Беседка
Кацярына Карпіцкая, Наша Ніва

Правілы жыцця мадэлі плюс-сайз з Магілёва

Ганна Секацкая — адна з найбольш запатрабаваных мадэляў плюс-сайз у Беларусі. Яна актыўна здымаецца для айчынных каталогаў адзення, паспела папрацаваць у Турцыі і Індыі, а нядаўна прайшла жорсткія кастынгі і трапіла на ўкраінскае шоу «Мадэль XL».

Ганна абышла тысячу іншых прэтэндэнтак і стала адной з дзесяці ўдзельніц праекта, першы сезон якога скончыўся ў снежні.

Ганна Секацкая

Мы звязаліся з гэтай пазітыўнай і ўпэўненай у сабе дзяўчынай, фотаздымкі якой вы маглі сустракаць у сваім горадзе, каб распытаць пра мадэльны бізнэс у Беларусі, працу над сабой і планы на жыццё.

Я заўсёды была мажнай дзяўчынкай. Але з-за гэтага ў мяне амаль ніколі не было праблем. Аднакласнікі і аднагрупнікі з мяне не здзекаваліся — можа, мне пашанцавала з людзьмі навокал, а можа, проста зарэкамендавала сябе чалавекам, які не даруе такіх рэчаў. Калі ты дазваляеш абыходзіцца з сабой непрыгожа, людзі будуць працягваць гэта рабіць.

Я жыву па прынцыпе «маё цела — мая справа». Хочаш — працуй над кубікамі, хочаш — не. Але нікому не навязвай свой стыль жыцця як адзіны правільны.

З непрыемных успамінаў дзяцінства — тое, што мяне не ўзялі на танцы праз маю вагу. Хоць я магла сесці на шпагат і «хадзіла» колам. Гэтага не ўмелі худыя дзяўчаты. У гімназіі з маімі памерамі было складана набыць прыгожую школьную форму. Добра, што сёння такога няма: рынак адзення багаты на розныя мадэлі і фасоны, які б памер ты не насіў. Абы грошы былі.

Рэклама з Ганнай, якую кожны з нас мог сустрэць у горадзе.

Фатаграфавацца я любіла заўсёды. Памятаю, калі ствараўся школьны альбом, мы з сяброўкамі крэатывілі больш за іншых: амаль аднолькава апрануліся дзеля здымак, прыдумалі ўключыць у кадр мыльныя бурбалкі і пену ад шампанскага.

Першыя сур’ёзныя здымкі з прафесійным макіяжам адбыліся ў мяне падчас студэнцтва ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучылася на менеджара-эканаміста. Я ўвогуле пагаджалася на ўсе прапановы ад фатографаў-пачаткоўцаў, нават калі разумела, што яны здымаюць дрэнна. Мне трэба было вучыцца працаваць перад камерай.

Камерцыйную прапанову атрымала дзесьці праз год пасля першых здымак. Для працы над складаннем каталога з адзеннем патрабаваліся дзяўчаты 42 і 52 памераў. У мяне — 48, але вырашыла адклікнуцца на аб’яву ў інтэрнэце. І я спадабалася кліентам. Расплаціліся тады са мной адзеннем — ваўкашапкай.

Мадэллю плюс-сайз мяне ўпершыню назвалі падчас здымак у Індыі. Сярод іншых дзяўчат я была адзінай з формамі і, як назло, мяне запрашалі на меншую колькасць кастынгаў. Тады ў мяне ўпершыню пачаліся загоны і думкі: можа, трэба скінуць вагу? Але потым я супакоілася.

Сама сябе я не адчуваю плюс-сайз. Гэта азначэнне падкрэслівае, што «ты не такая, як іншыя». Я — звычайная мадэль. Проста хтосьці аднойчы прыдумаў, што ніз, шырэйшы за 92 сантыметры, ужо не стандарт. Так можна большасць жанчын на планеце аднесці ў катэгорыю плюс-сайз. Мне падабаецца, калі нас называюць жанчынамі з формамі: калі ёсць талія, ягадзіцы і грудзі.

Разам са мной у Горках вучылася досыць «аб’ёмная» дзяўчына, яшчэ і ростам 180. Але яна была настолькі модная, спявала і так добра ўмела сябе падаць — проста свяцілася знутры, што хлопцы за ёй бегалі калонамі. Калі ты шэрая мышка, замкнёная ў сабе, то і з 40 кілаграмамі можаш быць адзінокай і нецікавай. Вагу можна скінуць, але тое, што ўнутры — не.

