Общество

Палітзняволеныя муж і жонка арыштаваныя дзявяты раз запар

Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву і Сяргея Крупеніча ў чарговы раз пакаралі суткамі.

Палітзняволеную Анастасію Крупеніч-Кандрацьеву арыштавалі ў дзявяты раз на 15 сутак, паведамляе «Вясна». 5 лістапада суддзя Ленінскага раёна Анастасія Ачалава асудзіла Анастасію па ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Яе мужа палітзняволенага Сяргея Крупеніча таксама арыштавалі на чарговыя 15 сутак.

Участковыя Ленінскага РУУСа ў чарговы раз склалі на сям’ю пратакол па арт. 19.11 КаАП за перасылку адзін аднаму ў прыватных паведамленнях навінаў з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.

Суддзі неаднаразова адмаўлялі адвакатам, каб аб’яднаць пратаколы за розныя рэпосты ў адзін, таму за кожную навіну з «экстрэмісцкіх» каналаў, знойдзеную ў тэлефоне Анастасіі, сям’ю судзяць асобна адразу пасля заканчэння мінулага арышту.

На судзе над Анастасіяй адвакат прасіла прызнаць абавязковым ва ўдзеле ўчастковага Зянкевіча і агледзець тэлефон Анастасіі, бо непасрэдна ён аглядаў тэлефон падчас затрымання і не склаў пратакол на ўсе рэпосты, што пацягнула паступальнае з’яўленне новых пратаколаў і павелічэнне тэрміну.

У 30-дзённы тэрмін тэлефон павінен быць накіраваны для рэалізацыі ў даход дзяржавы. Аднак Зянкевіч утрымлівае тэлефон і складае новы пратакол, што з’яўляецца парушэннем. У кожным з пратаколаў напісана, што тэлефон агледжаны ва ўключаным стане, што немагчыма, улічваючы што тэлефон знаходзіцца ўжо больш за 100 дзён пад арыштам і батарэя не можа быць актыўнай так доўга. Але суддзя Ачалава не задаваліла хадайніцтвы адваката.

Анастасія правядзе агулам за кратамі 126 сутак, а яе муж — 127.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(10)