Комментарии
Аляксей Знаткевіч, “Наша ніва”

Разьбітыя люстэркі

Нават ад тых, хто ня верыць апошнім «аглушальным» лічбам Цэнтравыбаркаму, можна пачуць: «Лукашэнка мог бы абысьціся 55 працэнтамі, але ж яму карцела паказаць, што апазыцыю ўжо ніхто не падтрымлівае, што ён гара сярод мышэй».

Пра Лукашэнкава жаданьне няма чаго й спрачацца. Хапае і людзей, якім падабаецца ягоная палітыка. Вось толькі ці ёсьць тыя 55 працэнтаў?

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году можна было спасылацца на больш-менш незалежныя і верагодныя апытаньні грамадзкай думкі. Яны паказвалі, што Лукашэнка сапраўды набраў у першым туры крыху больш за палову галасоў. Цяпер спасылацца няма на што.

Тут не вядзецца пра тое, які быў бы рэйтынг Лукашэнкі, калі б ягоным супернікам дазвалялі ладзіць нармальныя сустрэчы з выбарцамі, калі б іх не затрымлівалі і не зьбівалі, калі б апазыцыя мела рэгулярны доступ да тэлевізара, а ня дзьве парэзаныя гадзіны на пяць гадоў. Рэч нават і ня ў тым, што сёлета дазвол на апытаньні каля выбарчых участкаў атрымалі толькі дзьве «правераныя» арганізацыі. Галоўная праблема — ці можна ўвогуле верыць нейкім апытаньням на палітычныя тэмы ў Беларусі, калі людзей штодня арыштоўваюць дзясяткамі, а старшыня КДБ празь дзяржаўную тэлевізію пагражае ўсім удзельнікам дэманстрацыі пратэсту сьмяротным пакараньнем.

Расейскі сацыялягічны цэнтар Лявады паспрабаваў правесьці апытаньне ў дзень выбараў, але не каля выбарчых участкаў. Прадстаўнікі цэнтру ўвогуле адмовіліся агучваць вынікі — яны тлумачаць, што траціна апытаных не хацела адказваць, а гэта ставіць пад сумнеў любыя лічбы. «Комсомольская правда» падае эпізод з працы цэнтру Ecoom каля аднаго з выбарчых участкаў у Менску — зь 19 апытаных адзін за Лукашэнку, адзін за Мілінкевіча, адзін супраць усіх, а 16 адмовіліся адказваць. Нагадаю, ужо з раніцы 19 сакавіка Ecoom, як заўжды, агучыў вялізарныя лічбы падтрымкі ўлады.

Мне самому цяпер давялося паўдзельнічаць у апытаньні, якое ладзілі ў беларускія студэнты каля амбасады Беларусі ў Празе. За дзень выбараў апыталі 157 чалавек. Зь іх 30 адмовіліся адказваць, адзін прагаласаваў за Гайдукевіча, шэсьць супраць усіх, восем за Казуліна, дзевяць за Лукашэнку і 103 за Мілінкевіча.

Аднаму з арганізатараў апытаньня супрацоўнікі амбасады потым паказалі копію пратаколу выбарчай камісіі. Паволе афіцыйнай вэрсіі, агулам прагаласавала 259 чалавек, за Лукашэнку — 156, за Мілінкевіча — 92, за Казуліна — 4, за Гайдукевіча — 2, адзін бюлетэнь прызнаны несапраўдным. Варта падкрэсьліць, што мы апытвалі менавіта тых, хто выходзіў з выбарчага ўчастку ў амбасадзе і казаў, што браў удзел у выбарах. Беларускія палітуцекачы, якія некалькі гадзінаў ладзілі каля пасольства пікет, у апытаньні ня ўдзельнічалі.

Простая матэматыка не сыходзіцца, нават калі зрабіць фантастычнае дапушчэньне, што ўсе, хто галасаваў датэрмінова, хто адмовіўся адказваць у апытаньні і каго мы папросту не заўважылі, прагаласавалі за Лукашэнку.

Нехта можа запярэчыць, што галасаваньне ў амбасадзе не адлюстроўвае настроі выбарцаў у Беларусі. Магчыма, хаця рэакцыі апытаных часам нагадвалі, грамадзянамі якой краіны мы ўсе ёсьць. Мне запомнілася пара сярэдняга веку, якая адмовілася агучыць свой выбар. Мужчына адразу схаваўся ў машыну, буркнуўшы: «Не магу». Жанчына чысьцюткай беларускай мовай папрасіла хвілінку пачакаць, пераклала ў багажнік нейкі пакет, а потым сама спыталася: «Гэта ж я магу адказваць, а магу і не адказваць?» «Ну так, натуральна,» — крыху разгубіўся я. «Тады я лепей ня буду адказваць». Я амаль адразу ж пашкадаваў, што не правёў экспэрымэнту — як бы яна рэагавала на заяву, што адказваць абавязкова?

Калі бяз жартаў, дык гэтаксама можна пярэчыць і любым вынікам апытаньняў на палітычныя тэмы ў Беларусі. Толькі калі сацыёлягі давядуць, што яны пракантралявалі фактар страху, што яны маюць надзейныя мэтодыкі, каб гэты страх замерыць і зрабіць на яго папраўкі — толькі тады можна казаць, што іх лібчы сапраўды нешта адлюстроўваюць. Бо ўлада паразьбівала люстэркі, і цяпер ёй няма куды глядзецца, каб убачыць уласны твар. А гэтае відовішча нашмат страшнейшае, чым «завэдзганыя францужанкі» на менскіх рэклямах, што некалі так расхвалявалі Лукашэнку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)