Паўла Красоўскага падазраюць у датычнасьці да двух забойстваў

Супраць падазраванага ў дастычнасьці да віцебскіх выбухаў 14 і 22 верасьня 2005 году жодзінскага актывіста Паўла Красоўскага высунутыя новыя падазрэньні — гэтым разам у забойствах.

Як паведаміў Павал Сапелка, абаронца Паўла Красоўскага, сёньня ў часе допыту высьветлілася, што ягонага падабароннага падазраюць яшчэ ў двух крымінальных эпізодах за 1999 год, згодна з артыкулам 139 часткай 2: (“забойства, спалучанае са згвалтаваньнем ці гвалтоўнымі дзеяньнямі сэксуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго зьдзяйсьненьне; зладжанае асобай, якая раней зьдзейсьніла забойства”). Паўлу цяпер 23 гады, у 1999 годзе яму было 16.

Санкцыяй па дадзеным артыкуле прадугледжваецца пажыцьцёвае зьняволеньне ці сьмяротнае пакараньне. Каля першай дня Паўла Красоўскага вывезьлі з будынку аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і павезьлі на крыміналістычную экспертызу.

У якасьці камэнтару да новых акалічнасьцяў справы адвакат Павал Сапелка сказаў наступнае:

“Гэтыя абвінавачаньні супраць Паўла Красоўскага настолькі бязглуздыя, што нават няма сэнсу іх камэнтаваць!”

Жодзінскі актывіст сёмыя суткі знаходзіцца ў віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Тамара Красоўская, маці затрыманага, спрабуе перадаць сыну адзеньне і ежу. Нагадаем, што адразу пасьля ягонага затрыманьня перадачу Паўлу Красоўскаму хацелі перадаць віцебскія сябры Парті БНФ. Аднак без санкцыі старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Аляксандра Расолькі, які вядзе справу пра выбухі, ім гэтага зрабіць не дазволілі.

Дазвол удалося атрымаць толькі ўчора позна ўвечары, калі ў ізалятары перадачы ўжо не прымалі. Да таго ж афіцыйную паперу, падпісаную спадаром Расолькам, Тамары Красоўскай на рукі не далі, сказаўшы, што дазвол і саму перадачу ў ізалятар даставіць канвой. Аднак ні ўчора ўвечары, ні сёньня зранку, калі канвой прывозіў Паўла Красоўскага на допыт, перадачу ў маці так і не ўзялі.

Спадарыня Красоўская лічыць, што адмысловае стварэньне найгоршых умоваў утрыманьня ёсьць маральным ціскам на яе сына. Маці затрыманага паведаміла таксама, што сьледчая Вікторыя Шаварноўская парушыла і ейныя грамадзянскія правы: паклікала ў кабінэт, нібыта каб нешта спраўдзіць, пасьля чаго цягам амаль гадзіны дапытвала, не папярэдзіўшы, што гаворка ёсьць допытам, і не прапанаваўшы паклікаць адваката.

Павал Сапелка прапанаваў з гэтай нагоды напісаць скаргу ў Рэспубліканскую пракуратуру. Шо да пэрспэктываў свайго падабароннага, то спадар Сапелка нічога пэўнага пакуль сказаць ня можа: паводле заканадаўства, падазраванага ў асабліва цяжкім злачынстве могуць трымаць пад вартай у гэтай якасьці да 10 сутак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)