«Поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны»
Падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Што ў ёй?
Падчас працоўнага візіту на Мальту Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Еўрапейскага Парламента Раберта Метсола падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Парламент упершыню падпісаў дакумент такога кшталту з неафіцыйным урадам.
Паведамляецца, што дамова дэкларуе дамоўленасць пра наступныя супольныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва:
- Развіццё ўмоваў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі, у тым ліку праз аказанне дапамогі дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным СМІ і прафсаюзам Беларусі ў межах праграмы EU4Belarus і праз нарошчванне адукацыйных ініцыятываў і магчымасцяў.
- Садзейнічанне змякчэнню міграцыйных праблемаў для беларусаў за мяжой.
- Прыцягненне да адказнасці ў рамках міжнародных механізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах супраць Украіны.
- Забеспячэнне вызвалення палітвязняў у Беларусі.
- Маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці парушэнняў правоў журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў, НДА, рэпрэсаваных. Таксама гэта датычыцца спробаў рэжыму легітымізаваць сябе праз фіктыўныя выбары і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
- Маніторынг выканання правоў і свабодаў беларусаў за мяжой.
Як паведаміў Позірку галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, у дакуменце падкрэсліваецца, што бакі «поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны».
Таксама, у прыватнасці, выказваецца салідарнасць з народам, дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную краіну.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное