Пракуратура Гомельскай вобласьці папярэдзіла журналістку

У пракуратуру Гомельскай вобласьці выклікалі сяброўку Беларускай асацыяцыі журналістаў Юлію Сальнікаву. «Начальнік аддзелу агульнага нагляду Елісееў спрабаваў са мною паразмаўляць пра тое, ці працую я на замежныя радыёстанцыі», — распавяла журналістка.

«Калі такой неафіцыйнай размовы ў нас не атрымалася, ён проста паказаў падпісанае афіцыйнае папярэджаньне”, — паведаміла карэспандэнту БелаПАН Юлія Сальнікава.

У папярэджаньні гаворыцца, што ўправа КДБ Гомельскай вобласьці правяла праверку — і вызначыла, што спадарыня Сальнікава працуе без акрэдытацыі прадстаўніка замежнага СМІ журналісткай для дзьвюх замежных радыёстанцыяў — “Нямецкай хвалі” й радыё “Рацыя”.

Пракурор Елісееў даваў нават паслухаць запісаныя на дыктафон некаторыя перадачы “Нямецкай хвалі”.

Пракуратура папярэдзіла Юлію Сальнікаву пра тое, што недапушчальна парушаць закон, і папярэдзіла пра адказнасьць за падачу непраўдзівых зьвестак, якія накіроўваюцца ў замежныя СМІ. Аляксандар Елісееў пры гэтым спаслаўся на артыкул 369 Крымінальнага кодэксу. Гаворыць спадарыня Сальнікава:

Сальнікава: “Елісееў паказаў мне артыкул 369 з пазнакай 1 Крымінальнага кодэксу, дзе гаворыцца пра крымінальную адказнасьць за перадачу зьвестак замежным сродкам масавай інфармацыі, якія дыскрэдытуюць там імідж, вобраз Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Гэта караецца законам”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)