Паўла Севярынца не адпусцілі на пахаванне бацькі

Кіраўніцтва калоніі палічыла палітзняволенага занадта «цяжкім злачынцам».

Палітыку, грамадскаму актывісту Паўлу Севяринцу, асуджанаму да 7 гадоў пазбаўлення волі, дазволілі патэлефанаваць з калоніі маці, аднак не адпусцілі на пахаванне бацькі (журналіст, паэт і публіцыст Канстанцін Севярынец пайшоў з жыцця 1 кастрычніка ў рэанімаці ад ускладненняў каранавірусу).

Пра гэта напісала жонка палітзняволенага Вольга на сваёй старонцы ў сацсетках.

– Я бачыла, што сябры пісалі запыты ў калонію, каб Пашу адпусцілі. Бачыла, што выказваліся дыпламаты. Мы кожнаму вельмі ўдзячныя. Мы зрабілі, што маглі, – паведаміла Вольга Севярынец.

Паводле яе слоў, палітзняволенаму паведамілі аб смерці бацькі яшчэ днём у пятніцу і адразу ж далі патэлефанаваць матулі. Але заяву на выезд – тэарэтычна такую магчымасць вязні ў калоніі маюць – не задаволілі, спаслаўшыся на «цяжкі артыкул» Паўла Севярынца.

Вольга падзякавала ўсім сябрам сям'і, дыпламатам, хрысціянскім іерархам, якія спрабавалі дапамагчы і паспрыяць у гэтай сітуацыі, а таксама папрасіла пісаць лісты ў падтрымку самому Паўлу:

– Паша агаломшаны. Буду ўдзячная, калі зможаце падтрымаць яго лістамі: 213004, г. Шклоў, вул. 1-ая Заводская, 8, ПК-17, атрад 17.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(14)