Не трэба думаць, што мадэлі плюс-сайз ядуць усё, што захочуць, і зусім не сябруюць са спортам. Канечне, я не адмаўляю сабе ні ў папкорне, ні ў сушы, калі душа патрабуе. Але нават плюс-сайз дзяўчаты павінны трымаць сябе ў форме. Як кажа мая сяброўка: у кожнага ёсць свой ліміт тлустасці, з якім ты будзеш выглядаць належна. Я камфортна адчуваю сябе ў 48-м памеры. Калі набіраю вагу пасля святаў, пакутую. Я маю абанемент у трэнажорную залу і летам намотваю шмат кіламетраў па горадзе на ровары. Я не зацыклена на спорце, але ён мае месца ў маім жыцці.

Беларускія вытворцы адзення ўсё часцей асэнсоўваюць, што вопратку трэба рэкламаваць не толькі на худых мадэлях. Калі беларуска з 50-м памерам заходзіць на нейкі сайт, каб выбраць сабе новую сукенку, яна хоча бачыць, як гэта сядзіць на дзяўчыне яе памераў, бо на худзенькай і мяшок будзе прывабным.

Я шмат здымаюся для каталогаў з брэсцкім трыкатажам. І мае замоўцы маюць вялікую патрэбу ў новых тварах, заўсёды просяць параіць каго-небудзь для здымак. Запыт на плюс-сайз мадэляў ёсць, але знайсці такіх, якія б умелі працаваць перад камерай, цяжка. Я ўпэўненая, што яны існуюць, але недзе сядзяць і хаваюцца, бо ўсё яшчэ саромеюцца сябе.

Я ніколі не сутыкалася з нейкім гвалтам ці непрыемным фліртам на працы, але каляжанкі расказвалі, што такое было. Асабліва шмат непрыемных водгукаў пра кантрактную працу ў Турцыі. Мяне такія рэчы абміналі, бо, думаю, адчуваецца, што я магу і ўдарыць замоўцу, не буду глядзець на яго статус.

У мяне хапае дрэнных звычак, я ў гэтым плане звычайны чалавек. Магу выціскаць сабе і малодшаму брату прышчы, каваманка, люблю шампанскае. А яшчэ — інтэрнэт- і тэлефоназалежная.

Ганна і іншыя ўдзельніцы шоу «Мадэль XL»

На ўкраінскае шоу «Мадэль XL» я трапіла, дзякуючы журналістам з канала 1+1, якія знайшлі мой профіль у інстаграме. Яны запрасілі мяне на першы кастынг, мне прыйшлося адмяніць усе свае здымкі тут і паехаць у Кіеў. Я не думала, што прайду нават першы адбор, але ў выніку трапіла ў дзясятку найлепшых канкурсантак. Асобны дзякуй тут трэба сказаць маім бацькам. Яны таксама адклалі ўсе справы і павезлі мяне ў Кіеў на машыне, бо квіткоў на той момант было ўжо не дастаць. Маці і тата заўсёды падтрымлівалі мяне ва ўсім. Памятаю, у школе я сказала, што мне вельмі падабаецца шыць на ўроках працы — яны з бабуляй хутка падарылі мне швейную машынку. Падабаецца — развівайся ў гэтай справе.

На ўкраінскім тэлебачанні магілёўка скарыла ўсіх сваёй усмешкай і, канечне ж, досведам

З дзяўчатамі на шоу ў нас былі добрыя адносіны, мы працягваем камунікаваць і цяпер. Праўда, здараліся выпадкі, калі нехта мог не пракаментаваць цябе ў твар, але рабіў гэта на камеру. Потым ты бачыў праўдзівае стаўленне да цябе ў эфіры.

На жаль, пакуль што ў Беларусі немагчыма пражыць толькі на грошы, што зарабляе мадэль плюс-сайз. Можа, гэта стане рэальнасцю праз які дзясятак гадоў, калі больш вытворцаў і кампаній зразумеюць, што адзенне трэба не толькі худым.

Ганна з удзельніцамі праекта і ў рэкламе

Я планую развівацца ў гэтай галіне, але хацелася б выйсці за межы пазіравання. Канечне, у катэгорыі плюс-сайз узроставыя межы больш расплыўчатыя, чым у «звычайных» мадэляў. Але нічога не вечна. Таму ў будучыні я б хацела запусціць уласную лінейку бялізны для дзяўчат з нестандартнымі формамі. А яшчэ — адкрыць першае агенцтва для такіх мадэляў, як я.

Исповедь толстой женщины

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)