Таксама бачныя захады, каб падкрэсліць нейкія канфлікты ўнутры дэмакратычнай супольнасці і, быць можа, паўплываць на раскол унутры дэмакратычных сіл. Не думаю, што гэта атрымаецца за кошт прапаганды, але гэта відавочна артыкулюецца праз тое, што не ўсе апаненты рэжыму падтрымліваюць гуманітарны трэк.
Руднік: «Любы чалавек з рэжыму Лукашэнкі можа быць лепшым, чым ён, але дакладна не добрым кандыдатам»
Дырэктарка Цэнтра новых ідэй — пра электаральную «адлігу», задачы прапаганды і ці пойдзе правіцель на выбары.
Праз вызваленне некалькіх партый палітзняволеных рэжым спрабуе падаць сігнал, што ў Беларусі змяняецца сітуацыя, і Захаду ёсць аб чым гаварыць з беларускімі ўладамі, мяркуе паліталагіня Леся Руднік.
— Спроба залічана, яна ёсць, — пытанне ў тым, што гэтай спробы недастаткова дзеля таго, каб пераканаць іншы бок (перадусім пад гэтым бокам мы маем на ўвазе заходнія краіны, якім, хутчэй за ўсё, і пасылаецца сігнал), — зазначае Леся Руднік у эфіры Еўрарадыё.
Бо мала выпусціць людзей з турмы, але таксама вельмі важна не арыштоўваць новых, не працягваць гэтую хвалю рэпрэсій. І, дарэчы, днямі паглядзела на тое, што кажа беларуская прапаганда. Прыкладам, Васкрасенскі ўскосна прызнаў, што для яе даволі складаная схема, каб падтрымліваць рэпрэсіі на такім жа ўзроўні.
Гэтую думку падтрымліваюць шмат аналітыкаў: у доўгатэрміновай перспектыве аўтарытарныя рэжымы не ў стане падтрымліваць такую хвалю рэпрэсій — альбо трэба знаходзіць дадатковыя рэсурсы, якія будуць яе забяспечваць. Таму, верагодна, рэжым зацікаўлены ў тым, каб гэтую хвалю рэпрэсій змяншаць. Проста на сённяшні момант упэўненасць у палітычнай падтрымцы знутры краіны настолькі нізкая, што зрабіць гэта для рэжыму проста немагчыма.
Што да спробаў прапаганды закінуць беларускаму грамадству думку, што ўказы аб памілаванні — праява асабістай гуманнасці Аляксандра Лукашэнкі, ацаніць эфектыўнасць гэтых мэсэджаў даволі складана, мяркуе паліталагіня:
— Мы дакладна не ведаем, як аўдыторыя прапаганды ўспрымае гэтыя тэзісы, як увогуле на іх рэагуе беларускае грамадства. Аднак можна сказаць, што безумоўна заўважна, як той жа Васкрасенскі і іншыя спікеры спрабуюць абгрунтаваць вызваленні «гуманнасцю» рэжыму.
Часткова так і ёсць, мы бачым, што ідуць дыскусіі наконт таго, каб ісці на перамовы, на дыялог дзеля таго, каб захаваць жыцці і даць людзям дыхаць вольным паветрам. Але ж прапаганда гэты складаны канфлікт моцна падхоплівае і спрабуе адыграць свой наратыў.
Дзеля чаго прыкладаецца столькі высілкаў і ці рыхтуе Лукашэнка транзіт улады, ці нікому нічога аддаваць не збіраецца, а толькі закладае цаглінкі дзеля аддаленага будучага, і ў ім верагоднага пераемніка?
— Наталля Пяткевіч, якую Лукашэнка вярнуў у абойму — у параўнанні з ім меншае зло, прынамсі з тых дадзеных, што мы маем на сёння. Аднак публічна ў яе яшчэ не было магчымасці сябе праявіць, таму складана меркаваць, ці была б яна добрай альтэрнатывай.
Добры кандыдат — гэта той, хто спыніць рэпрэсіі, як мінімум. Гэта найменшыя патрабаванні для аздараўлення палітычнай сістэмы, не кажу зараз пра дэмакратызацыю. Таму як мінімум патрэбны чалавек, гатовы спыніць палітычныя рэпрэсіі, дазволіць дасяг да базавых правоў чалавека, дасяг да інфармацыйнага спажывання.
Мне складана меркаваць, наколькі гэта магчыма ў дачыненні да Пяткевіч. Аднак давайце паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя. Мая стаўка на тое, што гэта будзе ўсё ж хтосьці больш блізкі да Лукашэнкі, або больш прадказальны, як тая ж Качанава.
У кожным разе, любы чалавек з рэжыму Лукашэнкі можа быць лепшым, чым ён, але дакладна не добрым кандыдатам.
Ці пойдзе сам Лукашэнка на выбары ў 2025 годзе? Думаю, што пойдзе. Проста гістарычны погляд, аналіз асобы Лукашэнкі вядзе менавіта да такой думкі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное