Общество

«Пакуль ён ірваў на мне адзенне, біў і абражаў, я стрымана спытвала, чаму ён дазваляе так паводзіць сябе»

Вясна і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, нялюдскага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў, што адбыліся ў Беларусі ў 2020-м годзе.

Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Ілюстрацыя з сайта eurasia.amnesty.org

Год назад, 25 кастрычніка, Аляксандру (імя змененае) затрымалі, калі яна хавалася з сяброўкамі ў пад’ездзе пасля разгону мірнага маршу ў Мінску, ледзь не задушылі ўласнай хусткай, пашкодзілі плячо. Дзяўчына распавяла сваю гісторыю затрымання «Вясне».

Я ішла па вуліцы Арлоўская ў Мінску, дзе праходзіў прыгожы марш. Калі мы ўперліся ў кардон сілавікоў, пачалі разыходзіцца. І тут нам у спіны паляцелі гранаты. Яны выбухалі проста ў нагах, абпальваючы твар. Пачалася паніка. Мы апынуліся ў эпіцэнтры. Было страшна і гучна.

Мы забеглі ў бліжэйшы двор і схаваліся за машыну. Нас пачалі акружаць людзі ў балаклавах, са зброяй. Адзін заўважыў нас, паклаў тварам у зямлю, наставіўшы аўтамат. Паглядзеў ацэньвальна на нашы твары, і, вырашыўшы, што мы выглядаем занадта юна, сышоў.

Мы засталіся ў двары, не разумеючы, як дзейнічаць далей. Было страшна бегчы, таму што страляюць у спіны (пазней, у РУУС, мы сустрэлі хлопца з прастрэленай ягадзіцай). Селі на лавачку, наіўна мяркуючы: калі будзем мірна сядзець, нас не крануць. Тады мы яшчэ не ведалі, што людзям у балаклавах усё адно, хто ты і як тут апынуўся.

Мы былі разгубленыя, рукі дрыжалі. Але заўважылі, як у суседнім доме адчыніліся дзверы пад’езда, выйшаў сталы мужчына і быццам незнарок кіўнуў нам. Прытулак! Мы павольна пайшлі да пад’езда, які для нас адчынілі. Але ў тую ж секунду з верхняга балкона гэтага ж дома раздаўся жаночы крык:

— Не запускай гэтых дрэняў у наш дом!

Мы не звярнулі на гэта ўвагі, захопленыя магчымасцю ўратавацца. Зайшлі ў пад’езд. У кватэру да дзядулі не пайшлі, вырашылі застацца на лесвічнай пляцоўцы, на выпадак, калі будуць правяраць кватэры. Мы ведалі, што такое ўжо было і можа паўтарыцца, таму не хацелі ставіць пад пагрозу нашага выратавальніка. Схаваліся пад лесвіцу, у самы цёмны кут, і не варушыліся. Чакалі, пакуль усё скончыцца і ўсе разыйдуцца.

«Ён схапіў мяне за хустку, сцягнуў тужэй на шыі і падняў. Мае ногі ледзь датыкаліся да зямлі кончыкамі пальцаў»

Але нават седзячы пад лесвіцай у цемры, мы чулі, як жанчына з балкона працягвала крычаць. Але цяпер яна крычала не нам, а людзям у балаклавах:

— Тры дрэні ў маім пад’ездзе! Пазваніце ў маю кватэру, я асабіста адчыню вам дзверы! Іх трэба выхаваць!

Да дома падышлі сілавікі ў балаклавах, без апазнавальных знакаў, пазванілі ў дамафон, і тая жанчына адчыніла ім дзверы. У пад’езд уляцела каля пяці чалавек са зброяй і ўключанымі ліхтарыкамі. Мы затаілі дыханне, прыціснуўшыся адна да адной. Грубы крык, і сілавікі сталі сляпіць сваімі ліхтарыкамі, і прыніжаць, нават яшчэ не разумеючы, хто сядзіць пад лесвіцай:

— Выходзьце самі, петушары, інакш вам канец!

Мы выйшлі: тры маленькія дзяўчынкі супраць пяці раз’юшаных «балаклаваў».

На мне была чырвоная хустка, павязаная на галаву, але я спусціла яе на шыю, каб не прыцягваць увагу. Чырвоны колер цяпер працуе, як ануча для быка: вядома ж, яе заўважылі і раззлаваліся!

Адзін з сілавікоў, самы раз’юшаны, схапіў мяне за хустку, сцягнуў тужэй на шыі і падняў. Мае ногі ледзь датыкаліся да зямлі кончыкамі пальцаў — такім чынам ён выводзіў мяне з пад’езда. Я пачала пастукваць яго па руцэ, даючы зразумець, што не магу дыхаць, што я здаюся і не супраціўлюся.

