Пяць рэанімабіляў за чатыры апошнія гады. Як выглядае «хуткая» для Лукашэнкі
Расьсьледаваньне Радыё Свабоды пра падначаленае Аляксандру Лукашэнку дзяржаўнае прадпрыемства «Белтрансспэцаўта» выявіла, што ў гэтым годзе ў распараджэньне прадпрыемства былі закупленыя два рэанімабілі коштам каля 380 тысяч даляраў кожны. Грошы на гэта выдзелілі зь дзяржаўнага бюджэту.
Верагодна, што гэтыя рэанімабілі выкарыстоўвае Лукашэнка. Яны ў разы даражэйшыя, чым рэанімабілі, якія набывалі апошнія гады для беларускіх шпіталяў.
Падрабязна пра аўтапарк «Белтрансспэцаўта» глядзіце ў расьсьледаваньні Свабоды:
Агулам за няпоўныя 4 гады — з 2021 году — «Белтрансспэцаўта» купіла ня менш за 5 рэанімабіляў. Для параўнаньня: за тыя ж 4 гады, згодна з тэндэрамі дзяржаўных зáкупаў, на ўсю Беларусь былі купленыя толькі 2 аўтамабілі ў падобнай камплектацыі — для Гомельскага і Мазырскага шпіталяў.
У базе транспартных сродкаў «Белтрансспэцаўта», якую мы атрымалі ад «Кібэрпартызанаў», на сярэдзіну 2020 году знаходзілася адразу некалькі машын з пазнакай «хуткая (неадкладная) мэдычная дапамога». З той жа базы можна зразумець, што машыны хуткай дапамогі купляюцца для Кіраўніцтва спраў рэгулярна з 2002 году.
У чэрвені 2020 году ў «Белтрансспэцаўта» іх было 9 штук розных гадоў выпуску. За апошнія 3 гады, пачынаючы з 2021, купілі яшчэ 5.
У дзяржаўныя шпіталі пастаўляюць «хуткія», як правіла, на базе мікрааўтобуса ад МАЗа ці «Газелі», але Кіраўніцтва спраў замовіла сёлета дзьве «хуткія» на базе «Мэрсэдэс-Бэнца». Пастаўляць такія машыны ўзялося барысаўскае прадпрыемства KF Auto.
Рэанімабілі, купленыя для Кіраўніцтва спраў, у 2–3 разы даражэйшыя, чым рэанімабілі, якія набываліся для беларускіх шпіталяў.
Для параўнаньня: у 2022 годзе для Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні быў куплены рэанімабіль за 300 тысяч рублёў (каля 117 тысяч даляраў), у тым жа годзе для «Белтрансспэцаўта» — за 795 тысяч рублёў (каля 308 тысяч даляраў). У 2024 годзе арганізацыя купляе ажно два рэанімабілі. Заяўленая цана аднаго — 1 мільён 260 тысяч рублёў, а другога — 1 мільён 240 тысяч рублёў. Гэта каля 380 тысяч даляраў за кожны.
Лекар, які доўгі час працаваў на кіроўнай пасадзе ў службе хуткай мэдычнай дапамогі (не раскрываем ягонага імя зь меркаваньняў бясьпекі), расказаў Свабодзе, што ў шпіталях тыя аўтамабілі, якія былі ў наяўнасьці, звычайна даўкамплектоўвалі, каб зь іх зрабіць рэанімабіль. Бо рэанімабілі — вельмі дарагая пакупка.
«Ёсьць норма. І, па-мойму, рэанімацыйная брыгада належыцца на 300 тысяч насельніцтва. Тыя машыны, якія прыходзілі для брыгадаў інтэнсіўнай тэрапіі з апаратурай, — гэта была вельмі такая бюджэтная вэрсія, спрошчаная. Каб атрымаць укамплектаваны рэанімабіль, павінна быць нейкая праграма. І дорага каштаваць будзе не сама машына, а больш абсталяваньне.
Раней, да 2020 году, машыны прыходзілі лепш укамплектаваныя. Вось пасьля... Вядома, праблема здарылася ў 2020-м — праз ковід. Самі разумееце, шмат грошай зжэр ковід. Таму пасьля 2020 году прыходзілі «Газэлі», ну, скажам так, бюджэтнай, мінімальнай камплектацыі», — пракамэнтаваў лекар.
Мы знайшлі рэанімабіль, які, верагодна, абслугоўваў Аляксандра Лукашэнку падчас ягонай прамовы ў Берасьцейскай крэпасьці 22 чэрвеня 2021 году.
Тады падчас ягонай прамовы побач на адміністрацыйным паркінгу непадалёк ад сцэны стаяў «Мэрсэдэс Спрынтэр» з нумарам 9427 TI-7.
Звонку цяжка зразумець яго прызначэньне. Але ў базе ДАІ, якую нам перадалі «Кібэрпартызаны», гэты аўтамабіль пазначаны як «хуткая мэдычная дапамога», на якой усталяваныя пробліскавыя маячкі і адмысловыя гукавыя сыгналы. Належыць аўтамабіль кампаніі Кіраўніцтва спраў — «Белтрансспэцаўта». Таму, магчыма, менавіта так і выглядае рэанімабіль для Лукашэнкі.
Павал Латушка, які быў міністрам культуры ў 2009–2012 гг., мяркуе, што рэанімабіль выкарыстоўваецца пэрсанальна для Лукашэнкі.
«І ўсе самыя дарагія аўтамабілі, якія набываліся, яны набываліся выключна перадусім для Лукашэнкі і для службы бясьпекі Лукашэнкі, якія забясьпечвалі яго бясьпеку ці суправаджэньне падчас розных паездак, — расказвае Павал Латушка. — Таксама некаторыя з гэтых аўтамабіляў маглі выкарыстоўвацца падчас візытаў высокага ўзроўню. Ну, былі ж сытуацыі, калі прэзыдэнт Францыі прыяжджаў і канцлер Нямеччыны ў Беларусь.
Цяпер хто можа прыяжджаць? Кіраўнік Кітаю і Пуцін. Гэтыя аўтамабілі маглі выкарыстоўвацца падчас гэтых візытаў. Але перадусім гэта ўсё рабілася ў інтарэсах сям’і Лукашэнкі, яго асабіста і ягонай сям’і».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное