Паводле Менскай пракуратуры, італьянцы вучылі Віку Мароз хлусіць

Менская пракуратура накіравала ў Генуэскі суд у справах непаўнагадовых матэрыялы ўласнага расьследваньня гісторыі колішняй выхаванкі Вілейскага інтэрнату Вікі Мароз. Мінулым летам італьянская сямейная пара Джуста-Барначын цягам 20 дзён хавала беларускую сірату ў Альпах і сьцьвярджала, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту ў сябе на радзіме.

Паводле італьянскіх СМІ, у сваіх матэрыялах беларускі бок нібыта абвінавачвае сям’ю з Кагалета ў наўмысным падбухторваньні дзяўчынкі да хлусьні. У гэтым беларускім псыхолягам нібыта прызналася сама Віка Мароз.

Нягледзячы на тое, што матэрыялы, дасланыя зь Менску ў Генуэсзкі суд трымаюцца ў сакрэце, яны ўсё ж сталі здабыткам галоснасьці. Вядучыя італьянскія выданьні і тэлебачаньне перадалі інтэрвію асобаў, якія так ці інакш маюць дачыненьне да гэтай справы. Наяўнасьць матэрыялаў беларускай пракуратуры пацьвердзіў журналістам афіцыйны адвакат беларускай амбасады ў Рыме Дыега Пэруджыні.

Як піша вядучае італьянскае выданьне La Repubblica, з гэтых дакумэнтаў вынікае, што Алесандра Джуста і Марыя К’яра Барначын прымушалі маленькую Віку маляваць карцінкі пра гвалт, сьведчыць пра тое, што яе гвалтавалі ў інтэрнаце. Віка Мароз нібыта сама прызналася ў гэтым беларускім псыхолягам. Дзяўчынка нібыта сказала, што, маўляў, Джуста-Барначын гаварылі ёй: “Калі ты хочаш застацца ў Італіі, ты мусіш так сьцьвярджаць”.

Паводле La Repubblica, беларускія паказаньні Вікі Мароз істотна адрозьніваюцца ад італьянскіх. У гэтым зьвязку беларускі бок ставіць пад сумнеў сьцярджэньні італьянцаў пра шматлікія сьляды зьбіцьця на целе дзяўчынкі. Насамрэч фізычнага і сэксуальнага гвалту ў дачыненьні да дзяўчынкі, паводле беларусаў, ніколі не было.

Што да Алесандра Джуста ды Марыі К’яры Барначын, то яны з абурэньнем сустрэлі ўсе гэтыя абвінавачаньні. Іхныя адвакаты называюць вывады менскай пракуратуры цалкам “непраўдападобнымі” і заяўляюць, што гэтыя вывады грунтуюцца выключна на паказаньнях аднаго беларускага дзіцёнка, які гасьціў у італьянскай сям’і Авада.

У Генуэзкім судзе па справах непаўналетніх пакуль ня сталі камэнтаваць матэрыялы расьледаваньня беларускага боку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)