Але яму было ўсё адно. Ён працягваў на мяне крычаць, пырскаючы слінай, але я ўжо нічога не чула, паветра сканчалася і памутнела ў вачах. Ён кінуў мяне на зямлю, паставіў на калені. Упіраючыся носам у зямлю, я чула, як яго паплечнікі дзівіліся такой жорсткасці. Як жа моцна можна раззлаваць чалавека хусткай!

Пакуль я стаяла на вуліцы, маіх сябровак адвялі ў аўтазак. Да мяне падышоў іншы мужчына ў масцы, акуратна падняў пад руку і паціху павёў да аўтазака: «Мне шкада». Мабыць, бачыў, як мяне выводзілі з пад’езда.

«Усё навокал нагадвала нейкі жорсткі сюр: кроў, зубы, непрытомнасці, відэаздымкі, насмешкі з боку супрацоўнікаў РУУС»

Нас прывезлі ў РУУС. Спачатку мы ўсё дружна пераступілі нейкае напаўголае цела перад уваходам, а затым нас паставілі тварам да сцяны. Так мы прастаялі 12 гадзінаў.

Падчас вопісу рэчаў маю чырвоную хустку канфіскавалі. Я спытала:

— А ў нас у краіне забаронены чырвоны колер?

Адказалі, што так. Я аджартавалася:

— А калі на мне чырвоныя майткі?

Сказалі, што і іх здымуць.

Затым быў шэраг допытаў, здыманне адбіткаў пальцаў, відэаздымкі, размазаная на сценах кроў. Вакол увесь час круцілася дзяўчына з камерай, раздражняючы сваімі спробамі «правільна» выбраць людзей для «інтэрв’ю». Супрацоўнікі ўвесь час раіліся, каго ж запісаць. Мы заўважылі, што адбіралі затрыманых з розных гарадоў, розных прафесій, розных па тыпажы. Адмовіцца ад «хатняга відэа» было нельга.

Усё навокал нагадвала нейкі жорсткі сюр: кроў, зубы, непрытомнасці, відэаздымкі, насмешкі з боку супрацоўнікаў РУУС. У нейкі момант я не вытрывала і сказала ўголас, хоць нам і не дазвалялі размаўляць:

— У вас тут, здаецца, чалавек памёр!

Той самы напаўголы чалавек ляжаў проста ля маіх ног. І да яго ніхто не падышоў. Мне пачало здавацца, што ён больш не дыхае. Сама я яму дапамагчы не магла — мне нельга было адыходзіць ад сцяны, падымаць галаву, размаўляць. Але я рызыкнула гучна паведаміць.

Супрацоўнікі толькі пасмяяліся, але на ўсялякі выпадак вырашылі праверыць. Здаецца, вату з нашатырным спіртам яму засоўвалі глыбока ў нос разы тры, і ён ніяк не рэагаваў. Супрацоўнік РУУС, які адчайна спрабаваў прывесці чалавека ў прытомнасць, пачаў яму нервова пагражаць:

— Калі ты прыкідваешся, ты труп!

Напаўголае цела ледзь прыйшло ў прытомнасць. Як аказалася, гэта быў непаўнагадовы хлопчык, які пакутваў ад дыябету. У яго быў прыступ, але ніхто не рэагаваў, яго проста пераступалі некалькі гадзінаў.

Ён аказаўся ледзь не адзіным, каму дапамаглі ў той вечар. У гэтым калідоры было шмат пацярпелых: хлопец з выбітай сківіцай, што ўсе 12 гадзінаў трымаў зламаныя зубы ў руцэ, кроў цякла з рота. Хлопец з прастрэленымі ягадзіцамі заліваў падлогу чырвоным. І яшчэ шмат збітых хлопцаў. Дзяўчын амаль не чапалі. Амаль...

«Я сядзела ў шоку, з камяком у горле, не разумеючы, чаму адзін дарослы мужчына мяне б’е, а іншы спакойна глядзіць на гэта»

Мяне павялі на чарговы допыт, па ліку ўжо чацвёрты ці пяты. Мы размаўлялі з важным дзядзькам-следчым дакладна гэтак жа, як і на папярэдніх допытах: колькі мне плацілі, хто мой каардынатар?

На кожным з допытаў я спрабавала весці адэкватны дыялог. Але гэтым разам мне перашкодзілі. У кабінет увайшоў мужчына, ён не прадставіўся. Закурыў. Слухаў. Штосьці ў маім аповедзе яму не спадабалася: раптам пачаў крычаць, ірваць на мне адзенне і біць кулаком у плячо! Біў і крычаў, што я «тупая п***да».

