Прапіску зменяць на рэгістрацыю. У чым розніца?

Пакуль дакладна невядома, ці будзе 1 студзеня 2008 года адменены дазвольны штамп на выезд за мяжу. Да канца года адменяць прапіску. Ёй на змену будзе ўведзена рэгістрацыя грамадзян па месцы іх жыхарства. “Еўрапейскае радыё” вырашыла даведацца, чым рэгістрацыя будзе адрознівацца ад прапіскі.

Па словах намесніцы кіраўніка ўпраўлення грамадзянства і міграцыі Мінгарвыканкаму Іны Студзенічнік, розніца будзе невялікая.

Іна Студзенічнік: “Гэта не значыць, што мы не будзем адсочваць міграцыйная працэсы. Альбо што наш грамадзянін можа жыць дзе яму заўгодна без штампа аб рэгістрацыі”.

Дарэчы, за адсутнасць рэгістрацыі давядзецца плаціць штраф. Як і цяпер за адсутнасць прапіскі. Адзінае, кажа чыноўніца, жадаючым пераехаць у Мінск будзе прасцей вырашыць гэтае пытанне.

Іна Студзенічнік: “У пытанні выдачы рэгістрацыі мы будзем адштурхоўвацца не ад 12 квадратных метраў на чалавека, а ад 15 агульнай”.

Гэта значыць, што каб прапісаць сваяка, мінчуку дастаткова пражываць у кватэры плошчай 15 квадратных метраў, а не мець 12 лішніх, на якіх ніхто не жыве. Прасцей будзе ўладкавацца і на працу ў сталіцы.

Іна Студзенічнік: “Можа быць, будуць унесеныя змены ва Указ 200 аб прыёме на працу. Можа, адменіца шэраг іншых рашэнняў”.

Калі да адмены прапіскі ў міграцыйнай службе ставяцца з разуменнем, то запланаваная на 1 студзеня 2008 года адмена дазвольнага запісу для выязджаючых за мяжу выклікае пытанні. Па словах чыноўнікаў, супраць памежнікі.

Іна Студзенічнік: “Памежнікі казалі аб яго неабходнасці, але мы не маем права іх каментаваць. Проста трэба разумець, дзеля чаго гэта штамп сёння неабходны. Па-першае, каб кантраляваць грамадзян, якім забаронены выезд за межы Беларусі. А каб іх адсочваць, у выпадку, калі мы адменім гэты штамп, неабходна будзе стварыць велічэзную іншую сістэму. Так, сказалі, што штампа не будзе. Але не будзе, ці будзе нешта іншае — я не магу сказаць”.

Меркаванне Камітэта памежных войскаў наконт адмены дазвольнага штампа выказаў супрацоўнік прэс-службы Юры Казачэнка.

Юры Казачэнка: “Памежныя войскі заўсёды выконваюць рашэнні ўрада. Мы выканаўцы. Будзе прызначана такая норма — будзем яе выконваць”.

Прафесар юрыдычных навук, былы чалец Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць прапіску перажыткам прыгоннага права.

Міхаіл Пастухоў: “Гэта архаічны інстытут, які супярэчыць дзейнай Канстытуцыі. Права свабодна выбіраць месца жыхарства ў межах краіны, права свабодна пакідаць яе і вяртацца. А таксама супярэчыць міжнародным стандартам у гэтай сферы”.

Тое ж самае, кажа былы суддзя, тычыцца і дазвольныга штампа. На яго думку, гэта не больш, як сродак дзяржавы зарабіць дадатковыя грошы. Міхаіл Пастухоў лічыць, што ўнутраны пашпарт неабходна ўвогуле адмяніць і пакінуць такі дакумент толькі для замежных паездак.

Дзеючая суддзя Канстытуцыйнага суда Валянціна Падгруша кажа, што змена прапіскі на рэгістрацыю не толькі не супярэчыць Канстытуцыі, але і з’яўляецца крокам наперад.

Валянціна Падгруша: “Гэта ўсё ж такі крок наперад. Пакуль без рэгістрацыі не абыходзіцца ні адна краіна. Прычым не толькі кантролю за паводзінамі і г.д. Кожная інфраструктура разлічаная на пэўную колькасць людзей”.

На развітанне суддзя Канстытуцыйнага суда выказала сваё бачанне свабоды.

Валянціна Падгруша: “Любая свабода, таго ж перамяшчэння, у чымсьці ды можа быць абмежаваная. Яны не могуць быць бязмежнымі — права свабоды выбару і гэтак далей”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)