Политика
Любоў Лунёва, Менск, ”Радыё Свабода”

Першы дзень суду над Зьмітром Дашкевічам

Лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Ад 15 верасьня яго трымаюць у сьледчым ізалятары. Суд адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. Падчас працэсу ля будынку суду сабраліся больш за тры сотні чалавек — паплечнікі маладафронтаўца, амбасадары краінаў Эўразьвязу й ЗША, палітыкі й вядомыя грамадзкія дзеячы.

Каля будынку суду сабраліся каля трохсот чалавек. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, нягледзячы на халоднае надвор’е, надзелі майкі з надпісам “Малады фронт” не спыніць!”. Яны скандавалі: Свабоду!”.

Хлопцы й дзяўчаты паднялі рукі й гэтак хадзілі па пляцоўцы насупраць Дому правасудзьдзя. Яны патрабавалі вызваліць лідэра моладзевага дэмакратычнага руху. Актывістка арганізацыі Наста Палажанка кажа, што моладзь будзе прыходзіць да будынку суду штодня.

(Палажанка: ) “Апранутыя так лёгка, бо на нас майкі “Малады фронт” не спыніць!”. І мы жадаем гэта данесьці да прысутных тут, да прысутных на судзе. Я не магу цяпер апрануць плашча, бо я тады закрыю ўвесь гэты надпіс. Мы будзем прыходзіць сюды штодня, колькі спатрэбіцца, колькі будзе цягнуцца гэты антыканстытуцыйны суд. Я вельмі спадзяюся, што ўсе нашыя “Дзіма, радзіма цябе не забудзе!”, “Мы з табой”, “Свабоду” — ён пачуе і будзе й далей верыць у сваю справу”.

Падтрымаць Зьмітра Дашкевіча прыйшоў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Ясна, што гэта ня суд, а судзілішча, і яны баяцца такой залі, дзе будуць сьведкі. Яны ўсяго баяцца. Мы хочам, каб была паінфармаваная краіна, і шмат робім для гэтага: распаўсюджваем улёткі й бюлетэні па ўсёй краіне, каб людзі даведаліся, бо гэта разбурае рэжым. Па-другое, міжнародная дзейнасьць. Я накіраваў асабіста кіраўнікам усіх парлямэнтаў Эўразьвязу зварот, каб яны абавязкова дзейнічалі. Нельга пакінуць моладзь сам-насам з гэтай жосткай уладай”.

Сяргей Калякін лічыць суд над моладзевым актывістам парушэньнем Канстытуцыі з боку ўладаў:

(Калякін: ) “Любы сумленны грамадзянін Беларусі павінен быць тут, каб абараніць сваю годнасьць як чалавека. Тое, што тут адбываецца, ёсьць прамым парушэньнем правоў чалавека. Калі сёньня судзяць людзей за тое, што яны аб’ядналіся ў нейкую грамадзкую арганізацыю, гэта перавышае паўнамоцтвы, якія мае дзяржава да сваіх грамадзянаў”.

На думку Вінцука Вячоркі, было б лягічна, калі б улада спыніла справу Зьмітра Дашкевіча й прадэманстравала гатоўнасьць прытрымлівацца агульнаэўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў.

(Вячорка: ) “Дастаткова было адмяніць гэты ганебны суд, альбо, прынамсі, зрабіць яго адкрытым і справядлівым, і выпусьціць Зьмітра Дашкевіча. Гэта было б пасланьнем для ўсяго сьвету, скажам, каб нам усім разам ратавацца ад энэргетычнага шантажу з боку Расеі. Лукашэнка гэты шанец не захацеў скарыстаць”.

Сярод прысутных былі амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу. Гаворыць кіраўнік дыпмісіі Швэцыі Стэфан Эрыксан:

(Эрыксан: ) “Не растлумачылі, чаму нікога не пусьцілі гэтым разам. Відаць, улада ня лічыць патрэбным гэта тлумачыць. Гэта вельмі дзіўна й не адпавядае ніякім нормам. Калі ўлада абвінавачвае чалавека, то гэта трэба рабіць адкрыта, каб людзі ведалі. Мы прыйшлі сюды, каб выказаць маральную падтрымку й паказаць, што мы сочым за тым, што адбываецца. Гэта знакавы працэс, прынцыповы працэс. Калі ўлада змагаецца са сваёй моладзю, то гэта нядобры знак”.

Адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў паведаміў, што сёньня даваў паказаньні сам Зьміцер. Хлопец хвілінаў дзесяць бачыў з акна судовай залі натоўп і чуў гукі з вуліцы. Потым міліцыянт апусьціў жалюзі.

Заўтра суд пачне апытваць сьведкаў у справе, колькасьць якіх сягае сотні чалавек. Апытаюць тых, хто прыйдзе. Распараджэньняў дастаўляць сьведкаў у суд прымусова пакуль няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)