Общество

«Памылковае рашэнне». Беларусь выключылі з журы нацыянальнага швэдзкага адбору на «Эўравізію»

А песьню ад Беларусі пачалі правяраць на адпаведнасьць стандартам міжнароднага конкурсу.

Навіну пра ўдзел беларускіх экспэртаў у журы швэдзкага нацыянальнага адбору на міжнародны конкурс песьні «Эўравізія» — Melodifestivalen апублікаваў тэлеканал SVT, які і праводзіць конкурс. Аднак прызначэньне беларусаў у журы выклікала скандал, і канал зьмяніў рашэньне, паведамляе Радыё Свабода.

Месца Беларусі ў адной з васьмі групаў журы зойме Вялікая Брытанія.

— Тое, што мы выбралі Беларусь у склад міжнароднага журы, было памылковым рашэньнем. Сытуацыя са свабоднымі СМІ ў гэтай краіне надзвычай сур’ёзная. Таму мы вырашылі замяніць журы зь Беларусі на журы зь Вялікай Брытаніі, — сказала прадусар Melodifestivalen Карын Гунарсан.

Таксама ў журы швэдзкага адбору на «Эўравізію» будуць прадстаўнікі Альбаніі, Ізраілю, Ісьляндыі, Кіпру, Нідэрляндаў, Францыі і Швайцарыі.

Конкурс Melodifestivalen, пераможца якога адправіцца ад Швэцыі на «Эўравізію», пройдзе 6 лютага на арэне Annexet у Стакгольме.

Ад Беларусі на прэстыжны міжнародны конкурс паедзе баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», рэпэртуар якога складаецца зь песьняў, у якіх высьмейваюцца «жанчына з Прыбалтыкі», Павал Латушка, «флейтыстка», каранавірус і Эўразьвяз. У яго выкананьні гучалі таксама кавэры на «Муры» і «Купалінку» з каверканьнем беларускай мовы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(31)