Для мяне застаецца пакуль што загадкай, ці прэс-канферэнцыя была «замоўлена» Крамлём, ці была аўтаномным ходам Лукашэнкі. Але няма сумневу, што Лукашэнка агучваў тут – чарговы ўжо раз – запыт Крамля на «перадышку».
Рудкоўскі: Асноўная мэта прэс-канферэнцыі Лукашэнкі – паслаць сігнал Захаду, што Расія гатова на мірныя перамовы
Палітолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі ў каментары для «Філіна» – пра прэс-канферэнцыю кіраўніка Беларусі для замежных журналістаў.
– Адно з выказванняў Лукашэнкі: Зяленскі «знішчае краіну», а Украіну пасля завяршэння канфлікту «ніхто» аднаўляць не будзе. Як вы думаеце, навошта запрашаць замежных журналістаў, каб выказаць думкі, якія на Захадзе не могуць быць прынятымі?
– У ходзе прэс-канферэнцыі хіба разоў дзесяць як мінімум Лукашэнка – у розных варыянтах – агучваў адзін і той жа пасыл: Ідзіце на мірныя перамовы з Расіяй. Два разы ён нават намякнуў на тое, што Расія можа пайсці на «неверагодныя» саступкі. Разважанні пра злыя інтэнцыі Зяленскага, пра адрознасць інтарэсаў ваеннага і палітычнага кіраўніцтва Украіны і г.д. – гэта рытарычнае суправаджэнне асноўнага месыджу.
З гэтай нагоды Лукашэнка таксама прасунуў пару сваіх уласных «месыджаў», але дамінавала менавіта пытанне Крамля.
– Лукашэнка выказаўся пра заходніх палітыкаў, з якімі меў справу. Сказаў, што Меркель і Аланд цяпер «хлусяць» аб сваіх мэтах падмануць Расію падчас перамоў у Мінску, а Джона Болтана і Майкла Пампеа, якія здзейснілі візіты ў Беларусь, назваў «прыстойнымі людзьмі». Звяртае на сябе ўвагу той факт, што Лукашэнка казаў пра людзей, якія ўжо даўнавата пакінулі палітыку. Чаму ён звярнуўся да ўспамінаў?
– Пра Меркель і Аланда ён згадаў у кантэксце палемікі з тэзай, што, маўляў, Мінскія дамоўленасці былі інструментам падрыхтоўкі Украіны «да вайны» (пакідаем у баку пытанне таго, наколькі адэкватна Лукашэнка пераказвае пазіцыі згаданых палітыкаў). Болтана і Пампеа згадаў у кантэксце разжаванняў пра ролю беларуска-кітайскіх адносінаў.
Згадванне ўсіх гэтых палітыкаў было звязана з агучваненнем сваіх месыджаў – наконт Мінскіх дамоўленасцяў і наконт адносінаў з Кітаем. Тое, што яны «былыя», тут не мае асаблівага значэння.
– Лукашэнка падкрэсліў, што хоча нармальных адносін з заходнімі краінамі: «Умова з майго боку адна: не лезьце ў наш агарод. Мы неяк тут самі будзем разбірацца. Вы нам дапамагайце. Тады і палітвязняў не будзе, і іншых праблем у нас не будзе». Чаго канкрэтна хоча Лукашэнка і ці здольны ягоны сігнал атрымаць рэакцыю на Захадзе?
– Сігнал тут ясны: можам паступова вярнуцца да адносінаў, якія былі да 2020 (а тагачаснымі адносінамі былі ў цэлым задаволены і рэжым, і заходнія еўрапейцы), але спыніце падтрымку апазіцыі. Зняццё санкцый было б для рэжыму цалкам дарэчы, і дзеля гэтага ён, відаць, пайшоў бы на паступовае вызваленне палітвязняў. Але яго хвалюе актыўнасць і ўплыў эміграваўшых палітыкаў на чале з Ціханоўскай.
На Захадзе сігнал, пэўне, будзе заўважаны, але кардынальнай змены палітыкі амаль напэўна не адбудзецца. У лепшым выпадку ён можа быць узяты пад увагу ў ходзе абмеркавання іншых санкцыяў супраць рэжыму.
– Якое ў цэлым уражанне пакінула ў вас гэтая прэс-канферэнцыя? Якія ў яе маглі быць мэты і ці ўдасца іх дасягнуць?
– Асноўная мэта – паслаць моцны сігнал заходнім грамадствам, што Расія гатова на мірныя перамовы. Тут Лукашэнка заангажаваў ці не ўвесь свой аратарскі талент, каб пераканаць у тым, што такія перамовы – мэтазгодныя і выйгрышныя для самога Захаду і Украіны («С Россией можно договориться о невероятном... Сейчас более выгодные условия для Украины»).
Што ж, цалкам магчыма, што на частку заходніх грамадстваў такія пасылы могуць падзейнічаць, улічваючы, што там ёсць стомленасць пабочнымі прадуктамі вайны (напрыклад, ростам цэнаў) і апасенні таго, каб вайна не перакінулася ў іншыя часткі Еўропы.
Але напэўна гэта будзе не настолькі моцнае ўздзеянне, каб грамадская думка заходніх дзяржаў паўплывала на змену курсу, які ўжо ўсталяваўся (узмацненне эканамічнай і ваеннай дапамогі Украіне).
Читайте еще
Избранное