Я рашуча настроілася не плакаць. Гэтыя людзі не вартыя маіх слёз. Я сабрала ўсю сябе ў адно вялікае цярпенне, вельмі стрымана і выразна спытвала, чаму ён дазваляе так паводзіць сябе са мной.

Ён, здаецца, не чуў, быў захоплены збіваннем. Я сабрала яшчэ раз усю сваю волю і паўтарыла. Ён перастаў мяне біць, заўважыўшы, што я не рэагую так, як яму хацелася: не крычу, не плачу, не малю аб літасці. Супакоіўся і адышоў ад мяне. Другі, з якім мы размаўлялі, усміхнуўся і сказаў:

— Ну што ж, такія вось злыя дзядзькі ў нас таксама ёсць.

Я сядзела ў шоку, з камяком у горле, не разумеючы, чаму адзін дарослы мужчына мяне б’е, а іншы спакойна глядзіць на гэта. Чаму на кожным сваім допыце я казала, што мяне душылі, а з мяне пацяшаюцца: «ну не задушылі ж».

Выходзячы ў калідор з кабінета, я стрымлівала слёзы ад болю, ужо адчуваючы, што маё плячо бязлітасна выбіта. Затым быў паказальны перформанс для «хатняга відэа»: нам вынеслі крэслы, каб мы маглі сесці і паказаць, што з намі добра абыходзяцца.

Боль у плячы перамяшалася з хваляваннем за брата, які застаўся на Арлоўскай. Я не ведала, ці атрымалася ў яго ўцячы, ці ў парадку, дзе ён будзе начаваць сёння ўначы, бо ключы ад дома ў мяне. Права на тэлефанаванне не было. Права на правы чалавека таксама не было. На ўсе нашы просьбы зачытаць нам правы смяяліся ў твар і казалі, што мы перагледзелі амерыканскіх фільмаў.

Потым нас адвялі ў «малпоўню» — бетонную клетку, дзе ёсць толькі адна бетонная лава. Дзяўчынак і жанчын у камеры шмат, месца ўсім не хапае. Я сядзела на падлозе, мяне мучыла смага і страх таго, што будзе далей. Я не ведаю, колькі гадзінаў правяла ў цемры, дзікім смуродзе і жудасных крыках з суседняй камеры.

«На Акрэсціна супрацоўнікі чамусьці лічаць сябе багамі. Наглядчыкі называлі нас па-рознаму, але ніводнае з гэтых словаў не было падобнае на чалавечае»

Раніцай нас павезлі на Акрэсціна. Распранулі, агледзелі, размеркавалі па камерах. Я трапіла ў камеру, дзе не было вольнага месца, але мяне добра прынялі, пакармілі перадачамі, саступілі месца паспаць. На наступны дзень перавялі ў іншую камеру.

Кармілі дрэнна. Давала жменьку скіслай кашы і цікавіліся, ці смачна. Двое сутак я амаль нічога не ела, пакуль валанцёры не перадалі выратавальныя печыва і ваду.

Там, на Акрэсціна, супрацоўнікі чамусьці лічаць сябе багамі. Наглядчыкі называлі нас па-рознаму, але ніводнае з гэтых словаў не было падобнае на чалавечае.

Нам заставалася чакаць суду. Але ён праходзіў гэтак жа абсурдна, як і ўсё тут: праз скайп, на тэлефоне аднаго з супрацоўнікаў. Пры гэтым яму ўвесь час тэлефанавала сяброўка, гэта перарывала судовы працэс і жудасна раздражняла суддзю. Хто мяне судзіў — не памятаю, суддзя не прадставілася і была ў масцы. Маёй сведкай была... запіска ад нейкага Іванова Івана Іванавіча. А саму мяне ніхто не слухаў. Мяне асудзілі паводле двух артыкулаў: 23.34 і 23.4 КаАП.

На наступны дзень пасля суду мяне кудысьці павялі. Я зайшла ў камеру, дзе было двое мужчын. Наглядчык зачыніў дзверы і сышоў. У пакоі — толькі я і яны. У мяне няма ні правоў, ні праўды, у іх — улада і беспакаранасць.

— Ну, заходзь, сяброўка, — з усмешкай сказаў адзін з іх. — Як думаеш, на гадкі тры цябе пасадзім?

Я не разумела, што адбываецца, але цяпер відавочна ўсё залежала ад настрою гэтых двух, якім нічога не варта паставіць у паперку патрэбную галачку — і я правяду бліжэйшыя гады за кратамі.

Мне спрабавалі намаляваць арт. 342 КК нібыта за тое, што я кідала камяні ў будынак РУУС. Але мяне не было ў той час там, і гэта ёсць ва ўсіх пяці пратаколах, што я падпісала.

