Прэс-сакратара А1 затрымалі выпадкова. Масштаб масавых вобшукаў і затрыманняў дагэтуль не ясны
З пачатку снежня ў рэдакцыю НН прыходзяць паведамленні пра тое, што сілавікі прыходзяць у кватэры з вобшукамі, выпадкова затрымліваюць людзей, правяраюць тэхніку.
Пакуль вядома, што прыходзяць да назіральнікаў за выбарамі 2020 года і валанцёраў як праваабарончых арганізацый, так і штабоў кандыдатаў. Агульная колькасць такіх выпадкаў дакладна невядомая. Праваабаронцы пакуль таксама не могуць яе ацаніць.
Як расказваюць нам відавочцы, вельмі часта прыход адбываецца па такім сцэнары: раніцай у кватэру ўломваюцца ўзброеныя людзі, якія пераварочваюць рэчы і залазяць у тэхніку. Калі нічога «забароненага» не знойдзена, то чалавеку можа пашчасціць. Калі нешта ёсць — вынік непрадказальны, ажно да крыміналкі.
Наколькі можна меркаваць па водгуках нашай аўдыторыі, найбольш актыўныя сілавікі на захадзе і ў цэнтры краіны, у Мінску.
– Мяняем адрасы, тэлефоны і сімкі, выходзім на вуліцы ў масках, чакаем, пакуль хваля пройдзе, — кажа адзін з валанцёраў.
– Звоняць на мабільны: «Тут у двары машыну тваю падрапаў, папрасіў у ДАІ нумар, спусціся разбярэмся. У мяне стаіць GetContact, і там гэты «сусед» падпісаны «Міша губоп». Я праз акно і далей адтуль, перасяджу ў бяспечным месцы, — тлумачыць яшчэ адзін чалавек.
– Прыходзілі па месцы прапіскі таварыша, адкрыла састарэлая маці: «Ён тут даўно не жыве». Развярнуліся, проста ў пад'ездзе іх увагу прыцягнулі дзьве маладыя дзяўчыны, якія спускаліся па лесвіцы. Спынілі, залезлі ў мабільнікі — а там падпіскі і рэпосты. Затрымалі — план выкананы, — расказвае яшчэ адзін відавочца.
Пры гэтым, бываюць і выпадковыя затрыманні. Так, напрыклад, НН стала вядома, што прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева затрымалі выпадкова, калі ён знаходзіўся побач з тым чалавекам, да якога прыйшлі па крымінальным артыкуле.
– Нам усім сказалі прасачыць за тым, каб не было падпісак на «варожыя» каналы, каб дома не было сімволікі і гэтак далей, бо мяркуецца, што адвольнай ахвярай можа стаць супрацоўнік любой арганізацыі, — гаворыць супрацоўнік дзяржаўнай арганізацыі, якая, здавалася б, не павінна была трапіць пад каток.
Дакладнай лічбы, колькі па краіне такіх выпадкаў, не ведаюць нават праваабаронцы. Ацаніць масштаб і размах пакуль няма магчымасці.
– Гэта хваля мае вельмі такі закрыты характар, мы даведваемся не пра кожны выпадак нападзення на людзей. А самі яны не паведамляюць, бо цяпер няма ніякіх эфектыўных механізмаў абароны і працягвання да адказнасці вінаватых, людзі баяцца пагоршыць сваё становішча, — кажа праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка. — Мы трактуем усё гэта як адвольныя дзеянні, накіраваныя на запалохванне, а не на расследаванне нейкіх канкрэтных злачынстваў. Мая парада людзям у гэтай сітуацыі — выжыць, захаваць жыццё, здароўе і свабоду.
Читайте еще
Избранное