Общество

Палітвязні Ілля Дзярагін і Дзмітрый Краўцоў выйшлі на волю

Першага судзілі за абразу Лукашэнкі, другога – за абразу дзяржаўнага герба.

У 27-гадовага Іллі Дзярагіна 23 кастрычніка скончыўся трохмесячны арышт, які ён адбываў у бабруйскім СІЗА-5, паведамляе Вясна.

Дзярагіна абвінавацілі ў тым, што ў стане алкагольнага ап’янення 16 красавіка 2021 года ў тралейбусе неаднаразова выказаў рэзкую і негатыўную ацэнку асобы Аляксандра Лукашэнкі, якая нанесла шкоду ягонаму гонару і годнасці і была накіраваная на падрыў ягонага аўтарытэту.

23 ліпеня Іллю асудзілі да трох месяцаў арышту і ўзялі пад варту ў зале суда.

23-гадовы жыхар Дрыбіна Дзмітрый Краўцоў на волю выйшаў 24 кастрычніка. Хлопца асудзілі на тры месяца арышту за абразу дзяржаўнага сімвала.

Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала тое, што ён разам з іншай фігуранткай справы на сваім Youtube-канале «з мэтай надання свайму каналу папулярнасці і дэманстрацыі свайго блюзнерскага стаўлення» перайначылі графічную выяву дзяржаўнага герба.

Атрыманы графічны малюнак абвінавачаныя выкарыстоўвалі пасля ў якасці лагатыпа Tеlеgгаm - і Youtube-каналаў, а таксама ў відэароліках, якія яны загрузілі на свой канал. Сваё пакаранне Краўцоў адбываў у ваўкавыскай калоніі №11.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(8)