Общество

«Падазрэнні ў спробе дзяржперавароту супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МУС». Злілі новую партыю «даносаў»

У верасні аб’яднанне хакераў заявіла про ўзлом базы званкоў на лінію 102. Тады яны злілі даныя пра 2842 чалавек, якія ў жніўні-верасні паведамлялі ў міліцыю пра бел-чырвона-белыя сцягі і стужкі, людзей, што збіраюцца на пратэсты, і гэтак далей. У суботу з’явілася другая партыя звестак — гэта больш за 1400 чалавек, піша Наша Ніва.

Паведамленні размеркаваныя па карце і некаторыя выглядаюць так.

«Валодае фактамі, якія сведчаць пра неабходнасць праверкі і перадачы матэрыялаў у следчыя органы па падазрэнні ў сабатаванні і ўдзелу ў путчы і спробе дзяржаўнага перавароту некаторых супрацоўнікаў цэнтральнага апарату МУС», — паведамляе жыхар Мінска.

«Невядомыя асобы распаўсюджваюць пра яе інфармацыю аб тым, што яна, калі была старшынёй выбарчай камісіі, фальсіфікавала выбары», — такі званок паступіў з Браслаўскага раёна.

«У цырульні супрацоўнік носіць белую стужку на руцэ і не хоча здымаць», — паведаміў жыхар Баранавічаў. Выглядае, што ён якраз уладальнік той самай цырульні.

«Да выбарчага ўчастка пад'ехаў аўтамабіль, з якога выйшаў (імя і прозвішча), у якога на адзенні была белая стужка, а з машыны ціха іграла музыка «Я чакаю перамен», і ў машыне ляжаў сцяг белага колеру», — такое паведамленне было ў Расонскім раёне.

Між тым аб'яднанне хакераў адзначае, што, нягледзячы на тысячы імёнаў у іх спісе, колькасць такіх людзей складае менш за 0,1% насельніцтва.

Міністэрства ўнутраных спраў дагэтуль не пракаментавала ні ўзлом базы лініі «102», ні АІС «Пашпарт».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(35)