«Палітычныя графіці амаль пазнікалі, на іх месца вярнуліся падлеткавыя каракулі і мацюкі»
З выпадкова падслуханага і падгледжанага.
Заўважыў, што палітычныя графіці амаль паўсюль пазнікалі пад слаямі фарбы. Дзе-нідзе пазаставаліся недадзёртыя налепкі з «Пагоняй».
На іх месца пачала вяртацца старая насценная класіка, якая не муляе вока пільным камунальнікам — падлекавыя каракулі-графіці ды мацюкі.
***
Едзем з братам у аўтобусе, размаўляем. На нашую беларускую мову азіраецца адзін з пасажыраў. Я прыгадваю гісторыю ў Слуцку, дзе ў адной з крамаў пакупнік прыгразіў жанчыне здаць яе ў міліцыю за размовы па-беларуску.
Мужчына адварочваецца, неўзабаве бачу экран ягонага тэлефона, з якога чырванеецца «Пагоня». У гэты момант за спіной маладая пара ў голас радуецца магчымасці хоць на дзень з’ехаць з «акупаванага» Мінска.
***
Родныя ў вёсцы расказваюць пра новую моду: ездзіць на працу на таксі. Таксовак у раёне развялося шмат, кошты не надта каб куслівыя.
— Многія сталі карыстацца, нехта на працу ездзіць, кааперуючыся з суседам. А мясцовыя алкашы, каб самім ногі не біць, выклікаюць таксі і даюць грошы, каб прывёз з крамы гарэлкі і закусі.
***
Радуніца ў Навагрудку. На могілках, што прадказальна ў такі дзень, — сотні чалавек. Людзі шукаюць магілы блізкіх, мятуць помнікі, запальваюць знічы.
Моцны кантраст з цэнтрам горада, які нібы вымер, нягледзячы на сонечны і цёплы дзень. На замчышчы жменька турыстаў, з дзясяткі два чалавек на аўтавакзале.
***
На навагрудскім рынку традыцыйна іду да цёткі Волі — колішняй суседкі маіх дзеда і бабулі. Колькі яе памятаю, яна ўвесь час гандлявала.
— Гандаль ніякі стаў, але хаджу на рынак, бо на пенсію не пражывеш. А яшчэ ж сабе газ правяла, трэба пазыкі вярнуць, — цётка Воля з цяжкасцю ходзіць, гады даюцца ў знакі.
Я размаўляю з былой суседкай і разумею, што галоўнае для яе не грошы, сэнс у самім працэсе. Самае страшнае для такога чалавека — нічога не рабіць.
Падслуханае ў мінулы раз: «Маладыя людзі, адзеньце маскі! У нас тут паўсюль камеры»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное