Пад Менскам знайшлі першы беларускі герб?

Як лічыць навуковец, Рагнеду з сынам маглі спачатку саслаць сюды, а не ў Заслаўе.

Гісторыя з донцам гаршчка з асабістым гербам полацкага князя Ізяслава — гэтую знаходку археолагі і валанцёры зрабілі на Гарадзішчы блізу музея «Стары Менск», дзе зараз вядуцца раскопкі — атрымала працяг.

Супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, загадчык аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч выказаў меркаванне, што ўжо за часам Ізяслава (канец Х стагоддзя) Менск увайшоў у склад Полацкага княства.

«Гэта яшчэ больш узвышае статус старажытнага Менска і сведчыць пра значнасць горада», — піша дырэктар музея Глеб Лабадзенка.

Таксама, паводле яго слоў, знаходка можа ўскосна сведчыць, што Ізяслава і Рагнеду спачатку маглі саслаць менавіта ў Менск, а не ў Заслаўе.

Па сутнасці, лічыць Лабадзенка, гэты адбітак княскай пячаткі — першы вядомы беларускі герб. Знаходка ўвойдзе ў экспазіцыю музея, а раскопкі пакуль працягваюцца, і ўсім ахвотным прапануюць да іх далучыцца.

Нагадаем, князь Ізяслаў — сын Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча. Пасля няўдалага замаху на апошняга Ізяслаў быў сасланы разам з маці — як раней лічылася, у Заслаўе.

Асабістым знакам Ізяслава быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца, і сёння менавіта гэты знак змешчаны на гербе Заслаўя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)