Общество

Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Пачынаў з «Зоны Х», даў дарогу азаронкам, а цяпер узначаліў Сталічнае тэлебачанне

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Кірыла Казакова генеральным дырэктарам канала СТБ. Яшчэ нядаўна такое кадравае рашэнне не выклікала б ніякага інтарэса ў назіральнікаў, але цяпер усё не так — па ўзроўні трэшу ў тэлеэфіры СТБ па-за канкурэнцыяй.

Дык хто такі Кірыл Казакоў?

Яму 41 год, у сталіцу Казакоў прыехаў ужо пасля вучобы на магілёўскім гістфаку: там быў факультэт дадатковых прафесій, дзе Казакову па сумяшчальніцтве выкладалі яшчэ і журналістыку.

Яго добра памятаюць гледачы БТ пачатку двухтысячных — малады Казакоў вёў самую папулярную праграму беларускай вытворчасці: «Зона Х». Дыктар зачытваў крымінальную хроніку з аператыўных зводак пад адпаведны відэашэраг.

Тады ж Казакоў вельмі зблізіўся з работнікамі сілавых органаў, пачаў захапляцца іх асабістымі якасцямі.

— Я вельмі паважаю нашага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава — у жыцці гэта вельмі добры і адкрыты чалавек. А ведаеце, што міністр надвычайных спраў Валерый Астапаў піша вершы? Цяпер я шчыльна працую з КДБ і пра гэтых людзей магу сказаць, у прынцыпе, тое ж самае, — казаў Казакоў «СБ» у 2003-м.

Пасля зорнага часу ў «Зоне Х» Казакоў на год узначаліў канал «Беларусь-24», які нібыта меўся працаваць на міжнародную аўдыторыю, але ніколі так і не стрэліў.

Затым вярнуўся ў Агенцтва тэленавінаў (АТН) і кіраваў ім. З гледзішча беларускай тэлевізійнай іерархіі начальнік АТН — гэта топавая пазіцыя. З яе трапляюць у крэслы старшыняў праўлення БТ, як, напрыклад, Іван Эйсмант.

Але ў Казакова пасля прызначэння Наталлі Эйсмант прэс-сакратаром Лукашэнкі нешта пайшло не так.

— У АТН ён працаваў даволі прадуктыўна, быў адным з самых талковых топ-менеджараў БТ, але чамусьці яго адтуль адсунулі і адправілі фактычна у высылку на СТБ, хаця ён пачынаў кар'еру на БТ і быў суцэльна іхнім кадрам. У плане іерархіі і і колькасці людзей у падпарадкаванні гэта было паніжэнне, — кажуць знаёмыя з прафесійным шляхам Казакова.

Былыя і цяперашнія работнікі СТБ ацэньваюць фігуру Казакова з двух палярных бакоў. Маўляў, да яго няма пытанняў як да менеджара.

— Ён умее працаваць з калектывам, падпарадкаваў сабе бесталковых менеджараў некаторых службаў, якія і радыя за кожнай драбязой званіць Казакову і раіцца. У плане дысцыпліны і механікі працэсаў работа на СТБ з яго прыходам палепшала, — кажа работнік СТБ.

— Казакоў адмяніў панылыя бессэнсоўныя планёркі, паводзіць сябе аднолькава роўна і з рэдактарам аддзела, і з кіроўцам службовай машыны, нейкай звышсубардынацыі і ўкленчання перад ім няма, ён такога не дапускае, моладзь пра яго адгукаецца таксама добра, — дадае іншы журналіст.

І партрэт Казакова быў бы ледзь не суцэльна белым, калі б не падзеі 2020-га, калі канал стаў авангардам бруду і паклёпаў.

— СТБ не грэбуе ні чым, выдае ў эфір самы бруд, самую чарнуха, самыя агідныя тэксты. Пры Казакове СТБ стаў №1 па паклёпе, маё перакананне — гэты перыяд у дзейнасці канала ў будучыні будзе ацэнены з пазіцый крымінальнага кодэксу, — кажа «Нашай Ніве» адзін са звольненых супрацоўнікаў.

Сапраўды: Азаронак, Арцюх, Пуставы, Мукавозчык — усе гэтыя людзі са сваімі дзікімі тэкстамі з'явіліся ў эфіры пры Казакове.

— Ён лічыць гэта «аўтарскай журналістыкай» і ў нейкай ступені ганарыцца, што даў дарогу такім кадрам, маўляў, так канал становіцца пазнавальным па асобах, — кажа цяперашні супрацоўнік СТБ.

Маўляў, тэксты азаронкаў Казакоў чытае сам, але не правіць: бо там або перапісваць ушчэнт, або пакідаць як ёсць.

У жніўні Казакоў выглядаў разгубленым.

— 17 жніўня, калі людзі прыйшлі пад сцены СТБ, а калектыў выбухнуў, Казакоў стаў гаварыць з людзьмі. Маўляў, ён галасаваў за Лукашэнку, але згодны, што трэба нейкія перамены рабіць, праўда, паступовыя.

Пераконваў, што трэба заставацца працаваць, што ўсё зменіцца, што яму ў Адміністрацыі паабяцалі штодзённыя брыфінгі ў міліцыі, дзе будуць расказваць, як расследуюцца справы аб катаваннях.

Скардзіўся, што нават яго аднагрупнікі пішуць яму брыдкасці ў сацсетках, але, маўляў: «Ну я ж не такі, я тут, з вамі», — дадае былая работніца СТБ, якая не паверыла ў гэтыя расказы і сышла.

Адметна, што Казакоў прабіўся на кіруючую пасаду, не маючы цёплых адносін з Наталляй Эйсмант.

Прызначаючы яго на пасаду, Лукашэнка сказаў: «Так выйшла, што я асабіста ўбачыў вас у справе. Канал вельмі падцягнуўся. Я, напрыклад, ужо амаль не бачу розніцы між СТБ і, як у нас прынята казаць, вядучымі каналамі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(57)