Общество

Пакуль сядзеў, паставілі прагул. Звольнілі дацэнта Полацкага ўніверсітэта, які працаваў там 14 год

Кандыдата гістарычных навук Віктара Якубава звольнілі з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта за тое, што сядзеў на сутках. У гэты час яму паставілі прагул.

Фота з асабістага архіву

— Звольнены за тое, што меў прагул на працы з 2 да 15 верасня, паколькі адбываў адміністрацыйны арышт у наваполацкім ЦІПе, — тлумачыць Нашай Ніве дацэнт (яму далі 15 сутак за рэпосты матэрыялаў тэлеканала, прызнанага экстрэмісцкім). — Так запісана ў працоўнай кніжцы. На пісьмовую просьбу даць мне адгул за свой кошт, па незалежных ад мяне абставінах, новапрызначаны рэктар паставіў рэзалюцыю — «пярэчу».

Рэктар у Полацкім універсітэце змяніўся ў сакавіку — ім стаў сенатар Алег Раманаў.

Раней Віктара Якубава двойчы затрымлівалі — за ўдзел у акцыях далі па 15 сутак (агулам, атрымліваецца, ён правёў за кратамі 45 сутак). Але тады выкладчыка не звольнілі.

Якубаў сам выпускнік ПДУ. Працаваў тут з 2007 года. Стажыраваўся ва ўніверсітэтах Польшчы, Расіі, Венгрыі.

— Я патрыёт універсітэта, шмат рабіў для яго развіцця. Разам з сябрамі адкрыў спецыяльнасць «сацыяльныя камунікацыі», — дзеліцца ён.

Прапаноў аб новай працы ў гісторыка пакуль няма. Кажа, гатовы разглядаць розныя варыянты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(12)