Общество
Антон Макаранка

Пра сібірака Скарыну, прафесара кандыдацкіх навук і іншыя ляпы абітурыентаў

“Салідарнасць” прапануе падборку найбольш яскравых вытрымак з сёлетніх творчых работ і экзаменацыйных тэстаў па беларускай літаратуры.

“Кожны чалавек трэцюю частку свайго жыцця стаіць перад выбарам чаго-небудзь, — глыбокадумна заўважае юны філосаф-абітурыент, спрабуючы растлумачыць сэнс назвы рамана Якуба Коласа “На ростанях”, і тут жа дадае: -- Будзь то шлюб ці пасадка агуркоў”. Што тут скажаш? Канешне, апынешся на ростанях, калі ў краіне паўсюль барацьба за ўраджай, а па радыё і тэлебачанні -- адны селектарныя сходы.

А вось другі філосаф глядзіць на жыццё з іншага боку: “Лёс увесь час папіхае нас у перад”, — з гораччу зазначае ён. Цікава, напісанне спалучэння “ў перад” асобна -- гэта памылка ці горкі досвед аўтара?

Яшчэ адзін абітурыент у сваёй творчай працы на тэму: “Хто такі інтэлігент” вырашыў аддаць даніну павагі сваім бацькам (пэўна, за тое, што ўзрасцілі такога дасведчанага чалавека): “Трэба паважаць сваіх бацькоў, якія дапамаглі нам і інтэлігенту стаць на шлях жыцця”. Толькі вось пасля такога дапамагчы аўтару радкоў “стаць на шлях жыцця” бацькі ўжо наўрад ці змогуць. Прынамсі, у гэтым навучальным годзе.

А вось пра адметныя прыкметы інтэлігентнага чалавека ведае наступны аўтар творчай працы. “Інтэлігент не выкідае мусар на тратуар”, -- лічыць галоўным адрозненнем інтэлігентнага чалавека ад усіх астатніх юны мысліцель. І вельмі прыемна, што такія людзі час ад часу сустракаюцца сярод знаёмых сённяшніх абітурыентаў: “Гэты чалавек быў у прошлым прафесарам кандыдацкіх навук”, -- піша адзін з іх пра сябра сваёй сям’і. Шкада толькі, што для таго, каб дапамагчы аўтару гэтых радкоў паступіць ва універсітэт, трэба быць не менш як акадэмікам прафесарских навук.

Тым не менш сённяшнія абітурыенты і самі не лыкам шыты. “У свае дваццаць гадоў я ўжо заведушчая складам, а такое мала дзе сустрэнеш”, -- зазначае адна з іх. “У ваенным вучылішчы нас усіх паставілі на ногі”, -- з гонарам заўважае другі, праўда, не ўдакладняе, на якім месцы ён знаходзіўся да гэтага.

А вось пасля прачытання наступнага опусу пачынаеш адчуваць гонар за новае пакаленне, якое так дастойна працягвае справу сённяшніх дзяржаўных мужоў у галіне жыццеапісання беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Вось, напрыклад, што “накапаў” юны даследчык (стыль і арфаграфія аўтара захаваны): “Францыска Скарыну саслалі ў рэкруты за тое, што ён у сваіх кнігах (царкоўных) размяшчаў сваю фотакартку і ўсе яго творы былі спалены, а ён сасланы ў горад Сібір, таму на сваёй радзіме ў Мінску ён правёў вельмі мала часу ўжо сталым узросце”. Канешне, дзе тут паспееш пабываць у Мінску, калі цябе то ў рэкруты, то ў Сібір, то ў Піцер на работы?..

А вось другі біёграф, ужо Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, адзначае: “Пісьменнік усё сваё жыццё правёў у Лукішках”. Для даведкі: Лукішкі — гэта турма ў Вільні, а Дунін-Марцінкевіч жыў ва ўласным фальварку Люцынка, што каля г.Івянца. Аднак у другога даследчыка-абітурыента іншыя звесткі на гэты конт: “Дунін-Марцінкевіч пражываў на Люцыянава, 15”, — упэўнены ён. Відаць, юнага генія крыху падвёў слых, і ён недачуў падказку сябра.

А вось некалькі радкоў пра народныя звычаі беларусаў. “Тамада на Беларусь прыйшоў з мінулага”, -- упэўнены будучы этнограф-фалькларыст. “Што такое талерантнасць? – задаецца пытаннем іншы і сам сабе адказвае: -- Добры народны звычай”.

Уражваюць сённяшнія абітурыенты і сваімі літаратурнымі ведамі. “Гарлахвацкі – гэта прататып Кандрата Крапівы”, -- лічыць адзін з іх. Не, Крапіва, канешне, востры сатырык, але да такой самакрытыкі ён наўрад ці дайшоў бы. Сустракаюцца і зусім дзіўныя рэчы: “У Сцепаніды было двое дзяцей: сын — Федзька і дачка — Хведзька”, -- піша юны літаратуразнаўца. Ну што тут скажаш -- шкада жанчыну. Ды і не толькі яе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)