Политика
Уладзімер Глод, ”Радыё Свабода”

Сацыёлягі прагназуюць высокую яўку выбарцаў на мясцовыя выбары

Мясцовыя выбары адбудуцца 14 студзеня 2007 году. Адрозна ад усіх папярэдніх кампаніяў, другога туру выбараў ня будзе — у Беларусі ад сыстэмы так званай абсалютнай большасьці выбарнікаў пераходзяць да адноснай іх большасьці.

На практыцы гэта азначае, што цяпер дэпутатам становіцца той кандыдат, які набярэ ў сваёй акрузе больш за іншых прэтэндэнтаў галасоў. Ранейшы парог для перамогі ў 50% плюс 1 голас адмяняецца.

Хоць гэта можа паказацца камусьці дзіўным, але цікавасьць да рэгіянальных выбараў у насельніцтва застаецца высокай. Такую выснову зрабіў кіраўнік сацыялягічнага цэнтру "Зеркало-Инфо" Леанід Міхейчыкаў пасьля таго, як падвялі вынікі рэспубліканскага зандажу грамадзкай думкі. Апытаньне вялося з 8 па 17 верасьня:

(Міхейчыкаў: ) "Я думаю, яўка будзе вялікая. Раней, калі мы рабілі падобныя апытаньні, дык людзей, якія зьбіраліся не ісьці на выбары, было амаль удвая больш. А цяпер толькі 8% сказалі, што ўдзельнічаць у выбарах яны ня будуць. А з тых 22%, якія яшчэ ня вызначыліся за каго галасаваць, значная частка абавязкова пойдзе на выбарчыя ўчасткі".

А за каго зьбіраюцца галасаваць жыхары Беларусі? Паводле ўзгаданага апытаньня, найбольшыя шанцы маюць незалежныя кандыдаты — іх падтрымліваюць 24%. 22% гатовыя галасаваць за праўладных кандыдатаў, а 10% — за прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што гэтыя лічбы неўзабаве зьменяцца:

(Лябедзька: ) "Людзі выбіраюць лэйбал: незалежны, улады, дэмсілы. Слова "незалежны" пры ўсіх сацыялягічных апытаньнях прывабнае для беларускага выбарніка. Але толькі пасьля таго, як пачынаецца выбарчая кампанія і людзі знаёмяцца з канкрэтнымі кандыдатамі, яны прымаюць канчатковае рашэньне. Можа, за выключэньнем тых 22%, што гатовыя падтрымаць уладу, бо пра ўладу дастаткова інфармацыі. Што такое аб'яднаныя дэмсілы для бальшыні людзей пакуль не зразумела. 10 — гэта той мінімум, зь якога пачынае дэмакратычны кандыдат.І гэта неблагі падмурак".

У аднаго з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Уладзімера Нісьцюка падыходы іншыя. Ён цьвердзіць, што мясцовыя выбары значна адрозьніваюцца ад парлямэнцкіх:

(Нісьцюк: ) "Выбары ў мясцовыя саветы — гэта ня выбары заканатворцаў. Для выбарніка гэта выбары чалавека, які будзе абараняць яго інтарэсы на месцы. Мясцовы дэпутат — гэта дэпутат, які павінны змагацца за іх зацікаўленасьці ў жыльлёва-камунальных праблемах, абараняць ад мясцовых уладаў, якія парушаюць іх рэальныя сацыяльныя правы.

Ну, і, зразумела, вельмі многае залежыць ад таго, як кожны з кандыдатаў будзе праводзіць сваю кампанію. Я, прыкладам, у межах сваёй выбарчай акругі ўжо паўгода сустракаюся зь людзьмі, цікаўлюся іх праблемамі. Нейкія мы ўжо разам вырашылі, нейкія яшчэ вырашым. І таму я прыйду да выбарнікаў ня як прадстаўнік партыі ці дэмакратычных сілаў. Я прыйду як чалавек, які згодны і гатовы абараняць іх інтарэсы ў Менскім гарсавеце".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)