Палітолаг: «Галоўчанку давядзецца накласьці апалу і на Качанаву, і на Тэртэля, і на Хрэніна»

Дэкрэт Лукашэнкі — паўтарэньне вопыту «вярхоўнікаў». Юры Дракахруст каментуе «лёсавызначальнае» рашэнне Лукашэнкі.

— Дэкрэт Лукашэнкі зь перадачай усёй улады Радзе бясьпекі ў выпадку яго раптоўнага сыходу выклікае вялікае зьдзіўленьне, — піша Юры Дракахруст.

Нават ня ў тым справа, што ён супярэчыць дзейнай Канстытуцыі, але ў тым, што ён супярэчыць палітычнай філязофіі, якую Лукашэнка вызнаваў дзесяцігодзьдзямі.

Патрэбны «ствол» улады, адзінства палітычнай волі, любы падзел ўлады, розныя меркаваньні — гэта ад лукавага, гэта хаос, гэта шлях да развалу, краху дзяржаўнасьці.

Ну бачаньне мо неадэкватнае, але цэльнае, канцэптуальнае. Было.

А зараз сам носьбіт гэтага бачаньня закладае бомбу пад будучыню дзяржаўнасьці.

Ужо якім пераемнікам быў бы Раман Галоўчанка – гэта асобны сюжэт.

Але калі пераемнік – гэта «палітбюро», то гэта і сапраўды бомба пад дзяржаўнасьць. І ня толькі з пункту гледжаньня дэмакратычнай пабудовы краіны (забудзем і вынясем за дужкі), але і з пункту гледжаньня дзяржаўніцкага а ля Лукашэнка.

А калі чалец Рады бясьпекі Тэртэль, кіраўнік КДБ, у экстрэмальнай сытуацыі раптам будзе мець іншы погляд, чым чалец той да Рады Хрэнін, міністар абароны?

А за імі – людзі са зброяй. Хіба галасаваньне ў Радзе, да таго ж таемнае, спыніць некага, роўнага іншым чальцам  Рады, аддаць загад сваім штыкам?

Словам, дэкрэт Лукашэнкі – ня тое што выклік Канстытуцыі і дэмакратычным прынцыпам (каго гэта цікавіць?), гэта выклік яго ўласным жыцьцёвым прынцыпам.

Здаецца, гэта жыцьцёвая капітуляцыя.

Некалі Аляксандар Фядута (цяпер – кшталту правадыр перавароту) цытаваў кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка, словы, нібыта сказаныя яму Лукашэнкам. Паводле Фядуты Лукашэнка напрыканцы 90-х сказаў Віку – да мяне была дэмакратыя, і пасьля мяне будзе.

Можа, тое выказваньне Лукашэнкі – сутнасьць яго дэкрэту?

Па шчырасьці  — іншая фармулёўка прынцыпу: пасьля мяне хоць патоп.

Гэта нагадвае «вярхоўнікаў» — расейскіх вышэйшых вяльможаў, якія спрабавалі накінуць імпэратрыцы Ганне Іааноўне «кандыцыі», умовы абмежаваньня самадзяржаўя.

Ганна Іаанаўна ўласнаручна разарвала «кандыцыі», а «вярхоўнікаў» саслала ці пасадзіла.

Дэмакратыя «вярхоўнікаў» — ня самая добрая ідэя.

Галоўчанку давядзецца накласьці апалу і на Качанаву, і на Тэртэля, і на Хрэніна.

Карбалевіч: «Пераможцы так не баяцца»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(31)