Общество
Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода

Разановіч і група яе падтрымкі прыпынілі галадоўку

Сёньня ўдзельніца акцыі пратэсту ўладальнікаў і кіроўцаў маршрутных таксі ў Берасьці Любоў Разановіч заявіла: "Калі мяне й надалей будуць перасьледаваць, я адразу ж аднаўлю сухую галадоўку й буду прасіць палітычнага прытулку ў іншай краіне. У Беларусі сумленным прадпрымальнікам жыць немагчыма".

(Разановіч: ) “Сёньня дактары паведамілі, што, паводле стану здароўя, я атрымаю інваліднасьць. У мяне хворыя ныркі, печань і селязёнка... Я прашу, каб так і паведамілі. Няхай чыноўнікі пачуюць.

Кожны месяц я плачу 1 мільён 230 тысяч рублёў у выглядзе розных падаткаў і збораў. Чым я завінавацілася дзяржаве? Хто адкажа за страту здароўя? Няхай чуюць і ведаюць.

Калі мяне й надалей будуць перасьледаваць, я адразу ж аднаўлю сухую галадоўку й буду прасіць палітычнага прытулку ў іншай краіне. У Беларусі сумленным прадпрымальнікам жыць немагчыма. Няўжо нельга было вырашыць нашы пытаньні цягам двух тыдняў?

Сёньня я перапыняю галадоўку. І мая група падтрымкі — Віктар Чайкоўскі, Вячаслаў Кухарчук, Трафім Багдасаран і ягоная жонка Тацяна, Галіна Барэцкая — таксама”.

Бестэрміновая галадоўка пачалася ў Берасьці 5 ліпеня. Да сёньня ў ёй ўдзельнічалі 14 чалавек: уладальнікі маршрутных таксі, кіроўцы, а таксама іхныя сваякі й два індывідуальныя прадпрымальнікі. Удзельнікі акцыі пратэставалі супраць трактоўкі Ўказу прэзыдэнта № 140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз транспартных сродкаў у камэрцыйных мэтах. Справа ж у тым, што свае маршруткі яны набылі да таго, як вышэйпамянёны Ўказ набыў сілу.

2 жніўня ўдзельніца галадоўкі Л.Разановіч зьвярнулася да прэзыдэнта краіны з адкрытым лістом, у якім прасіла “прадухіліць чалавечую трагедыю й дапамагчы”. Раніцай 8 жніўня яна была дастаўлена ў Цэнтральную гарадзкую лякарню Берасьця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)