Политика
Радыё Свабода

Пазьняк: “Наша будучыня вырастае цяпер на цэнтральнай плошчы Менску”

Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заявіў пра падтрымку ўдзельнікаў акцыі ў Менску: “Наша будучыня вырастае цяпер, на цэнтральнай плошчы Менска, дзе маладыя беларусы ахвяраваліся і стаяць за вольную Бацькаўшчыну, за справядлівасьць, за новыя выбары беларускага прэзыдэнта. Часам перамога вызначаецца ня колькасьцю, а вытрымкай, дакладнасьцю і арганізаванасьцю. Менавіта гэтак у 1991 годзе нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, якія складалі няпоўных 10 % у Вярхоўным Савеце, але дзейнічалі рашуча, удалося, пры падтрымцы людзей на плошчы, спыніць дзейнасьць КПСС у Беларусі і вярнуць незалежнасьць Бацькаўшчыны.”

(Зянон Пазьняк: ) “Выбарчая кампанія паказала, што далей цярпець немагчыма. Гэта паранойны антыбеларускі рэжым. Чалавек, які займае такую пасаду, зьневажаў народ бруднымі словамі, публічна абзываў людзей "дэбіламі", "падонкамі", абзываў "адмарозкамі", і ня першы раз. Гэта не ўкладаецца ні ў якія межы. І больш таго, гэты чалавек сьведчыў, што пасьля кампаніі ён адпомсьціць, ён "разьбярэцца" яшчэ. Гэта абсалютна ненармальна, і ён сапраўды гэта робіць. Выбарчая кампанія прайшла пад знакам рэпрэсіяў, сотні людзей кінулі за краты. Народ ня можа болей цярпець, калі яму плююць у твар.

Трэба, каб усе вольныя беларусы, у каго сэрца б’ецца за Бацькаўшчыну, хто сумленны, хто адчувае гонар, — каб сталі на абарону сваёй чалавечай годнасьці і на абарону Бацькаўшчыны. На Беларусі павінен быць беларускі прэзыдэнт, які будзе паважаць народ, гісторыю, культуру, ня будзе зьдзекавацца са Скарыны, з Васіля Быкава, з моладзі.

Таму зараз усе палітычныя разыходжаньні, якія былі, павінны быць адкладзеныя ў бок, і павінны мы ўсе ратаваць нашую Бацькаўшчыну — Беларусь.

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя цяпер ідзе на брук, яна будзе там, на плошчы. Я зьвяртаюся да ўсіх сяброў адзінага Народнага Фронту падтрымаць нашую моладзь, каб там былі нашае беларускае слова, наш сьвяты сьцяг, гучэлі наша песьня і наша свабода”.


Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)