Яны доўга мяне разглядалі, і ў выніку я пачула:

— М-да, ты, вядома, не падобная на дэбашырку.

Яны ацанілі мяне візуальна. У той момант зразумела, што будзь я пабуйней, пагрубей, напрыклад, з пірсінгам, дзіўнай прычоскай, то я б пасавала да ролі «тэрарысткі», якая публічна за ўсё адкажа.

Мяне адпусцілі, а вось дзяўчынка, якая ішла за мной, не змагла выйсці з таго пакоя, пакуль не падпісала патрэбную паперку. Шукаць абароны і справядлівасці там было бескарысна.

Я спрабавала абараніць сябе! Спрабавала дамагчыся праўды, хоць бы па тым артыкуле, які быў прыпісаны мне несумленна. Мяне душылі і зневажалі, а ў пратаколе напісалі, што я супраціўлялася, упіралася нагамі ў зямлю, крычала і рвала форму на супрацоўніку.

Я запатрабавала абскардзіць рашэнне суда. У мяне ёсць гэтае права, сама суддзя сказала. Але аказалася, што права ёсць, але вось калі няма асадкі, паперкі і канверта — нічога не атрымаецца. У мяне не тое што асадкі і паперкі з сабой не было, у мяне нічога не было. Незразумела, у каго там прасіць дапамогі. І ці варта? Можна апынуцца па-за літасцю ў «багоў Акрэсціна».

«Прыйшлося перапраграмаваць мозг на рэжым «выжыванне»

На трэція суткі, а 6-й раніцы нас усіх сабралі ў прагулачным дворыку — бетонным загоне з небам у сетку. Дзяўчынкі асобна, хлопчыкі асобна. Там мы прастаялі гадзінаў пяць, без сняданку і ранішняга туалета. Было халодна, канец кастрычніка. Спрабавалі адцягнуць увагу ад голаду і холаду спевамі, але былі пакараныя за гэту ідэю.

Час цягнуўся бясконца. Калі нас пачалі рассаджваць па аўтазаках, стала зразумела, што нас этапуюць. Наступны прыпынак — СІЗА № 6 г. Баранавічы.

Страшна было ехаць у «стакане» некалькі гадзінаў: нас было двое, паветра хутка заканчвалася. У галаве толькі адна дакучлівая думка: калі мы перавернемся, нас ніхто не выратуе, таму што мы замкнёныя ў «стакане»!

Сустракалі «госцяў» у СІЗА жахліва: калідор мужчын з дубінамі і сабакамі. Ісці страшна. Галава кружыцца ад недахопу кіслароду і яркага святла.

Але не білі. Распранулі, агледзелі. Сказала пра боль у выбітым плячы і шыі, доктар адказаў, што не гатовы да такіх медыцынскіх цяжкасцяў. Можа даць актываваны вугаль. Прыйшлося перапраграмаваць мозг на рэжым «выжыванне».

Умовы новай камеры: падвал, бетон, параша. Ні гарачай вады, ні выключанага ці прыглушанага святла ўначы. Пад’ём а 6-й раніцы пад «мы, беларусы, мiрныя людзі», душ раз на тыдзень, шпацыр кожны дзень па 30 хвілінаў, вячэра з фірмовай стравай «вараная рыба».

У «хаце» коек усім хапала, ужо няблага. Перадачкі ад родных, лісты перадавалі. Тут ужо мы былі «дзяўчынкамі» і «дамамі», а не «дрэнямі» і «г***м», як на Акрэсціна. Палохалі толькі ў дзень заезду, а далей ужо не зневажалі. Мясцовыя супрацоўнікі самі да канца не разумелі, што адбываецца ў Мінску.

Пасля вызвалення расслабіцца не атрымалася. Здавалася б, што ўсё ўжо мінула, але да мяне дадому нечакана прыйшлі з вобшукам, я ўсё ж стала падазраванай па той крымінальнай справе пра «кінутыя ў будынак РУУС камяні».

Мне давялося з’ехаць з краіны. Праз нейкі час удалося звязацца з «Вясной» і распавесці ім сваю гісторыю. Мне прапанавалі псіхатэрапеўта, які дыягнаставаў ПТСР і займаўся мной да псіхалагічнага аднаўлення. Плячо ўдалося ўправіць, ужо знаходзячыся ў іншай краіне. Спазмы ў шыі працягваюцца дагэтуль. Кожны месяц на маё імя прыходзяць лісты з суда, з патрабаваннем аплаціць дзіўныя натарыяльныя працэсы. З банкаўскіх карт МУС спісвае грошы, хоць усе турэмныя чэкі былі аплачаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(39)