Политика
Радыё Свабода

Прэзыдэнцкія выбары ў ацэнках экспэртаў Радыё Свабода (абноўлены)

Бліц-аналіз галасаваньня і падзеяў, што адбываліся на Кастрычніцкай плошчы.

Андрэй Дынько, рэдактар "Нашай нівы".
(Дынько: ) "Самая галоўнае -- незалежнае грамадзтва здолела цаной неверагодных высілкаў сарваць элегантную перамогу. На вуліцу выйшлі дзесяткі тысячаў людзей. Другая выснова - сьмеласьць і нестандартныя рашэньні апраўдвалі сабе.
У мяне такое ўражаньне, што арганізатары мітынгу ня маюць пляну дзеяньняў і гэта - адбітак інтэлектуальнага ўзроўню. На Кастрычніцкай плошчы заднія шэрагі проста нічога ня чулі і пачалі разыходзіцца. Можна паверыць у лічбы экзыт-пола цэнтру Левады - 26% за МІлінкевіча. Маем тое, што маем.
Я не чакаў, што прыйдзе столькі. Сытуацыя ў Беларусі зараз нагадвае сытуацыю ў краінах Цэнтральнай Эўропы ў 60-70-х гадох.Тады не выходзіла на вуліцы цэнтральнаэўрапэйскіх гарадоў столькі, колькі выйшла сёньня. Важнае адрозьненьне ад мітынгаў 90-х гадоў - што машыны, якія едуць побач з маніфэстантамі, гудкамі вітаюць іх".
Філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) "Дзень быў вельмі трывожны, але плошча мяне па-добраму ўразіла.Я ня думаў, што гэты страх, які напампоўваўся з дня ў дзень праз усе СМІ, будзе так прарваны простымі , шэраговымі людзьмі, якія яго пераадолелі. У іх розны настрой. Камусьці дастаткова, што ён прыйшоў і гэтых успамінаў яму хопіць на шмат часу. Вэтэраны прыйшлі з апошнім спадзевам на перамогу. Вельмі станоўчы і пазытыўны імпульс тут атрымалі ўсе, акрамя тых, хто залішне сабе нафантазаваў на гэты дзень чаканьня, што заўтра мы прачнемся ў вольнай краіне.
Я ня бачу ў арганізатараў сцэнару, і гэта галоўны закід усіх тут, хто прыйшоў, хто чакаў рэвалюцыі тут і зараз. У адрозьненьні ад Украіны ў нас энэргія супраціву замкнёная сама ў сабе, у нас няма каналаў, празь якія мы маглі б скіраваць энэргію супраціву ў легітымнае палітычнае поле, бо яно заблякаванае з усіх бакоў. Пастаім і разыдземся. Пакуль я бы зрабіў бы адну выснову - у Беларусі, прынамсі ў Менску ёсьць дастаткова людзей, якія хочуць свабоды і перамены, якія ў той ці іншай ступені гатовы пераадольваць свой страх.
Такія людзі ёсьць і гэта не адзінкі. Ёсьць з кім працаваць. Грамадзтва Беларусі ня страчанае для дэмакратычнага руху".
Аляксандар Класкоўскі, рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН.
(Класкоўскі: ) "Лічбы, агучаныя ЦВК, выглядаюць фантастычнымі. Тут дзейнічае лёгіка сыстэмы, якая мусіць з кожным разам нарошчваць паказчыкі, якія б сьведчылі пра, гэтым разам ужо, відаць, "супэрэлегантную перамогу". Але ў гэтай кампаніі было шмат рысаў, якія не дазваляюць сказаць, што такая перамога адбылася. І сам мітынг у цэнтры Менску, зь якога я нядаўна вярнуўся - там была такая энэргэтыка, цэлая плошча пераважна маладых людзей, якія пераадолелі свой страх. І ўжо гэта даводзіць, што тыя, хто жадае іншага шляху для Беларусі, - гэта ня "купка адмарозкаў", а вялікі слой грамадзтва. Гэты слой быў зрушаны, і Беларусь за гэты месяц шмат у чым стала іншай краінай".
Віталь Портнікаў, украінскі журналіст.
(Портнікаў: ) "Я думаю, што аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне і цяперашнія падзеі ў Беларусі цяжка параўноўваць з пункту гледжаньня мэты, якую перад сабой ставілі беларускія і ўкраінскія апазыцыянэры. Ва Ўкраіне барацьба ішла за перамогу. Варта прыгадаць, што і ўкраінскі парлямэнт ня быў цалкам кантраляваны дзейнай уладай, і праўладны кандыдат ня быў ужо такім блізкім да ўласнай эліты. У Беларусі, мне здаецца, што калі б нават не было фальсыфікацыяў, Лукашэнка мог бы спадзявацца на перамогу. Мэтай беларускай апазыцыі было стварэньне заўважальнай, легітымнай часткі грамадзтва, якая магла гаварыць, што яна не пагаджаецца з курсам Аляксандра Лукашэнкі, што ў Беларусі можа быць іншы шлях".
Павал Шарамет, карэспандэнт ОРТ.
(Шарамет: ) "Я лічу, што гэта апошняя перамога Лукашэнкі і гэта пірава перамога. Ён задзейнічаў абсалютна ўвесь свой адміністрацыйны, рэпрэсіўны, фінансавы і прапагандысцкі рэсурс. Выбары з такой колькасьцю скандалаў, нявінных ахвяраў - гэтая перамога ня зможа кампэнсаваць увесь гэты шлейф, гэты дух разлажэньня, які ідзе ад беларускай улады. Гэтыя выбары - гэта пачатак згасаньня палітычнай зоркі Аляксандра Лукашэнкі. Я б не падводзіў цяпер канчатковыя вынікі палітычнага крызысу, паглядзім, як заўтра пройдзе мітынг апазыцыі, якія дзеяньні зробяць улады. Але я лічу, што ўсіх дыктатараў падводзіць нястрыманасьць, іх забівае гэты палітычны апэтыт, які прыходзіць да іх падчас палітычнага пажыраньня ўсяго навокал".
Кіраўнік аддзелу СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.
(Рар: ) "Вялікіх сюрпрызаў не было. Апазыцыйныя лідэры ня мелі амаль ніякай магчымасьці распаўсюдзіць свае ідэі і праграмы сярод шырокіх колаў выбаршчыкаў. Аўтарытарны рэжым проста не дазваляе апазыцыі ў краіне. Беларусь - не адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе выбары адбываюцца па такім жа сцэнары. Ёсьць вялікая розьніца паміж тым, што адбываецца ва Ўсходняй Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дэмакратыя пакуль знаходзіцца ў вельмі гаротным стане.
Я мяркую, што ў Эўразьвязе будзе сур'ёзная дыскусія, як весьці справы зь Беларусьсю ў будучыні. Я ня думаю, што Захад можа наўпрост умешвацца ў палітыку Беларусі. Я думаю, што гэта было б контрпрадуктыўна, бо нягледзячы ні на што, у Лукашэнкі ёсьць дастаткова вялікая падтрымка сярод насельніцтва. Беларусь таксама мае вельмі шчыльныя адносіны з Расеяй, яна ў адным абарончым саюзе з Расеяй, таму любы сур'ёзны ціск на Беларусь увядзе Расею ў гэтую гэапалітычную гульню, якая можа быць небясьпечнай. Я ня думаю, што Захад будзе нешта рабіць, каб перашкодзіць Лукашэнку працягнуць ягонае прэзыдэнцтва. Ён будзе рабіць тое, што і заўжды - весьці асьцярожны дыялёг, спрабаваць праз эвалюцыю ўплываць на сытуацыю ўнутры Беларусі.
У Амэрыцы некаторыя будуць прапаноўваць жорсткія санкцыі. Я мяркую, што нічога новага ў рэакцыях чакаць ня варта. Шмат што будзе залежаць не ад Беларусі, а ад таго, як будуць складвацца адносіны паміж Эўразьвязам і Расеяй, галоўным саюзьнікам Беларусі". Супрацоўнік Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (ЗША) Робін Шэпард. (Шэпард: ) "Найперш я хачу сказаць, што афіцыйныя вынікі цалкам фантастычныя. Тут цікава прыгадаць экзып-пол, праведзены расейскім сацыялягічным цэнтрам Левады, які даў Лукашэнку толькі 47 працэнтаў. І вядома ж, трэба разумець, што ва ўмовах Беларусі з-за фактару страху, трэба адлічыць ад 10 да 20 працэнтаў ад гэтай лічбы. І гэта азначае, што Лукашэнка напэўна атрымаў менш паловы. Той факт, што рэжым намаляваў сабе звыш 80 працэнтаў, абсурдны, і даказвае ўсім, што выбары сфальсыфікаваныя.
Я думаю, ЗША і Эўразьвяз разумеюць, што афіцыйныя вынікі выбараў сфальсыфікаваныя. Я думаю, іхняя рэакцыя залежыць ад таго, што адбудзецца ў наступныя некалькі дзён. Я толькі што размаўляў па тэлефоне з некаторымі ўдзельнікамі сёньняшняга мітынгу, і ведаю, што на панядзелак зноў прызначаная дэманстрацыя. Таму рэакцыя Эўразьвязу і ЗША будзе залежыць ад таго, як рэжым будзе рэагаваць на гэтыя акцыі пратэсту".
(Карэспандэнт: ) То бок, вы думаеце, што яны возьмуць паўзу на некалькі дзён? (Шэпард: ) "Натуральна, ЗША ня будуць даваць нейкую афіцыйную ацэнку ў нядзелю ўвечары. Але я магу прагназаваць, што бліжэйшыя некалькі дзён і ЗША і Эўразьвяз выпусьцяць заяву, у якой выразна заявяць, што выбары сфальсыфікаваныя".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)