Общество

Праваабаронцы прызналі затрыманых па «справе Прэс-клуба» палітвязнямі: «У краіне назіраецца крызіс правоў чалавека»

I патрабуюць іх вызвалення.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў; кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта», «Прававая ініцыятыва», Асамблея НДА, Беларускі дакументацыйны цэнтр, экспертна-прававое простае таварыства «ніцыятыва Forb»; шніцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права», Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі Хельсінкскі Камітэт агучылi супольную заяву, паведамляе БАЖ.

22 снежня 2020 года былі затрыманыя заснавальніца культурна-асветніцкай установы «Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб» Юлія Слуцкая і супрацоўнікі Прэс-клуба — праграмная дырэктарка Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, аператар Пётр Слуцкі, а таксама Ксенія Луцкіна — экс-супрацоўніца «Белтэлерадыёкампаніі», звязаная з медыяпраектам, да якога мела дачыненне Акадэмія «Прэс-клуба».

Па месцы жыхарства шэрагу супрацоўнікаў і ў офісе Прэс-клуба прайшлі вобшукі. Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю паведаміў, што праводзіць праверку па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб Прэс-клуба і іншых суб'ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы.

31 снежня затрыманым былі выстаўлены абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Ім абрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Цяпер Юлія Слуцкая і яе калегі знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Вядома, што Акадэмія Прэс-клуба праводзіла хакатон медыяпраектаў, у якім удзельнічала больш за 30 заявак. Журы, якое складаецца з медыяэкспертаў і інвестараў, выбрала 7 медыяпраектаў, накіраваных на рэалізацыю свабоды слова. Адзін з іх — відэапраект з удзелам Ксеніі Луцкінай, экс-супрацоўніцы «Белтэлерадыёкампаніі».

Затрыманні і ўтрыманне пад вартай Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай стала працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты перыяд тысячы грамадзян, у тым ліку журналістаў і блогераў, супрацоўнікаў і актывістаў няўрадавых арганізацыяў, патрапілі пад розныя віды рэпрэсій і пераследу: звальненне з працы, адміністрацыйныя арышты, штрафы, а таксама палітычна матываваны крымінальны пераслед.

У краіне назіраецца крызіс правоў чалавека.

Варта адзначыць, што ўлады Беларусі не ў першы раз выкарыстоўваць эканамічныя склады злачынстваў у мэтах ажыццяўлення рэпрэсій. У мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанням ва ўхіленні ад падаткаў прыцягваліся да крымінальнай адказнасці старшыня пазбаўленага рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай ды іншыя.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе зарэгістраванай арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай палітычнымі зняволенымі і патрабуем:

    неадкладна вызваліць Юлію Слуцкую, Алу Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксенію Луцкіну з-пад варты;

    адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і свабоду асацыяцый;

    неадкладна спыніць рэпрэсіі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Адвокат — о деле Пресс-клуба: «Мера пресечения является самой строгой»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)