А тое, што тры ці чатыры гады «нехарошыя экстрэмісты» публічна ўздымаюць праблему, што нашыя лекары не абаронены, і пацыент таму не абаронены — гэтага раней як быццам не заўважалі.

І тут вельмі хітрая маніпуляцыя. З аднаго боку, усе лекары і медсёстры ведаюць, што скаргі пацыентаў нярэдка беспадстаўныя, але вымагаюць шмат часу і высілкаў, каб на ўсе іх адказаць і патлумачыць, чаму і як усё адбывалася. Я некалі ўдзельнічаў у разглядзе на высокім узроўні скаргі — скардзіліся не на мяне, але было ўказана, што і я «размаўляў суха і безэмацыйна». У чатыры гадзіны раніцы.

Але ж хапае і іншых выпадкаў, і сапраўды абгрунтаваных скаргаў — прыкладам, калі з-за неправільных маніпуляцый пацыент атрымаў апёк чацвёртай ступені, нават да косткі. І нельга ўраўноўваць гэтыя звароты і «закрыць» усе скаргі наогул.

Аднак тэндэнцыя менавіта такая. Я бачыў на e-petitions.by, што некалькі апошніх разоў Мінаховы здароўя ігнаруе звароты грамадзян — проста не адказваюць, альбо адказваюць у стылі «вас гэта не датычыцца».

Нават калі людзі ўказваюць на абсалютную дзіч, кшталту артыкулаў на сайце беларускай медустановы, нібыта група крыві ўплывае на характар, і японскія даследвальнікі высветлілі, што сярод уладальнікаў 4 групы найбольш гадалак, прадказальнікаў і г.д. — адказ такі: маўляў, не ваша справа, хто гэта пісаў і ці правяраліся гэтыя звесткі.

Калі помніце, да зняцця папярэдняга міністра Дзмітрыя Піневіча ў чыноўнікаў было модным крытыкаваць беларускае міністэрства аховы здароўя, і Лукашэнка казаў, што будзе справаздача і вялікая праверка. Ну вось у студзені бягучага года Піневіча знялі, пэўны час праводзіліся праверкі і фіксавалі неаказанне дапамогі, незабеспячэнне тэхнікай, па інерцыі выяўлялі хібы там і там, — а потым прыйшоў Хаджаеў, і стала ўсё добра і цудоўна, няма на што паскардзіцца.

На думку Станіслава Салаўя, гэты новы курс сведчыць пра далейшае «закручванне гаек» і не тое каб ігнараванне скаргаў, а іх прыдушэнне наогул.

— Прычым гэта ідзе хвалямі. Так, у 2021 годзе быў выпадак, калі мужчына зняў ролік пра тое, што ў лякарні плесень на сценах і разруха, скінуў свайму сябру, той пераслаў «экстрэмісцкім аб’яднанням», а потым аўтар вымушаны быў адседзець 15 сутак і выбачацца.

А праз год, калі была дадзеная каманда праверыць установы ў сістэме аховы здароўя, пракуратура «выявіла» тую ж плесень у лякарні…

То бок, дадуць каманду — будуць граміць і караць, загадаюць не бачыць — не будуць заўважаць ніякіх праблем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(14)