Экономика

Прыбытак упаў у 12 разоў. Што на заводах, дзе год таму пачыналіся пратэсты

У жніўні мінулага году на некаторых буйных беларускіх прадпрыемствах пачаліся хваляваньні рабочых, нязгодных з вынікамі выбараў і гвалтам сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі. Радыё Свабода прапануе паглядзець, што на гэтых заводах адбываецца цяпер.

МЗКЦ

17 жніўня мінулага году Лукашэнка прыляцеў на верталёце на МЗКЦ, каб супакоіць рабочых, бо шмат на якіх прадпрыемствах пачыналіся страйкі. Ад рабочых ён пачуў «Сыходзь!». Калі крыкі сьціхлі, ён сказаў, што нікуды ня сыдзе і выбары ўжо правялі.

Чысты прыбытак заводу за мінулы год — 7,1 мільёна рублёў, годам раней прыбытак быў большы ў 3,1 раза. За год колькасьць супрацоўнікаў заводу зьменшылася на 307 чалавек.

Па кароткатэрміновых крэдытах завод вінен 101 мільён рублёў (годам раней было 108 мільёнаў), па доўгатэрміновых — 5,3 мільёна (годам раней было 9,2 мільёна).

МТЗ

14 жніўня мінулага году рабочыя МТЗ калёнай прайшлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску і далучыліся да пратэстоўцаў. Пасьля на заводзе ўтварыўся страйкам, некаторыя рабочыя сышлі ў страйк, некаторых улады звольнілі. Лідэр страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі быў вымушаны зьехаць зь Беларусі.

Глядзім, што цяпер на заводзе.

Чысты прыбытак МТЗ за мінулы год — 8,2 мільёна рублёў, годам раней ён быў большы ў 12 разоў, паводле адзінага парталу фінансавага рынку. На 31 сакавіка гэтага году завод вінен 835 мільёнаў рублёў па кароткатэрміновых крэдытах і 416 мільёнаў па доўгатэрміновых. Годам раней даўгоў было больш на некалькі дзясяткаў мільёнаў.

БелАЗ

13 жніўня мінулага году рабочыя БелАЗ сабраліся ва ўнутраным дворыку заводу, рабочыя задавалі пытаньні кіраўніцтву заводу, а таксама старшыні Жлобінскага гарвыканкаму Дзьмітрыю Заблоцкаму. Пытаньні тычыліся выбараў і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі.

Пазьней некаторыя рабочыя БелАЗу далучыліся да страйку. Чысты прыбытак БелАЗу за мінулы год — 30,8 мільёна рублёў. Годам раней прыбытак быў большы ў 8,6 раза. Колькасьць супрацоўнікаў за год зьменшылася на 571 чалавека. Па доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 394 мільёны рублёў, гэта ў 6 разоў болей, чым годам раней.

Па кароткатэрміновых крэдытах даўгі заводу — больш за 1 мільярд рублёў. За год доўг зьменшыўся на 28 мільёнаў рублёў.

«Гродна Азот»

У жніўні 2020 году некалькі тысячаў рабочых «Гродна Азоту» далучыліся да маршу ў Горадні. Многія супрацоўнікі «Гродна Азоту» падтрымалі агульнанацыянальны страйк у кастрычніку мінулага году.

Тады супрацоўнікаў заводу на прахадной з прымяненьнем гвалту затрымліваў АМАП. Каля 30 чалавек звольнілі з «Гродна Азоту» пасьля пачатку нацыянальнага страйку летась 26 кастрычніка. Частка зь іх (13 чалавек) паспрабавалі праз суд вярнуцца на працу, але няўдала.

Мінулы год завод скончыў са стратамі ў 85 мільёнаў рублёў, годам раней быў прыбытак у 82 мільёны рублёў. Супрацоўнікаў заводу за год стала менш на 147 чалавек.

Па кароткатэрміновых крэдытах завод вінен 453 мільёны рублёў, гэта на 93 мільёны меней, чым у 2019 годзе. Па доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 189 мільёнаў рублёў, за год сума вырасла на 30 мільёнаў.

БМЗ

На БМЗ 17 жніўня спыніліся ўсе тры печы. Частка рабочых, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, перакрылі на заводзе дарогу для тэхналягічнага транспарту.

Пазьней некаторыя рабочыя заводу сышлі ў страйк. Большасьць зь іх звольнілі. Чысты прыбытак БМЗ за мінулы год — 36 тысяч рублёў, у 2019 годзе быў мінус 159 мільёнаў рублёў.

За год на заводзе супрацоўнікаў стала менш на 277 чалавек. Завод вінен 3,8 мільярда рублёў па кароткатэрміновых крэдытах, гэта на мільярд больш, чым было годам раней. Па доўгатэрміновых крэдытах завод вінен яшчэ 1,2 мільярда, што на 164 мільёны больш, чым годам раней.

МАЗ

Частка рабочых МАЗу далучыліся да страйку 17 жніўня. У жніўні на самім заводзе адбывалася нешта кшталту «італьянскай забастоўкі»: частка супрацоўнікаў выконвалі свае абавязкі фармальна, таму выпуск прадукцыі ў жніўні зьнізіўся. Некаторыя рабочыя заводу адкрыта далучыліся да страйку.

Чысты прыбытак МАЗу за мінулы год — 142 тысячы рублёў, годам раней быў мінус на 497 тысяч рублёў. Па кароткатэрміновых крэдытах завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, у 2019 годзе было менш на 342 мільёны. Па доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 487 мільёнаў, гэта на 34 мільёны больш, чым у канцы 2019 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)