Скандалы

Памежнік з 15-гадовым досьведам пра дзеяньні былых калегаў: «Яны ўчыняюць службовыя злачынствы»

Ля мяжы з Польшчай цяпер знаходзяцца каля 2 тысяч мігрантаў. Польскія памежнікі і вайскоўцы «адбіваюць атаку». Беларускі памежнік, які адслужыў 15 гадоў, пракамэнтаваў на просьбу Радыё Свабода дзеяньні сваіх былых калегаў.

Ён лічыць, што мігранты адназначна зьяўляюцца парушальнікамі — бо знаходзяцца ў памежнай паласе.

– Паводле заканадаўства, для таго каб знаходзіцца ў памежнай паласе, трэба мець пашпарт і пропуск, які выдалі органы памежнай службы. Тут жа мы бачым, што мігранты вольна «жывуць» у памежнай паласе, паляць вогнішчы, сякуць дрэвы — і іх ніхто не чапае! У цёмны час сутак наогул нікому нельга знаходзіцца ў памежнай паласе! Гэта рабіць можна толькі ў крайнім выпадку, па рашэньні начальніка органа памежнай службы. Значыць, калі «законна», то яны знаходзяцца там выключна па рашэньні памежнага начальства, — кажа былы памежнік.

Ён лічыць, што былыя калегі, не зьвяртаючы ўвагі на парушэньні закону, больш за тое — спрыяючы такім парушэньням, зьдзяйсьняюць службовае злачынства.

– Калі нелегала ловяць у памежнай паласе, то інструкцыя стандартная: затрыманьне — пратаколы — ІЧУ — прыняцьце рашэньня па дэпартацыі. І заўсёды так было, — дадаў былы памежнік.

Ён зьвяртае ўвагу: калі мігранты сёньня ішлі па дарозе рэспубліканскага значэньня ў бок пункту пропуску — яны нічога не парушалі. Але калі яны збочылі ў лес і трапілі ў памежную паласу — сталі парушальнікамі.

– Наколькі я ведаю, памежнікі маюць загад зьверху — не затрымліваць мігрантаў, а спрыяць ім, — выказаўся суразмоўца.

Яшчэ ён заўважыў, што цяпер да «аховы» мігрантаў, ці да іх «ачапленьня», пачалі прыцягваць і вайскоўцаў тэрміновай службы.

– Яшчэ зьвярну ўвагу на такую акалічнасьць: на відэа бачна, што спальнікі ва ўсіх аднолькавыя, нават у курдаў і сырыйцаў. Гэта значыць, што была цэнтралізаваная закупка. А ў аднаго я заўважыў нават спальнік, якімі карыстаюцца памежнікі, — зазначыў былы памежнік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)