Памёр мастак Яўген Шатохін

У Пінску ня стала беларускага мастака і палітычнага дзяяча Яўгена Шатохіна. Ён памёр 22 студзеня.

— Нацыянальна-вызвольны Рух страціў выдатнага, мужнага барацьбіта за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны, — гаворыцца ў нэкралёгу, які распаўсюдзіла кіраўніцтва БНФ «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Яўген Шатохін (1947 – 22 студзеня 2012) быў адным зь першых арганізатараў вызвольнага ўздыму на прыканцы 1980-х гадоў, калі па ўсёй Беларусі патрыёты ўтваралі структуры Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Менавіта Яўген Шатохін арганізаваў народны супраціў на Піншчыне супраць жнівеньскага путча 1991 году і ўзьняў над родным горадам бел-чырвона-белы сьцяг. На працягу больш чым дваццаці гадоў ён кіраваў фронтаўскім рухам на Піншчыне, быў арганізатарам палітычных акцый і беларускага асьветніцтва. Назаўжды застануцца ў скарбонцы нашай нацыянальнай культуры творы Яўгена Шатохіна – выдатнага мастака. У ягоных малюнках і акварэлях таленавіта адлюстравалася прыгажосьць і непаўторны характар нашай Радзімы, сказана ў нэкралёгу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(1)