Общество
Таццяна Гусева

Падарожжа на зямлю дзядоў

Праўнук вядомага на Случчыне памешчыка і мецэната Браніслава Залескага наведаў Беларусь. Кшыштаф Залескі, апошні патомак роду, у суправаджэнні сваёй цёткі пані Габрыэлы і дзвюх выкладчыц Беластоцкага універсітэта здзейсніў падарожжа у былыя ўладанні Залескіх — вёску Рачкавічы.

Пасля рэвалюцыі сям’я Залескіх пакінула радзіму і пачала новае жыццё ў Польшчы. Тыя, хто не паспеў эмігрыраваць, загінулі ў турмах або зніклі бясследна. Дарэчы, адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў роду — Браніслаў Залескі, беларускі і польскі мастак і пісьменнік, быў сябрам Тараса Шаўчэнкі, з якім разам адбываў ссылку ў Арэнбургу.

Так выглядаў маёнтак у пачатку ХХ ст.

Ад былога маёнтка ў Рачкавічах зараз не засталося нічога, таксама, як і ад цудоўнага панскага сада. “Вы позна спахапіліся — калі б прыехалі гадоў дзесяць назад, дык пабачылі б старажылаў, якія здолелі вам расказаць пра паноў Залеских, — сустрэлі нас вяскоўцы. — Да чаго ўжо тут раней было прыгожа. Асабліва да вайны. Усе культурна было, а цяпер няма каму глядзець…”.

“Пойдзем да Трусевічыхі, — запрасіла нас вясковая кабета, якая выклікалася суправаджаць нечаканых гасцей у іх падарожжы па радзіме дзядоў. — Яна самая старэйшая жыхарка. Яшчэ яе бацькі рабілі ў пана”.

Вользе Трусевіч у гэтым годзе споўнілася дзевяноста. Бабуля расказала, што яе бацька сапраўды працаваў упраўляючым у пана Залескага. Казала, што ў яе маці было сямёра дзяцей, а бацька заляцаўся да прыгажуні прачкі. Калі “добрыя” людзі данеслі, што бачылі яе мужа ў гумне з маладухай, жанчына пайшла да пана і слёзна прасіла яго дапамагчы захаваць сям’ю. Пан вызваў да сябе ўпраўляючага, і пасля размовы заляцанні да прачкі спыніліся. Пра лёс былога панскага маёнтка Вольга Дзям’янаўна паведаміла, што пасля ад’езду паноў ён прастаяў нядоўга. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, і немцы, адыходзячы, спалілі яго і школу для сялян, таксама пабудаваную Залескімі.

Калі мы зайшлі ў дом, то не змаглі стрымаць здзіўлення: у пакоі гаспадыні стаяла шафа з панскага маёнтку! Цікава было глядзець на няхітрыя сялянскія пажыткі, раскладзеныя на паліцах, дзе ў пачатку стагоддзя, магчыма, раскладвала свае сукенкі пані Залеская. Пасля ад’езду паноў вяскоўцы забралі рэчы з маёнтка і разлічваліся за іх з дзяржавай.

Дарэчы, сам Кшыштаф пра сваіх продкаў ведае шмат: “Усё дзяцінства слухаў, як дзед Вацлаў расказваў пра маёнтак у Рачкавічах: як там ладзіліся святы, якія традыцыі існавалі ў вялікай сям’і”. Запомнілася Кшыштафу гісторыя пра прабабку, якую вельмі любілі мясцовыя жыхары. “Калі пані памерла, паміж жыхарамі Рачкавіч адбыўся канфлікт, у якім абрадзе яна мае быць пахавана: у каталіцкім ці праваслаўным. Паколькі бацюшка з ксяндзом не хацелі праводзіць абрад пахавання супольна, было вырашана, што бацюшка правядзе пані да паловы дарогі, а да могілы правядзе ксёндз”.

Далей мы крочылі да віннага завода “Колас”. Амаль адзінае, што засталося з тых далёкіх часоў ад паноў Залескіх, — гэта стары будынак былога спіртавога заводу. Зараз памяшканне выкарыстоўваецца як склад. Старэйшыя супрацоўнікі завода ўспамінаюць, што калісь тут стаяў халадзільнік для спірта на лапах ільва. Так атрымалася, што ў савецкія часы антыкварыят, здольны аздобіць фонды музея, апынуўся на сметніку.

На твары Кшыштафа, калі ён крочыў па дарогах сваіх продкаў, адлюстроўваліся розныя пачуцці. Сум і захапленне, цікавасць і роздум. Як адчувалі сябе дзяды, калі кідалі сваю родную зямлю і раптоўна ад’язджалі ў Польшчу? Мабыць, гэтае пытанне яшчэ болей хвалявала ягоную 73-гадовую цётку Габрыэлу. “На вялікі жаль, мы не маглі прыехаць раней, — сказала яна. — У савецкі час гэта было небяспечна. Памятаеце, як трагічна скончыўся лёс герояў фільма “Усход-Захад”?”

Завяршыць падарожжа па Случчыне Кшыштаф планаваў на могілках у вёсцы Боркі, дзе Залескія некалі пабудавалі касцёл. Але тут яго чакала неспадзяванка: высветлілася, што прыехалі мы зусім не ў тую вёску, якая носіць назву Барок не так даўно.

Развітваліся мы ўжо добрымі сябрамі. Абмяняліся тэлефонамі і электроннымі адрасамі, абняліся… А праз дзень я атрымала SMS з польскага нумару: “Едзем у Польшчы. На Беларусі вельмі спадабалася. У вас дужа мілыя і добрыя людзі”. А потым прыйшло пісьмо, у якім Кшыштаф паведаміў пра свой намер яшчэ раз прыехаць на Случчыну. Ён хоча наведаць яшчэ некалькі вёсак, якія сустракаюцца ва ўспамінах яго дзеда і маюць сувязь з родам Залескіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)