Прысуд Зміцеру Дашкевічу будзе вынесены 1 лістапада ў 16.00

Прысуд лідэру "Маладога Фронту" Зміцеру Дашкевічу будзе вынесены 1 лістапада ў 16.00. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў адвакат моладзевага лідэра Аляксандр Галіеў.

Такім чынам, працэс па справе Дашкевіча працягваўся ўсяго 2 (!) дні. Адвакат звязвае такі кароткі працэс з нез`яўленнем у суд вялікай колькасці сведак. "Сапраўды, зыходзячы з матэрыялаў справы, я меркаваў, што гэта зойме больш часу, хоць бы пяць дзён. Я думаю, што гэта звязана з тым, што ў суд з`явіліся не ўсе сведкі. Усе астатнія крымінальна-працэсуальныя дзеянні ў судзе былі выкананыя. Нажаль, больш нічога сказаць не магу. Я папярэджаны аб нясенні крымінальнай адказнасці ў выпадку разгалашэння дадзеных судовага працэсу", — паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адвакат.

Суд над лідэрам "Маладога Фронту" Зміцерам Дашкевічам пачаўся ў панядзелак, 30 кастрычніка, у Кастрычніцкім судзе Менска. Моладзевага актывіста вінавацяць у парушэнні ар.193 Крымінальнага кодэкса — "дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Зміцер Дашкевіч ужо больш за месяц ўтрымоўваецца ў следчым ізалятары ГУУС Менгарвыканкама. Паводле абвінавачвання, яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, што па дадзеным артыкуле ўжо асуджаныя актывісты грамадзянскай ініцыятывы па назіранні за выбарамі "Партнёрства". У зняволенні зараз знаходзяцца актывісты "Партнёрства" Цімафей Дранчук і Мікалай Астрэйка, каго суд прысудзіў да аднаго і двух гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Артыкул "дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі" з`явілася ў Крымінальным кодэксе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Па меркаванні назіральнікаў, выключна для ціску на грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў.

"Шматлікія моманты суду над Зміцерам Дашкевічам нагадваюць суд над "Партнёрствам". Самі можаце судзіць — абодва працэсы зачыненыя. Вельмі б хацелася, каб прысуд не быў такім жа…" — сказаў Аляксандр Галіеў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)