Палітолаг: «Стаўка на рэпрэсіі ў разы падвышае імавернасьць каляпсу сыстэмы»

Дырэктар недзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі — пра магчымае развіццё падзей і сыход Лукашэнкі.

Прапануем некалькі ўрыўкаў з яго інтэрв’ю Радыё Свабода.

«Застаецца пытаньне, што прыйдзе на зьмену старой беларускай сыстэме: нейкі гібрыдны рэжым, ці паўнацэнная дэмакратыя»

— Аналіз некалькіх сотняў гістарычных выпадкаў, які праводзіўся ў адпаведных дасьледаваньнях, паказвае, што пэрыяд, калі «грамадзтва актыўна не супадае з уладай», можа трываць ад некалькіх месяцаў да 10 гадоў. Калі грамадзкі ўздым вельмі моцны і магутны і калі да гэтага дадаецца спрыяльная замежнапалітычная абстаноўка — то перамены могуць быць даволі хуткімі.

У беларускай сытуацыі грамадзкі ўздым вельмі выразны і магутны. Гістарычна статыстыка паказвае, што 3,5 працэнта насельніцтва — удзельнікаў акцыяў пратэсту — той парог, які запускае незваротныя працэсы. То бок вярнуцца да статус-кво немагчыма. У Беларусі гэты парог быў перакрочаны.

Тым ня менш гэта яшчэ аўтаматычна не азначае, што перамены хутка павінны наступіць. Тут вельмі важны замежнапалітычны чыньнік, тое, што Беларусь гэтак моцна прывязаная да Расеі, а Расея займае пэўную пазыцыю. Тым ня менш пэўныя сыгналы, якія паступаюць з Масквы, паказваюць, што і там разумеюць немагчымасьць захаваньня статус-кво.

Таксама застаецца пытаньне, што прыйдзе на зьмену старой беларускай сыстэме. Гэта можа быць нейкі гібрыдны рэжым, але можа быць і паўнацэнная дэмакратыя.

«Рэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадзтва, якая знаходзіцца ў меншасьці»

— На базе дасьледаваньняў гістарычных выпадкаў робіцца выснова, што стаўка на рэпрэсіі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве ў разы падвышае імавернасьць каляпсу сыстэмы. Рэпрэсіі могуць добра працаваць, калі іх стасуюць да ізаляванай групы грамадзтва, якая знаходзіцца ў меншасьці. Тады большасьць альбо падтрымлівае рэжым, альбо пасіўна назірае.

Але калі рэпрэсіі вельмі шырокія і закранулі ў Беларусі 30 тысячаў чалавек, а лічбу трэба памнажаць у дзясяткі разоў, бо гэта закранае родных, сяброў, знаёмых, — то гэты інструмэнт контрапрадуктыўны, нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве.

Нягледзячы ні на што, трэба адкінуць эмоцыі і ўключыць рацыянальнае мысьленьне і здаровы сэнс. У выпадку, калі б пратэст перайшоў мяжу ад мірнага да гвалтоўнага (калі б пачаліся захопы будынкаў, фізычныя расправы), то адбылося б наступнае.

Па-першае, радыкальна зьнізілася б колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту. Было прааналізавана каля 600 выпадкаў у сьвеце, і аналіз паказаў, што радыкалізацыя ў сярэднім у 4 разы зьніжала колькасьць удзельнікаў акцыяў пратэсту. А калі колькасьць пратэстоўцаў зьніжаецца, тады лягчэй аддзяліць і ізаляваць пратэстоўцаў ад астатніх.

У выпадку гвалтоўнага пратэсту таксама адбудзецца кансалідацыя элітаў. Цяпер ёсьць хістаньні, ёсьць дэзэртырства, пераход на бок пратэстоўцаў, людзі сыходзяць з дзяржаўных структураў — можа быць, ня так масава, як нам хацелася б. Але ў выпадку гвалтоўнага пратэсту людзі з намэнклятуры і тым больш сілавых структураў увогуле перастануць вагацца. Карацей, кажучы, гэта контрапрадуктыўна.

«Шмат залежыць ад таго, як павядзе сабе пратэставы рух»

— Няма такога аднаго пункту, які б адназначна гарантаваў падзеньне рэжыму і пераход да дэмакратыі. Можна назваць чыньнікі, якія падвышаюць імавернасьць гэтага. У нашым выпадку гэта пазыцыя Расеі. Калі яна пяройдзе ў фазу больш рашучага патрабаваньня ад Лукашэнкі сысьці, то гэта падвышае імавернасьць ягонай адстаўкі. Пасьля гэтага я дапускаю этап гібрыднага рэжыму — паўдэмакратычнай, паўаўтарытарнай формы. Іншы пункт — эканамічны крызіс, які, вельмі праўдападобна, будзе працягвацца і пашырацца.

І, вядома, шмат залежыць ад таго, як павядзе сабе пратэставы рух. Я ня маю на ўвазе, што ён абавязаны бесьперапынна дзейнічаць. Можа наступіць пэўная паўза, магчыма, з псыхалягічнага гледзішча яна апраўданая і нават пажаданая. Але выключна дзеля таго, каб увесну выбухнуць з новымі сіламі, напрыклад, на 25 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(35)